ВАЙНА́ РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ СА ШВЕ́ЦЫЯЙ 1600—29,
вайна за панаванне на Балтыйскім моры. Кароль польскі і вял. кн. ВКЛ Жыгімонт III Ваза, які адначасова быў каралём шведскім, у 1599 лютэранскай апазіцыяй Швецыі быў пазбаўлены трона. У 1600 Жыгімонт III уключыў Эстляндыю ў склад Рэчы Паспалітай, што стала зачэпкай для вайны. У Кірхгомльскай бітве 27.9.1605 пад Рыгай вызначылася войска ВКЛ на чале з гетманам польным Я.К.Хадкевічам. У 1606 флот Рэчы Паспалітай атрымаў перамогу над шведамі ў бітве каля п-ва Хэль. У 1609 войскі Хадкевіча ўзялі г. Пярну, атрымалі перамогу каля Рыгі і ваен. дзеянні прыпыніліся. У 1617 ваен. дзеянні аднавіліся, шведы занялі Пярну. У 1621 шведскі кароль Густаў II Адольф заняў б.ч. Інфлянтаў з Рыгай, пазней Мітаву (Елгаву), якую ў 1622 вярнуў гетман польны К.Радзівіл. У 1625 Густаў II Адольф распачаў наступленне на незанятай ім ч. Інфлянтаў і на Жамойцію. Войску ВКЛ удалося адстаяць г. Дынабург (Даўгаўпілс). Ваен. дзеянні былі перанесены ў Прусію і далей у Германію. Войскі Рэчы Паспалітай атрымалі перамогі на моры каля Алівы (1627) і на сушы каля Тшцяны (1629), але шведы занялі ўсю Прусію. Паводле дагавора аб перамір’і [падпісаны 26.9.1629 у г. Альтмарк (Новы-Тарг)] большасць балтыйскіх партоў і Інфлянты да Зах. Дзвіны адышлі Швецыі. У Рэчы Паспалітай засталіся парты Каралевец (Кёнігсберг), Гданьск і Пуцк. Канчатковы мір падпісаны ў 1635, калі швед. войска выйшла з тэр. Прусіі, васальнай у адносінах да Польшчы.
А.П.Грыцкевіч.
т. 3, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Шве́цыя
назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне
|
адз. |
| Н. |
Шве́цыя |
| Р. |
Шве́цыі |
| Д. |
Шве́цыі |
| В. |
Шве́цыю |
| Т. |
Шве́цыяй Шве́цыяю |
| М. |
Шве́цыі |
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
КАРДЫ́СКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1661 Падпісаны паміж Расіяй і Швецыяй 1 ліп. ў мяст. Кардыс
(цяпер Кярдэ каля г. Тарту, Эстонія). Канчаткова завяршыў рас.-швед. вайну 1656—58. Апынуўшыся ў неспрыяльных умовах (шэраг паражэнняў ад войск Польшчы і ВКЛ, заключэнне Аліўскага міру 1660 паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй),
Расія ў абмен на згоду Швецыі не дапамагаць Рэчы Паспалітай у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 саступала Швецыі гарады, якія раней утрымлівала паводле Валіесарскага дагавора 1658 і пагаджалася на аднаўленне рас.-швед. мяжы, устаноўленай Сталбоўскім мірам 1617 (без выхаду да Балтыйскага м.). У 1683 дагавор пацверджаны без змен.
т. 8, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙДА́НСКІ ДАГАВО́Р 1655,
пагадненне пра аб’яднанне ВКЛ са Швецыяй. Заключаны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у Кейданах (Жамойць) па ініцыятыве вял. гетмана ВКЛ Я.Радзівіла. Калі побач з маск. войскам у вайну супраць Рэчы Паспалітай уступіла і Швецыя (гл. Паўночная вайна 1655—60), Радзівіл летам 1655 абвясціў пра гатоўнасць прызнаць швед. караля Карла X Густава вял. князем ВКЛ. У Рыгу выехаў пасол ВКЛ Г.Любянецкі прасіць пратэкцыі і ваен. дапамогі. Быў прывезены праект пагаднення, падпісаны ў Кейданах 17 жн. Радзівілам, вольным гетманам ВКЛ В.А.Корвін-Гасеўскім, іерархамі каталіцкай царквы і многімі ваен. чынамі (436 чал.). Большасць шляхты не прыняла дакумент і заставалася на баку караля Яна II Казіміра. Пагадненне прадугледжвала аб’яднанне (унію) ВКЛ са Швецыяй на роўных правах. Унія ВКЛ з Польшчай аўтаматычна касавалася. Шведскі кароль абавязаўся выгнаць з ВКЛ маск. войска. З прычыны разладу ў лагеры прыхільнікаў дагавора 20 кастр. прыняты новы варыянт дакумента, які прадугледжваў у асн. тыя ж умовы аб’яднання ВКЛ са Швецыяй. У выніку К.д. Швецыя ўзяла пад ахову сваіх узбр. сіл частку зах. зямель ВКЛ. Пасля смерці гал. ініцыятара дагавора Радзівіла ў крас. 1656 у Жамойці адбылося антышведскае паўстанне. Шведская адміністрацыя і войска адышлі ў Інфлянты, К.д. канчаткова страціў сілу.
