Шопран

т. 17, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЬЁР (Györ),

горад на ПнЗ Венгрыі. Адм. ц. медзье Дзьёр-Шопран. Узнік на месцы стараж.-рым. паселішча Арабона. 130,9 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт пры ўпадзенні р. Раба ў суднаходную пратоку р. Дунай. Машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць партальных кранаў, канструкцый мастоў, пад’ёмна-трансп. абсталявання, с.-г. машын, вагона- і дызелебудаванне), прам-сць тэкст., харч., хім. (вытв-сць сінт. скуры), дрэваапрацоўчая. Музеі. Сабор (12—19 ст.), цэрквы ў стылі барока.

т. 6, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́НСКІ ((Kamieński) Мацей) (13.10.1734, г. Шопран, Венгрыя — 25.1.1821),

польскі кампазітар. З 1760 выкладаў ігру на фп. і спевы, служыў капельмайстрам у Варшаве. Аўтар 8 опер, у т. л. першай польскай «Ашчасліўленае жабрацтва» (1778) з шырокім выкарыстаннем нац. муз. фальклору, «Зоська, або Сельскія залёты», пастаральнай «Дабрадзейная прастата» (абедзве 1779). Сярод інш. твораў: опера «Султан Вампун» (1795), 2 вадэвілі на лібрэта Ф.Заблоцкага («Памешчыцкі баль», 1780, і «Жоўты чапец, або Калядкі на Новы год», 1788), «Драматычная кантата» (1788), зінгшпілі, месы, араторыі, паланэзы. Аўтар трактата па ранняй польскай оперы.

т. 7, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,

наступальная аперацыя войск 2-га і 3-га Украінскіх франтоў 16.3—15.4.1945 у 2-ю сусв. вайну.

Сав. войскі пачалі Венскую аперацыю пасля завяршэння Балатонскай абарончай аперацыі 1945. Акрамя войск 3-га (Маршал Сав. Саюза Ф.І.Талбухін) і 46-й арміі 2-га (Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі) Укр. франтоў у аперацыі ўдзельнічала Дунайская ваен. флатылія. Гал. ўдар наносіўся ў напрамку на Папу, Шопран, Вену. З Пн на Браціславу наступала 7-я гвардз. армія. Сав. войскам процістаялі ням. група армій «Поўдзень» і частка сіл групы армій «Ф». 16 сак. — 4 крас. сав. войскі прарвалі ням. абарону і выйшлі да Вены — 5—13 крас. венская групоўка праціўніка (8 танк., 1 пях. дывізіі, да 15 асобных батальёнаў) была разгромлена. 13 крас. Вена вызвалена ад гітлераўскіх войск.

У выніку Венскай аперацыі сав. войскі ўзялі ў палон 130 тыс. чал., захапілі і знішчылі 1345 танкаў і штурмавых гармат, больш за 2250 гармат і мінамётаў; поўнасцю разбілі 11 ням. дывізій, у т. л. 6-ю армію СС; стварылі ўмовы для вызвалення Чэхаславакіі, паскорылі вызваленне Югаславіі.

т. 4, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТ ((Liszt) Ферэнц) (Франц; 22.10. 1811, Добар’ян, каля г. Шопран, Венгрыя — 31.7.1886),

