Ухванава-Шмыгава Ірына Фролаўна

т. 16, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МААСТРЫ́ХЦКІ ДАГАВО́Р 1992,

дагавор краін-удзельніц Еўрапейскіх эканамічных супольнасцей аб стварэнні Еўрапейскага саюза (ЕС), падпісаны ў г. Маастрыхт (Нідэрланды) 7.2.1992 дванаццаццю краінамі (Францыя, Германія, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург, Вялікабрытанія, Данія, Ірландыя, Грэцыя, Іспанія, Партугалія). У 1995 да дагавора далучыліся Швецыя, Фінляндыя, Аўстрыя. Асн. мэтай М.д. было ўсебаковае паглыбленне інтэграцыі ў паліт., эканам., валютнай, сац. і інш. сферах, узмацненне грашовых сувязей краін-удзельніц ЕС і стварэнне агульнай грашовай адзінкі (еўра, уведзена з 1999).

Л.​І.​Шмыгава.

т. 9, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ВАЛЮ́ТНЫ САЮ́З,

форма інтэграцыі краін-членаў Еўрапейскага саюза (ЕС) у валютна-фін. сферы. Рашэнне аб стварэнні саюза абвешчана Маастрыхцкім дагаворам 1992. План паэтапнага пераходу да Е.в.с. прадугледжваў «эканамічную канвергенцыю» і стабілізацыю валютных курсаў, абмежаванне інфляцыі і доўгатэрміновых працэнтных ставак. нац. запазычанасці і межаў дэвальвацыі нац. валют. Яго рэалізацыя прадугледжвае стварэнне ў 1998 Еўрап. цэнтр. банка, у якім будуць прадстаўлены нац. цэнтр. банкі, і ўвядзенне ў абарачэнне адзінай грашовай адзінкі з 1.1.1999 ва ўсіх краінах ЕС.

Л.​І.​Шмыгава.

т. 6, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ВАЛЮ́ТНАЯ СІСТЭМА (European Monetary System; ЕВС),

арганізацыйна-эканамічная форма адносін шэрагу краін Еўрапейскіх супольнасцей (з 1.11.1993 Еўрапейскага саюза) у валютнай сферы; рэгіянальная валютная сістэма ў структуры сусв. валютнай сістэмы. Створана ў 1979 з мэтай абмежаваць уплыў ваганняў курсу амер. долара (яго «плаваючы курс» уведзены ў 1971) на эканоміку краін, якія ўвайшлі ў ЕВС, забяспечыць устойлівыя суадносіны курсаў еўрап. валют для правядзення адзінай палітыкі стабілізацыі валютнай сферы і згладжвання вынікаў ваганняў курсаў валют. Уключае ўстанаўленне рамак ваганняў найб. слабых і найб. моцных валют краін — удзельніц ЕВС і межаў ваганняў для кожнай пары валют, увядзенне Еўрапейскай валютнай адзінкі (ЭКЮ); механізм аказання крэдытнай і фін. дапамогі для падтрымкі курсу валюты ў межах узгодненага дыяпазону адхілення. У адносінах да валют краін, якія не ўваходзяць у ЕВС, ажыццяўляецца рэжым «плаваючага» валютнага курсу.

Л.​І.​Шмыгава.

т. 6, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)