ЦЫ́ТРУСАВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
група вечназялёных раслін роду цытрус сям. рутавых, якія вырошчваюць для атрымання пладоў. Каля 28 відаў: апельсін, грэйпфрут, мандарын, лімон, цытрон, бергамот, лайм, шэдак і інш. Пашыраны ў краінах Міжземнамор’я, Паўд. Азіі і Амерыкі, у т. л. ЗША, Кітаі, Японіі, Індыі, Пакістане, Аўстраліі. Плады Ц.к. вызначаюцца высокімі смакавымі якасцямі, маюць лімонную к-ту, цукры, вітаміны C, P, групы B, карацін. Іх выкарыстоўваюць у свежым і перапрацаваным выглядзе (сок, варэнне, цукаты), у кулінарыі (цэдра). З кветак, лісця і лупін атрымліваюць эфірныя алеі для парфумернай і харч. прам-сці.
т. 17, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫ́ТРУС (Citrus),
род кветкавых раслін сям. рутавых. Каля 15 відаў, большасць — культурныя, палепшаныя многавяковай селекцыяй дзікарослых форм, што цяпер не існуюць. Цэнтр узнікнення роду — Паўд. і Паўд.-Усх. Азія. У дзікім стане захаваліся некалькі відаў, у т. л. Ц. сапраўдны, або кіслы, ці лайм (C. aurantifolia), які расце ў Гімалаях, і танкан (C. tancan) — у лясах в-ва Тайвань. Віды Ц. культывуюць у вільготных тропіках і субтропіках. Вядомы апельсін, грэйпфрут, лімон, мандарын, памяранец, цытрон, бергамот, шэдак і інш. Для атрымання пладоў больш высокай якасці як прышчэпу выкарыстоўваюць трыфаліяту.
Вечназялёныя дрэвы, радзей кусты выш. 4—12 (20) м. Лісце ад яйцападобнага да ланцэтнага, у пазухах — калючкі. Кветкі двухполыя, духмяныя, звычайна ў шчыткападобных суквеццях. Плады (гесперыдыі) сакаўныя, са шчыльнай скуркай, у многіх відаў ядомыя, маюць лімонную к-ту, вітамін С (больш за 60 мг%), карацін, цукры і інш.; спажываюць у свежым і перапрацаваным выглядзе, разам з кветкамі выкарыстоўваюць у эфіраалейнай і харч. прам-сці; драўніна ідзе на дробныя вырабы.
т. 17, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)