Хэлм

т. 17, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Chełm

м. г. Хэлм

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

КО́ПАЦЬ (Юзаф) (16.5.1762, Пінскі пав. — 1827),

бел. мемуарыст-падарожнік. Удзельнік паўстання 1794. У пач. 1794 для злучэння з гал. войскам Т.​Касцюшкі прывёў з-пад Вільні сваю кав. часць, за што ўзнагароджаны залатым пярсцёнкам з надпісам «Айчына — свайму абаронцу». Вызначыўся ў бітве каля г. Хэлм і пры абароне Варшавы. У бітве пад Мацяёвіцамі быў паранены, трапіў у палон, прыгавораны ваен. судом да ссылкі на Камчатку. Амнісціраваны імператарам Паўлам I, у канцы 1790-х г. вярнуўся на радзіму. Свае ўражанні ад знаходжання на Камчатцы і падарожжа па Еўразійскім мацерыку апісаў у «Дзённіку падарожжа...» (нап. каля 1810, выд. 1837).

Літ.:

Худзиковская Я., Ястер Я. Люди великой отваги: Пер. с пол. М., 1957. С. 76—96.

В.​І.​Ярмоленка.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКІ КАМІТЭ́Т НАЦЫЯНА́ЛЬНАГА ВЫЗВАЛЕ́ННЯ (ПКНВ),

часовы орган улады на тэр. Польшчы, якая была занята сав. войскамі ў 1944. Створаны 21.7.1944 пасля перагавораў у Маскве прадстаўнікоў Краёвай Рады Нарадовай (КРН) з сав. урадам. Старшыня ПКНВ — Э.​Асубка-Мараўскі, намеснікі — В.Л.Васілеўская і А.​Вітас. Уключаў членаў Польскай рабочай партыі, Польскай сацыялістычнай партыі і інш. левых партый. 22.7.1944 у г. Хэлм быў выдадзены маніфест ПКНВ, які абвясціў Польскі ўрад у эміграцыі самачынным, а адзінай легальнай крыніцай улады ў Польшчы — КРН, якая дзейнічала на аснове канстытуцыі 1921. У далейшым знаходзіўся ў г. Люблін. 26.7.1944 падпісаў з сав. урадам пагадненне аб прызнанні сав.-польскай мяжы паводле «Керзана лініі». 1.8.1944 сав. ўрад прызнаў ПКНВ як адзіны афіц. ўрад Польшчы. У вер. 1944 ПКНВ абвясціў аб правядзенні аграрнай рэформы і нацыяналізацыю буйной прам-сці. 31.12.1944 ператвораны ў часовы ўрад Польскай Рэспублікі.

т. 12, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКЕ́ВІЧ (Арсень Іванавіч) (12.4.1855, г. Брэст — 18.1.1942),

архівіст, літаратуразнавец. Чл.-кар. АН СССР (1927). Скончыў Варшаўскі ун-т (1876). Выкладаў у гімназіях г. Холм (цяпер Хэлм, Польшча) і г. Шаўлі (цяпер Шаўляй, Літва), у 1883—1907 у мужчынскай і жаночай гімназіях г. Сімферопаль. У 1885 зрабіў падарожжа ў Грэцыю, Егіпет, Палесціну. З 1908 старшыня Таўрыдскай вучонай архіўнай камісіі. Спрыяў адкрыццю Сімферопальскага ун-та (1918), у якім выкладаў (праф.). Аўтар працы «Юрый Крыжаніч і яго літаратурная дзейнасць» (1876). Даследчык гісторыі Таўрыды (Крыма): «Таўрычаская губерня ў час Крымскай вайны. Па архіўных матэрыялах» (1905), «Тапаніміка Крыма», «Сімферопаль, яго гістарычныя лёсы, даўніна і нядаўняе мінулае» (абедзве 1924) і інш. Сістэматызаваў навук. працы («Taurica — Спроба паказальніка твораў пра Крым») і маст. творы («Крым у рускай паэзіі») пра Крым.

Тв.:

Таврическая губерния во время Крымской войны: По архивным материалам. Симферополь, 1994.

Літ.:

Гардзіцкі А. Яго паклікала Таўрыда // Культура. 1999. 13—19 лют.

А.​К.​Гардзіцкі.

т. 10, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БЛІНСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Lubelskie),

адм.-тэр. адзінка на Пд Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 25 тыс. км². Нас. 2,2 млн. чал. (1999), гарадскога 49%. Адм. цэнтр — г. Люблін. Найб. гарады: Хэлм, Замасць, Бяла-Падляска, Пулавы. Цэнтр. ч. ваяводства займае Люблінскае ўзв., на ПнЗ размешчана ўсх. ўскраіна Мазавецкай нізіны, на ПнУ — Люблінскае Палессе, на Пдузв. Разточэ. Карысныя выкапні: каменны вугаль, вапнякі, мергель, торф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -3 °C да -4,5 °C на ПнУ, ліп. 17,5—18,5 °C. Ападкаў за год ад 500 мм на Люблінскім Палессі да 700—800 мм на Разточэ. Гал. р. Вісла з прытокамі Буг і Вепш. Канал Вепш—Кшна. Глебы падзолістыя, балотныя, бурыя, чарназёмныя. Пад лесам каля 22% тэрыторыі. Гаспадарка мае агр,прамысл. характар. Пад с.-г. угоддзямі 69% тэрыторыі. Вырошчваюць пшаніцу, цукр. буракі, алейныя культуры, каноплі, тытунь, хмель, бульбу, агародніну. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, птушак. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне (вытв-сць аўтамабіляў, с.-г. машын, верталётаў, шарыкападшыпнікаў), харч., хім., лёгкая, дрэваапрацоўчая. Здабыча каменнага вугалю. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Турызм.

