Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫПЕДАГО́ГІКА,
плынь у педагогіцы, якая грунтуецца на адмаўленні выхавання як мэтанакіраванага працэсу фарміравання асобы. Узнікла ў 1970-я г. ў ЗША і краінах Зах. Еўропы. Яе тэарэтыкі [К.Берэйтэр (ЗША), М.Манані (Францыя), А.Мілер (Швейцарыя), Р.Шэрэр, Э. фон Браўнмюль, К.Рутчкі (ФРГ) і інш.] зыходзяць з культ.-антрапал. уяўленняў пра глыбокую раз’яднанасць пакаленняў як непазбежны вынік развіцця сучаснай цывілізацыі, паколькі дарослыя з прычыны хуткіх сац.-культ. змен не могуць перадаць дзецям той тып культуры, які стаў для моладзі рэальнай апорай у жыцці. Прадстаўнікі антыпедагогікі лічаць выхаванне сістэмай траўміруючага кантролю (а то і прамога гвалтавання) над асобай, яно выклікае патагенныя для самасвядомасці асобы працэсы, разбурае псіхічнае здароўе маладога пакалення, якому патрабаванні цывілізацыі не пад сілу. На іх думку, толькі спантаннае фарміраванне чалавека вядзе да гуманізацыі грамадства.
т. 1, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНА-ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў літаратуразнаўстве,
кірунак у навуцы ў 19 — пач. 20 ст. У яго рамках распрацоўваліся метады даследавання гісторыі л-ры і творчасці асобных пісьменнікаў з улікам агульнакультурнага развіцця пэўнага рэгіёна або дзяржавы, прычынна-выніковых узаемасувязей маст. творчасці з геагр., сац,эканам., паліт., псіхал. і інш. фактарамі. Грунтавалася на філасофіі і эстэтыцы пазітывізму, прэтэндавала на пераадоленне эстэт. суб’ектывізму ў аналізе і ацэнцы маст. твораў, імкнулася наблізіць гуманіт. навуку да метадаў матэматыкі і прыродазнаўства. Прыкметы Кг.ш. ёсць у прадстаўнікоў біяграфічнага метаду даследавання л-ры. Яе закончаныя сістэмы стварылі В.Шэрэр (Германія), І.Тэн і Ф.Брунецьер (Францыя), А.М.Пыпін, І.І.Замоцін (Расія) і інш. прадстаўнікі акадэм. навукі і ліберальнай філасофіі. Заслуга К.-г.ш. — устанаўленне залежнасці літ. ідэй і метадаў ад грамадскага развіцця, гістарызм, выкарыстанне параўнальнага метаду даследавання л-ры і фальклору (А.М.Весялоўскі). Набліжаючы л-ру да інш. форм грамадскай свядомасці, прадстаўнікі гэтай школы не заўсёды ўлічвалі яе эстэт. спецыфіку.
Ідэі К.-г.ш. паўплывалі на літ.-маст. крытыку і публіцыстыку Беларусі канца 19 — пач. 20 ст. (літ.-крытычныя матэрыялы на старонках газет «Минский листок», «Северо-Западный край», «Голос провинции», «Минский курьер» і інш.), на канцэпцыю гісторыі нац. л-ры ў газ. «Наша ніва», «Гоман» і інш., часткова на фалькларыстыку (АЯ.Багдановіч, У.М.Дабравольскі, М.В.Доўнар-Запольскі). Паслядоўнікам К.-г.ш. ў сав. час быў Замоцін, які ў бел. перыяд навукова-выкладчыцкай дзейнасці імкнуўся сумясціць яе традыцыі з сацыялагічным метадам.
Літ.:
Тэн И. Философия искусства: Пер. с фр. М., 1933;
Веселовский А.Н. О методе и задачах истории литературы как науки // Собр. соч. СПб., 1913. Т. 1;
Замоцін І.І. Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні. Вып. 1—2. Мн., 1927—28;
Яго ж. Творы: Літ.-крытыч. арт. Мн., 1991;
Гришунин А.Л. Культурно-историческая школа // Академические школы в русском литературоведении. М., 1975.
У.М.Конан.
т. 9, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)