Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫГАНІ́ДЫ,
дынастыя цароў Македоніі ў 306—168 да н.э. Заснавальнік Антыгон І Аднавокі
[306—301] — палкаводзец Аляксандра Македонскага; абвясціў царом сябе і свайго сына Дэметрыя І Паліяркета [306—286]. Найб. вядомыя прадстаўнікі: Антыгон II Гонат [283—239],
Дэметрый II [239—229], Антыгон III Досан [229—221], ФіліпV [221—179]. Апошні з Антыганідаў Персей скінуты рымлянамі і ўзяты ў палон у 168 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРБО́НЫ (франц. Bourbons, ісп. Borbones, італьян. Borboni),
каралеўская дынастыя ў Францыі ў 1589—1792, 1814—15, 1815—30, у Іспаніі ў 1700—1808, 1814—68, 1874—1931 і з 1975, у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій (Неапалітанскім) у 1735—1805, 1814—60; дынастыя герцагаў Пармы і П’ячэнцы ў 1748—1802, 1847—59. Імя дынастыі Бурбонаў, якія былі лініяй Капетынгаў, паходзіць ад іх радавога замка Бурбон-л’Аршамбо (цяпер у дэпартаменце Алье). Гал. прадстаўнікамі франц. Бурбонаў былі Генрых IV (заснавальнік), Людовік XIV, Людовік XVI, Людовік XVIII; апошнім правіў Карл Х [1824—30], пазбаўлены ўлады ў час Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У 1830—48 (гл.Ліпеньская манархія) правіў прадстаўнік малодшай (Арлеанскай) лініі Бурбонаў Луі Філіп, звергнуты Рэвалюцыяй 1848 у Францыі. Пачатак ісп. лініі паклаў унук Людовіка XIV ФіліпV [1700—24, 1724—46). Ісп. Бурбоны звергнуты Іспанскай рэвалюцыяй 1931—39, адноўлены пасля падзення дыктатуры Ф.Франка. Родапачынальнікамі неапалітанскай і пармскай ліній Бурбонаў былі сыны Філіпа V. Страцілі ўладу ў перыяд аб’яднання Італіі (1859—60).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛУА́ (Valois),
дынастыя французскіх каралёў у 1328—1589, пабочная лінія Капетынгаў. Складалася з трох галін: прамой — Філіп VI [1328—50], Іаан II Добры [1350—64], Карл V Мудры [1364—80], Карл VI [1380—1422], Карл VII [1422—61], Людовік XI [1461—83], Карл VIII [1483—98]; Арлеанскай — Людовік XII [1498—1515, завяршыў тэр. аб’яднанне Францыі]; Ангулемскай — Францыск І [1515—47, паклаў пачатак абсалютызму ў краіне], Генрых II [ 1547—59], Францыск II [1559—60], Карл IX [1560—74], Генрых III [1574—89]. Апошнія тры каралі былі бяздзетныя. Валуа спынілі існаванне ў час Рэлігійных войнаў пасля забойства Генрыха III.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́БСБУРГІ (Habsburger),
дынастыя, якая правіла ў Аўстрыі (1282—1918), Чэхіі і Венгрыі (1526—1918), частцы Італіі (16 ст. — 1816), у «Свяшчэннай Рым. імперыі» (пастаянна ў 1438—1806, акрамя 1742—45), Іспаніі (1516—1700), Нідэрландах. Засн., верагодна, Гунтрамам Багатым (сярэдзіна 10 ст.) з Верхняга Эльзаса. Назва ад замка Габсбург, пабудаванага каля 1020 у швейц. вобласці Ааргаў. Імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» стаў Рудольф І Габсбург (1273—91), ён замацаваў за Габсбургамі герцагства Аўстрыю і Штырыю (1282). У 1526 Габсбургі далучылі Чэхію, ч. Венгрыі, інш.тэр., сталі манархамі шматнац. дзяржавы (у 1867—1918 — Аўстра-Венгрыя). У 1556 дынастыя Габсбургаў падзялілася на 2 галіны — аўстр. і іспанскую. Панаванне ісп. Габсбургаў скончылася ў 1700, калі памёр апошні кароль Іспаніі з дынастыі Габсбургаў Карл II. Аўстр. галіна Габсбургаў абарвалася ў выніку паражэння Аўстра-Венгрыі ў 1-й сусв. вайне, уздыму нац.-вызв. і рэв. руху ў краіне. Устаноўчы сход Аўстр. рэспублікі (3.4.1919) прыняў закон аб пазбаўленні Габсбургаў усіх правоў, выгнанні іх за межы Аўстрыі і канфіскацыі ўсёй іх маёмасці. Найб. значныя прадстаўнікі: ісп. галіна — Карл V [1516—56] і Філіп II [1556—98], аўстр. — Марыя Тэрэзія [1771—80], Іосіф II [1765—90], Франц Іосіф І [1848—1916].