т. 9, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУШЭ́ЎСКІ (Міхаіл Сяргеевіч) (29.9.1866, г. Хэлм, Польшча — 25.11.1934),

дзеяч укр. нац.-вызв. руху, гісторык. Акад. АН Украіны (1924) і АН СССР (1929). Брат А.С.Грушэўскага. Скончыў Кіеўскі ун-т (1890). У 1894 — 1914 выкладаў гісторыю Украіны ў Лембергскім (Львоўскім) ун-це. Кіраваў дзейнасцю Навук. т-ва імя Шаўчэнкі ў Львове (1897) і Т-ва ўкр. прагрэсістаў у Кіеве (з 1908). Адзін з арганізатараў Галіцка-ўкр. нац.-дэмакр. партыі (1899). У 1-ю сусв. вайну за арыентацыю на Германію арыштаваны і сасланы рас. ўладамі (1914—17). З сак. 1917 чл. Украінскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, адначасова (да крас. 1918) старшыня Цэнтральнай рады. У 1919—24 у эміграцыі, заснаваў у 1919 у Вене Укр. сацыялагічны ін-т. З 1924 на навук. і інш. рабоце ў Кіеве. З пач. 1931 у Маскве. Аўтар «Нарыса гісторыі Кіеўскай зямлі ад смерці Яраслава да канца XIV ст.» (1891), «Гісторыі Украіны-Русі» (т. 1—10, 1898—1936) і інш. прац, у якіх адстойваў адметнасць укр. народа, лічыў Кіеўскую Русь укр. дзяржавай, адмаўляў нарманскую тэорыю, з аб’ектывісцкіх пазіцый аналізаваў дзейнасць гетманаў Б.М.Хмяльніцкага, І.Я.Выгоўскага і І.С.Мазепы, у параўнальным аспекце звяртаўся да гісторыі беларусаў (асабліва перыяду ВКЛ).

Тв.:

Очерк истории украинского народа. Киев, 1990.

С.​Б.​Каўн.

М.С.Грушэўскі.

т. 5, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БУ́РА»

(«Burza»),

кодавая назва плана і баявой аперацыі польскай Арміі Краёвай (АК) у студз. 1944 — студз. 1945 у 2-ю сусв. вайну. План, распрацаваны гал. камандаваннем АК у ліст. 1943, прадугледжваў мабілізацыю атрадаў АК, ажыццяўленне дыверсій, праследаванне і напад на ням.-фаш. часці пры іх адступленні (сфарміраваны 14 партыз. пяхотных дывізій, 3 батальённыя групоўкі, 2 кав. брыгады, некалькі самаст. палкоў; усяго каля 150 тыс. чал. у Беластоцкай, Палескай, Люблінскай і інш. акругах). Гал. мэта — узяць пад кантроль найб. важныя ваен.-стратэг., прамысл., адм. і культ. цэнтры да ўступлення ў іх сав. войск. Камандзірам АК і прадстаўнікам польск. эмігранцкага ўрада прадпісвалася пераймаць ваен. і цывільную ўладу ў вызваленых раёнах. Аперацыя распачата ў Валынскай акрузе 27-й Валынскай пях. дывізіяй АК. Атрады Віленскай і Навагрудскай акруг АК (каля 5 тыс. чал.) у ліп. 1944 няўдала штурмавалі Вільню (акцыя «Вострая брама») і страцілі больш за 500 чал. 27.8.1944 камандаванне АК вырашыла пашырыць аперацыю «Бура» на Варшаву (гл. Варшаўскае паўстанне 1944). Падраздзяленні АК самастойна вызвалілі гарады Коцк, Хэлм, Мінск-Мазавецкі, Радзымін, разам з сав. войскамі — Ковель, Вільню, Львоў, Люблін, Пулавы, Замосце, Жэшаў, Седльцы. Восенню 1944 на тэрыторыі, акупіраванай ням.-фаш. войскамі, атрады АК былі расфарміраваны і рэалізацыя плана «Бура» спынена. У вызваленых раёнах часці АК, якія адмовіліся скласці зброю і ўступіць у 1-ю Польскую армію ў складзе сав. войск, былі раззброены і інтэрніраваны.

Літ.:

Сямашка Я.І. Армія Краёва на Беларусі. Мн., 1994. С. 110—119, 178—187;

Zabiełło S. Ksztabtowanie siękoncepcji «Burzy» // Wojskowy przegląd historyczny. 1968. № 1.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 3, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)