Г.М.Сагановіч.
т. 8, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БАСКІ МІ́РНЫ ТРАКТА́Т 1743.
Падпісаны паміж Расіяй і Швецыяй у г. Аба (сучасны Турку, Фінляндыя). Завяршыў рус.-швед. вайну 1741—43, якая скончылася паражэннем Швецыі. Пацвердзіў умовы Ніштацкага мірнага дагавора 1721. Устанавіў рус.-швед. мяжу па р. Кюмене (цяпер Кюмі-Іокі, Фінляндыя).
т. 1, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎЧЫНСКІЯ,
княжацкі род герба «Ляліва» ў ВКЛ. Родапачынальнікам лічаць кн. Мікіту Рапалоўскага. Зваліся таксама Галоўчынскімі-Мікіцінічамі. Валодалі Галоўчынам (адсюль прозвішча), Княжычамі, Водвай, Езднай і інш. Род згас у 1658. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Мацей Мікітавіч (каля 1470 — пасля 1536), сын Мікіты. У ВКЛ прыехаў у 1495 як сакратар дачкі Івана III Алены Іванаўны. Атрымаў маёнтак Княжычы каля Галоўчына і інш. Са сваіх маёнткаў выстаўляў у войска ВКЛ 79 вершнікаў. Яраслаў Мацеевіч (каля 1510—67), маршалак каралеўскі (1549), староста ковенскі (1567). Шчасны Яраславіч (?—1610 або 1611), дзяржаўца любашанскі, кашталян мінскі (1600). Аляксандр Яраславіч (каля 1570 — 12.5.1617), кашталян жамойцкі (1604), староста лідскі (1607), ваявода мсціслаўскі (1614). Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29. Канстанцін Яраславіч (?—1620), кашталян мсціслаўскі (1613). Ян (каля 1570—22.1.1631), чашнік ВКЛ (1624), удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29.
т. 4, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1655—60,
вайна Швецыі і яе саюзнікаў (Брандэнбург і Трансільванія) супраць Рэчы Паспалітай, пазней таксама супраць Аўстрыі, Даніі, Брандэнбурга і Галандыі. Імкнучыся авалодаць пруска-літ. узбярэжжам Прыбалтыкі, якое належала Рэчы Паспалітай, шведскі кароль Карл X Густаў (гл. ў арт. Карл, імя каралёў Швецыі) у ліп. 1655 напаў на Польшчу. Вайна пачалася ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. За паўгода шведы захапілі большую частку тэр. Польшчы і Жамойць (гэты перыяд вайны ў гістарыяграфіі Польшчы вядомы пад наз. «Патоп»). Кароль Ян II Казімір выехаў з краіны. Паражэнні Рэчы Паспалітай у войнах са Швецыяй і Расіяй падштурхнулі «сепаратысцкую» партыю ВКЛ на чале з Я.Радзівілам падпісаць Кейданскі дагавор 1655, паводле якога ВКЛ парывала дзярж. унію з Польшчай і заключала яе са Швецыяй. У студз. 1656 саюз са Швецыяй заключыў брандэнбургскі курфюрст і прускі герцаг Фрыдрых Вільгельм. Акупацыя Польшчы шведамі выклікала шырокае нар. супраціўленне і партыз. барацьбу, да якой далучылася і шляхта. Аднавіла ваен. дзеянні польская армія. Каронныя гетманы С.Патоцкі і С.Лянцкаронскі адступілі ад прысягі шведскаму каралю і арганізавалі канфедэрацыю ў Тышкоўцах, якая пасля вяртання Яна II Казіміра ператварылася ў генеральную канфедэрацыю. Нягледзячы на паражэнне польскіх войск пад камандаваннем С.Чарнецкага пад Голамбам 17—18.2.1656, хутка настаў пералом. Гал. сілы Карла X Густава трапілі ў акружэнне ў сутоках рэк Сан і Вісла, а войска, што ішло яму на дапамогу, 7.4.1656 разбіта пад Варкай. 1 ліп. вызвалена Варшава. Пасля паражэння 8 кастр. арміі Фрыдрыха Вільгельма пад Просткамі шведскі кароль выступіў з праектам падзелу Рэчы Паспалітай паміж Швецыяй, Брандэнбургам, Трансільваніяй, укр. казакамі і Б.