Літ.:
Котова Е.В. Династия Габсбургов // Новая и новейшая история. 1991. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕДО́НІЯСтаражытная
(грэч. Makedonia, лац. Macedonia),
дзяржава ў 5—2 ст. да н.э. на ПнУ Балканскага п-ва. Да ўтварэння макед. дзяржавы яе тэрыторыю з пач. 1-га тыс. да н.э. насялялі плямёны фракійцаў і ілірыйцаў, якіх у 7 ст. да н.э. падпарадкавалі роднасныя стараж. грэкам макед. плямёны (паходзілі з тэрыторыі ў басейне р. Аліякман). У ходзе некалькіх войнаў цар Пердыка I [правіў каля 700 да н.э.] і яго пераемнікі аб’ядналі макед. плямёны і заснавалі самаст. царства. У 6—5 ст. да н.э. цары з дынастыі Аргеадаў пашырылі сваю ўладу на ўнутр. тэрыторыю п-ва, але былі адцеснены ад Эгейскага м. грэкамі. Ва ўмовах унутр. крызісу ў Стараж.Грэцыі Філіп II заваяваў шэраг грэч.полісаў і пасля перамогі каля Херанеі (338 да н.э.) усталяваў свой пратэктарат над усёй Грэцыяй. Яго сын Аляксандр Македонскі працягваў заваяванні і стварыў вялізную дзяржаву з цэнтрам у М., што дало пачатак эпохі элінізму. Пасля смерці Аляксандра (323 да н.э.) М. падзелена паміж яго паплечнікамі, якія вялі бесперапынныя міжусобныя войны. Магутнасць М. адноўлена пры Антыгоне II Гонаце [277—239 да н.э.], які заснаваў устойлівую дынастыю Антыганідаў. У 277—168 да н.э. М. была адной з вядучых дзяржаў Міжземнамор’я, але сутыкненні са Стараж. Рымам (т.зв. Македонскія войны) прывялі да яе хуткага заняпаду. Пры. Філіпе V [221—179 да н.э.] у выніку паражэння ў 2-й Макед. вайне (200—196 да н.э.) М. страціла кантроль над Грэцыяй. 3-я Макед. вайна (171—168 да н.э.) завяршылася разгромам македонцаў у бітве каля Підны (168 да н.э.). Апошні макед. цар Персей [179—168 да н.э.] трапіў у палон і адпраўлены ў Рым, а М. падзелена на 4 рэспублікі пад пратэктаратам Рыма. Пасля ліквідацыі рымлянамі паўстання пад кіраўніцтвам Андрыска (148 да н.э.) М. канчаткова страціла незалежнасць і ператворана ў рым. правінцыю.
Літ.:
Шофман А.С. История аптичной Македонии. Ч. 1—2. Казань, 1960—63;
Арриан. Поход Александра: Пер. с др.-греч. М., 1993;
Дройзен И.Г. История эллинизма: Пер. с фр.Т. 1—2. СПб., 1997.