Хулагу (хан) 11/87

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НАСІРЭДЗІ́Н ТУСІ́ (Абу Джафар Мухамед ібн Мухамед ібн Хасан Абу Бакр) (18.2.1201, г. Тус, Іран — 25.6.1274),

арабскі вучоны-энцыклапедыст, дзярж. дзеяч. З 1256 на службе ў манг. ільхана Хулагу, дзе займаўся пытаннямі фінансаў і падаткаў. Пераклаў на араб. мову працы Пталамея і Эўкліда і дадаў да іх уласныя каментарыі. Удасканаліў матэм. метады ў астраноміі, рашыў шэраг задач сферычнай трыганаметрыі. Пабудаваў астр. абсерваторыю ў г. Марага (1259, цяпер г. Мераге, Іран), дзе пад яго кіраўніцтвам складзены астр. табліцы «Зідж Эльхані», у якіх змешчаны каталог яркіх зорак, некаторыя геагр. звесткі, табліцы сінусаў і тангенсаў і інш. Напісаў шэраг трактатаў па матэматыцы, філасофіі, медыцыне, логіцы, этыцы і інш.

Літ.:

Мамедбейли Г.Д. Основатель Марагинской обсерватории Мухаммед Насирэддин Туси. Баку, 1961;

Юшкевич А.П. История математики в средние века. М., 1961.

А.​І.​Болсун.

т. 11, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГО́ЛЬСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ,

дзяржава, якая склалася ў 1-й пал. 13 ст. ў выніку мангольскіх заваяванняў. Створана Чынгісханам і яго пераемнікамі. Перад смерцю Чынгісхан падзяліў дзяржаву паміж сынамі Джучы, Джагатаем, Угедэем і Тулуем. У 1229 вял. курултай — з’езд манг. знаці абраў вял. ханам Угедэя [1229—41], які заснаваў сталіцу М.і. — г. Каракарум на р. Архон. Пасля яго М.і. правілі сын Гуюк [1246—48] і сын Талуя Мункэ [1251—59]. Пры Мункэ М.і. ўключала Манголію, Паўд. Кітай, Карэю, Цэнтр. Азію, Закаўказзе, Іран, Афганістан і падпарадкоўвала сабе б.ч. зямель б. Кіеўскай Русі (гл. Мангола-татарская няволя на Русі) Адсутнасць унутр. адзінства абумовіла хуткі распад імперыі. Пасля смерці Мункэ пачалася барацьба за ўладу паміж яго братамі. Адзін з іх — Хубілай — абвясціў у 1260 сябе вял. ханам, пасля чаго ад М.і. пачалі адпадаць зах. улусы — Джучы (гл. Залатая Арда), Хулагу-хана (гл. Хулагуідаў дзяржава) і інш. Пасля заваявання Кітая Хубілай у 1280 заснаваў дынастыю Юань. Пасля выгнання ў 1368 манголаў з Кітая М.і. спыніла сваё існаванне.

т. 10, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГО́ЛЬСКІЯ ЗАВАЯВА́ННІ ў 13 ст., шэраг заваёўніцкіх войнаў і паходаў манголаў супраць народаў Азіі і Еўропы. Пачаліся пасля аб’яднання да 1206 Чынгісханам мангольскіх плямён і стварэння дзяржавы. У ходзе М.з. склалася Мангольская імперыя. Баяздольнасць манг. войска, размеркаванага на тумены (дзесяткі тысяч), цьмы (тысячы), сотні, дзесяткі, была абумоўлена жорсткай дысцыплінай, вял. манеўранасцю і мабільнасцю, выкарыстаннем ваен. і тэхн. дасягненняў захопленых краін і народаў, перадавой ваен. тактыкай, хітрасцю і інш. Гэта дазваляла манголам перамагаць нават намнога большыя сілы праціўніка, браць добра ўмацаваныя крэпасці і гарады (з тэхнікай аблогі гарадоў манголы пазнаёміліся ў Кітаі). У 1207—11 манголы падпарадкавалі народы Паўд. Сібіры і Усх. Туркестана. З 1211 пачалося заваяванне Кітая, у 1215 захоплены Пекін (Яньцзін). У канцы 1218 манг. войскі (каля 200 тыс. чал.) на чале з Чынгісханам уварваліся ў Сярэднюю Азію, у 1219—21 разбілі войскі харэзмшаха Мухамеда і яго сына Джэлал-ад-дзіна, захапілі і разбурылі большасць буйных гарадоў, у т. л. Харэзм, Хаджэнт, Мерв, Ургенч. У 1220 войска на чале з Джэбе і Субэдэем уварвалася ў Паўн. Іран, адтуль — у Закаўказзе і ў 1222 разбіла груз. войска. Потым манголы перайшлі Каўказскія горы і ўварваліся ў палавецкія стэпы. 31.5.1223 яны перамаглі войска рус. і палавецкіх князёў у бітве на р. Калка і ў 1224 вярнуліся ў Манголію. У 1226—27 знішчана тангуцкая дзяржава Сі-Ся. У час праўлення сына Чынгісхана Угедэя канчаткова заваяваны Паўн. Кітай і знішчана дзяржава чжурчжэняў (1234). У 1236 пачаўся вял. паход на Захад на чале з унукам Чынгісхана Батыем (Бату). Разграміўшы Балгарыю Волжска-Камскую, манг. войска ўварвалася ў паўн.-ўсх. Русь. 21.2.1237 яно захапіла Разань, у снеж.—лютым 1238 — б.ч. Уладзімірска-Суздальскай зямлі. 4.3.1238 у бітве на р. Сіць разгромлена аб’яднанае войска ўладзімірска-суздальскіх князёў, загінуў вял. князь Юрый Усеваладавіч. У 1240 Батый пачаў новы паход на Пд Русі і Захад. 6.12.1240 захоплены і разбураны Кіеў. У пач. 1241 манг. войска спустошыла Галіцка-Валынскія землі, пацярпелі і некаторыя гарады Палесся. Пачалася мангола-татарская няволя на Русі (пра манг. паходы на ПнЗ Русі і адносіны манголаў з ВКЛ гл. ў арт. Залатая Арда). У лют. 1241 манголы ўварваліся ў Польшчу, 3.3.1241 разбілі каля Кракава польск. войска на чале з Баляславам V, 9.4.1241 — апалчэнне ням. і польскіх князёў пры Лягніцы. аднак пасля гэтага яны пацярпелі паражэнне ад чэхаў 24.6.1241 у Оламаўцкай бітве 1241. Другое манг. войска ўварвалася ў Венгрыю, дзе 11.4.1241 у бітве пры Шаё разбіла войска караля Белы IV. У канцы 1241 пачаўся новы паход, спынены весткай пра смерць вял. хана Угедэя. М.з. аднавіліся ў час праўлення Мункэ. Яго брат Хулагу заваяваў у 1256 Іран, у 1258 захапіў Багдад і ліквідаваў халіфат Абасідаў, але быў спынены пасля паражэння 3.9.1260 пры Айн-Джалуце ад войск егіп. султана. У той жа час пачалося заваяванне Паўд. Кітая (скончана ў 1279). М.з. завяршыліся паходам 1300 у М’янму, аднак драпежніцкія паходы мангола-татар на Русь і інш. краіны працягваліся ў 14—15 ст. М.з. былі адной з вял. катастроф у гісторыі: загінула вял. колькасць людзей, былі знішчаны цэнтры стараж. цывілізацыі, што негатыўна паўплывала на далейшае развіццё народаў Азіі і Усх. Еўропы.

В.​У.​Адзярыха, Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 10, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)