Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЧКІ (Sternidae),
сямейства птушак атр. сеўцападобных. 10 родаў, 43 віды. Пашыраны ўсюды. Жывуць на водмелях, вадаёмах, якія зарастаюць, некаторыя трапічныя К. (роды Anous і Cygis) — на кустах і дрэвах. К. палярная (Sterna paradisaea) робіць самыя далёкія сярод усіх вандруючых жывёл міграцыі — з Арктыкі ў Антарктыду і пакрывае двойчы за год адлегласць каля 20 тыс.км. На Беларусі 6 відаў; найб. пашыраная — К. чорная (Chlidonias nigra), самая вял. па памерах — К. чаграва (Hydroprogne caspia), К. белашчокая (Ch. hybridus), К. белакрылая (Ch. leucoptera), К. рачная (S. hirundo), К. малая (S. albifrons). 2 віды і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП, К. малая — у Чырв. кнізе Беларусі.
Даўж. да 55 см, размах крылаў да 135 см, маса да 700 г. Крылы доўгія, вузкія. хвост вілападобны. дзюба доўгая, простая. Ногі кароткія Афарбоўка ў асн. белая, з шызай мантыяй і чорнай шапачкай, некаторыя цалкам або зверху бурыя. Трымаюцца чародкамі. Кормяцца дробнымі жывёламі. Гняздуюцца калоніямі. Нясуць да 4 яец.