Радзівілам. Аднак пачынаючы з 1-й пал. 1657 шведаў сталі паступова выцясняць з Польшчы. На бок Рэчы Паспалітай стаў імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Леапольд I (май 1657) і перайшоў Фрыдрых Вільгельм (Вяляўска-Быдгашчцкія трактаты вер.—ліст. 1657). 11.6.1657 вайну Швецыі аб’явіў дацкі кароль Фрэдэрык III, які, аднак, пацярпеў паражэнні: шведы занялі Ютландыю і высадзіліся на дацкія астравы. Данія і Швецыя падпісалі мір (8.3.1658 у Раскіле), паводле якога Швецыя атрымала паўвостраў Сконе і інш. дацкія ўладанні ў Скандынавіі. У жн. 1658 Карл X Густаў парушыў мір і аблажыў Капенгаген. На дапамогу датчанам прыйшлі аўстрыйскія, брандэнбургскія, польскія (на чале з Чарнецкім) войскі і галандскі флот. Правал шведскага штурму Капенгагена ў лют. 1659 і канчатковае выгнанне шведаў з Польшчы вырашылі зыход вайны. Смерць Карла X Густава аблегчыла мірныя перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем Аліўскага міру 1660 паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай і Капенгагенскага міру 1660 паміж Швецыяй і Даніяй. Швецыя захавала тэрытарыяльныя набыткі, прадугледжаныя Раскільскім дагаворам (за выключэннем некаторых пунктаў). Кароль польскі і вял. кн. літ. Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на шведскі трон. Рэч Паспалітая прызнала шведскія заваяванні ў Інфлянтах на Пн ад Дзвіны; Курляндскае і Земгальскае княства і Інфлянцкае ваяв. засталіся ў Рэчы Паспалітай як сумеснае ўладанне Польшчы і ВКЛ.
Літ.:
Szełągowski A. Sprawa północna w wiekach XVI i XVII. Cz. 3. Warszawa, 1905;
Яго ж. Walka o Bałtyk. 2 wyd. Lwów, 1921;
Konopczyński W. Polska a Szwecja od pokoju oliwskiego do upadku Rzeczypospolitej 1660—1795. Warszawa, 1924;
Polska w okresie drugiej wojny północnej 1655—1660: Mapy i szkice. Warszawa, 1957;
Wojna polsko-szwedzka 1655—1660. Warszawa, 1973.
т. 12, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЖО́РСКАЯ ЗЯМЛЯ́, Іжора,
гістарычная тэрыторыя народнасці іжора па берагах Нявы і ўзбярэжжы Фінскага заліва. У 13—15 ст. падпарадкавана Ноўгараду. У 1478 далучана да Маскоўскага княства. Пасля Лівонскай вайны (у 1581—90) і ў выніку інтэрвенцыі пач. 17 ст. зах. частка І.з. (гарады Капор’е, Івангорад з паветамі) захоплена Швецыяй. Вернута Расіі ў час Паўночнай вайны 1700—21.
т. 7, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛЬСТА́ДСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1905.
Падпісаны паміж Швецыяй і Нарвегіяй 26 кастр. ў г. Карльстад (Швецыя) пасля папярэдніх двухбаковых перагавораў (праходзілі 31.8—23.9.1905) і ўхвалення парламентамі абедзвюх краін. Аформілі скасаванне швед.-нарв. уніі 1814—1905, вызначылі цэласнасць тэр. Нарвегіі, стварэнне нейтральнай пагран. зоны, умовы бяспошліннага транзіту тавараў для Швецыі праз тэр. Нарвегіі, пацвердзілі правы качавання шведскіх саамаў на нарв. землях і інш.
т. 8, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТНІ́ЧНЫ ЗАЛІ́Ў (швед. Bottniska viken, фін. Pohjanlahti),
паўночная частка Балтыйскага м., паміж Швецыяй і Фінляндыяй. Злучаецца з адкрытым морам пралівам Сёдра-Кваркен паміж Аландскімі а-вамі і берагам Швецыі. Пл. 117 тыс. км². Даўж. 668 км, шыр. да 240 км. Найб. глыб. 290 м. Шэраг невял. астравоў — шхераў. Зімой замярзае. Прылівы мяшаныя, на Пн сутачныя (да 0,1 м). Гал. парты: Васа, Оўлу, Поры (Фінляндыя), Лулео, Умее (Швецыя).
т. 2, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)