Чечет Ю. С. 7/193

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПУБЛІЦЫСТЫ́ЧНЫ СТЫЛЬ,

адзін з кніжных стыляў мовы, які выкарыстоўваецца ў газетах, грамадска-паліт. і літаратурна-мастацкіх часопісах, у агітацыйна-прапагандысцкіх выступленнях, на радыё і тэлебачанні. Асн. жанры: рэпартаж, нарыс, нататка, інтэрв’ю, памфлет, хроніка, фельетон. Выконвае 2 асн. функцыі: інфарматыўную і ўплывовую. Яму ўласцівы: дакументальна-факталагічная дакладнасць, лагічнасць, накіраванасць на чытача (слухача), вобразнасць, экспрэсіўнасць, выразнасць. Тэматычна неабмежаваны, таму ў ім выкарыстоўваюцца разнастайныя моўныя адзінкі: грамадска-паліт. лексіка і фразеалогія, ацэначныя словы, прыказкі, прымаўкі, крылатыя словы, сінтакс. канструкцыі з ярка выражанай экспрэсіяй (рытарычныя пытанні, звароты, паўторы, сказы-заклікі) і інш. У П.с. могуць быць выкарыстаны моўныя сродкі інш. стыляў.

Літ.:

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992;

Костомаров В.Г. Языковой вкус эпохи. М., 1994;

Плещенко Т.П., Федотова Н.В., Чечет Р.Г. Основы стилистики и культуры речи. Мн., 1999.

Р.​Р.​Чэчат.

т. 13, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМО́ЎНЫ СТЫЛЬ,

адзін з функцыянальных стыляў мовы, які абслугоўвае сферу нязмушаных зносін людзей у побыце, сям’і, а таксама сферу неафіц. вытв. зносін. Асн. форма рэалізацыі Р.с. — вуснае дыялагічнае маўленне. Размоўнае выказванне заўсёды непасрэднае, натуральнае, непадрыхтаванае, часта яму ўласцівы экспрэсіўнасць, эмацыянальнасць, ацэначная рэакцыя. На яго структуру ўплываюць абставіны маўленчых зносін, сітуацыя, а таксама невербальныя сродкі камунікацыі (жэсты, міміка, характар узаемаадносін субяседнікаў і г.д.).

Р.с. мае своеасаблівасці на ўсіх моўных узроўнях: у фанетыцы — рэдукцыя ненаціскных галосных, аслабленае вымаўленне ці выпадзенне зычных («тышча», «Іван Іваныч»), выкарыстанне розных тыпаў інтанацыі; у лексіцы — стылістычна зніжаная, прастамоўная лексіка і фразеалогія, дыялектныя і жаргонныя словы («жмінда», «забягалаўка», «валтузіцца»); у словаўтварэнні — асобныя словаўтваральныя афіксы і спосабы ўтварэння слоў («гульбішча». «кампашка», «жытуха»); у сінтаксісе — спрошчанасць, перарывістасць, экспрэсіўнасць, частае ўжыванне няпоўных, эліптычных сказаў, сказаў-слоў, усечаных словазлучэнняў. У Р.с. найб. частотныя займеннікі і дзеясловы, вельмі мала дзеепрыметных і дзеепрыслоўных словазлучэнняў, часта ўжываюцца часціцы, выклічнікі. Уласціва выкарыстанне выяўл. сродкаў, якія маюць яркую эмацыянальна-экспрэсіўную накіраванасць (гіпербалы, літоты, параўнанні, метаніміі).

Літ.:

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992;

Плещенко Т.П., Федотова Н.В., Чечет Р.Г. Основы стилистики и культуры речи. Мн., 1999.

Р.​Р.​Чэчат.

т. 13, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)