Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
КАТАГЕНЕ́З (ад грэч. kata уніз + ...генез),
кірунак эвалюцыі, які прыводзіць да агульнага недаразвіцця і спрашчэння будовы арганізма дадзенай групы. Звязаны з пераходам у спрошчанае экалагічнае асяроддзе (напр., сядзячы спосаб жыцця, паразітызм і інш.). Прыводзіць да агульнага зніжэння морфафізіял. арганізацыі, дэзінтэграцыі, дэгенерацыі і рэдукцыі некат. органаў і іх сістэм (катамарфоз). Абумоўлены экалагічнымі і генет. аспектамі рэгрэсіўнай эвалюцыі. Напр., групы, якія зведалі К.: абалоннікі, імшанкі, калаўроткі, падводныя кветкавыя расліны, тлі, чарвяцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТАЗІ́ДЫ (Ortheziidae),
чарвяцы, група найб. прымітыўных хобатных насякомых атр. раўнакрылых. Больш за 1,6 тыс. відаў. Жывуць пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі кашаніль польская занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. ад некалькіх мм да 1 см. На целе ў маладых і дарослых спінны шчыт з воска- і смолападобных рэчываў сакрэту скурных залоз. Галава звычайна з добра развітымі вусікамі і вачамі. Ногі адна- або двухчленікавыя з кіпцюром на канцы. Лічынкі («бадзяжкі»), выходзячы з-пад матчынага шчытка або яйцавага мяшка распаўзаюцца ў розных напрамках ці пераносяцца ветрам. Жывуць на раслінах, кормяцца іх сокам. Рэзка выяўлены палавы дымарфізм. Самка бяскрылая, лічынкападобная, самцы крылатыя. Многія з мучністых артазідаў — шкоднікі раслін, асабліва субтрапічных (напр., цытрусавых). Ёсць каштоўныя: артазіды лакавыя даюць ізаляцыйны матэрыял шэлак, кермесы — чырв. фарбу кармін. Некаторыя ахоўваюцца.