венгерскі кампазітар, піяніст, дырыжор, педагог, муз. пісьменнік. Вучыўся ў К.Чэрні, А.Сальеры, Ф.Паэра і А.Рэйхі. У 1823—35 жыў у Парыжы, дзе набыў вядомасць як піяніст-віртуоз, пачаў пед. і кампазітарскую дзейнасць, у 1835—39 — у Швейцарыі і Італіі, дзе залажыў асновы сучаснага канцэртнага піянізму. Яго выканальніцкі стыль вызначалі сінтэз рацыянальнага і эмацыянальнага, спалучэнне яскравасці і кантрасту вобразаў з драматызмам, маляўнічасць гучання і віртуозная тэхніка, арк.-сімф. трактоўка фп. З канца 1830-х г. гастраліраваў па краінах Еўропы. У 1848—58 прыдворны капельмайстар у Веймары. Як дырыжор паставіў у Веймарскім т-ры больш за 40 опер, у т. л. оперы Р.Вагнера, выканаў у сімф. канцэртах усе сімфоніі Л.Бетховена, сімф. творы Г.Берліёза, Р.Шумана, М.Глінкі і інш., узначаліў т.зв. веймарскую школу. З 1861 жыў у Рыме, Будапешце і Веймары. Пастаянна падтрымліваў сувязі з Венгрыяй (з 1875 прэзідэнт заснаванай ім Муз. акадэміі ў Будапешце, цяпер Нац. венг. муз. акадэмія імя Л.). Стваральнік першых узораў венг. нац. муз. класікі, адзін з найб. яркіх прадстаўнікоў еўрап. муз. рамантызму. Найб. значныя яго дасягненні ў галіне інстр. музыкі. Вызначальныя прынцыпы наватарскай творчасці Л. — праграмнасць і звязаны з ёю монатэматызм. Абнавіў жанр фантазіі і транскрыпцыі, стварыў новы муз. жанр — адначасткавую сімф. паэму, новы тып канцэрта і санаты (адначасткавыя з рысамі цыклічнасці). Узбагаціў сродкі гармоніі і аркестроўкі, увёў у фп. п’есах новыя прынцыпы фактурнага выкладання. Паглыбіў сувязі музыкі з л-рай, першы звярнуўся да твораў жывапісу і скульптуры як да крыніцы праграмных задум. У яго творах арганічны сплаў нар.-венг. вытокаў (вербункаш) і дасягненняў еўрап. прафес. музыкі. Творчасць Л. адыграла вял. ролю ў станаўленні венг. нац. муз. школы і ў развіцці сусв. муз. культуры.

Сярод твораў: опера «Дон Санча, або Замак кахання» (паст. 1825); араторыі «Легенда пра св. Лізавету» (1862), «Хрыстос» (1866) і інш.; месы «Эстэргамская» («Гранская», 1855), «Венгерская каранацыйная» (1867); кантаты; Рэквіем (1868); для аркестра «Фауст-сімфонія» (паводле І.В.Гётэ, 1857); сімфонія да «Боскай камедыі» Дантэ (1856), 13 сімф. паэм (1849—82), у т. л. «Мазепа» (паводле В.Гюго, 1851), «Прэлюды» (паводле Ж.Атрана і А.Ламарціна), «Арфей», «Таса» (усе 1854), «Праметэй» (паводле І.Гердэра, 1855); 2 эпізоды з «Фауста» Н.Ленаў (1860) і інш.; для фп. з арк. — 2 канцэрты (1856, 1861), «Скокі смерці» (1859), Фантазія на венг. нар. тэмы (1852) і інш.; для фп. — саната h-moll (1853); цыклы п’ес «Паэтычныя і рэлігійныя гармоніі» (паводле А.Ламарціна), «Гады вандраванняў» (3 сшыткі); 2 балады, 2 легенды, 19 «Венгерскіх рапсодый»; «Венгерскія гістарычныя партрэты»; «Іспанская рапсодыя»; «Эцюды найвышэйшага выканальніцкага майстэрства», канцэртныя эцюды, варыяцыі, п’есы ў танц. форме, маршы і інш.; для голасу з фп. — песні і рамансы (каля 90) на словы Г.Гейнэ, Гётэ, Гюго, М.Лермантава і інш., інстр. п’есы, камерна-інстр. ансамблі, транскрыпцыі (пераважна для фп.) уласных твораў і інш. кампазітараў («Эцюды па капрысах Паганіні»).

Літ. тв. : Рус. пер. — Ф.Шопен. 2 изд. М.,1956; Избр. статьи. М.,1959.

Літ.:

Зилоти А. Мои воспоминания о Ф.Листе // Зилоти А. Воспоминания и письма: Пер. с венг. Л., 1963;

Мильштейн Я. Ф.Лист. Т. 1—2. 2 изд. М., 1971;

Крауклис Г.В. Симфонические поэмы Ф.Листа. М., 1974;

Цуккерман В.А. Соната си минор Ф.Листа. М., 1984;

Гаал Д.Ш. Лист: Пер. с венг. М., 1986.

Ф.Ліст.

т. 9, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)