КЛЕРМО́Н-ФЕРА́Н (Clermont-Ferrand),

горад у цэнтр. ч. Францыі. Адм. ц. дэпартамента Пюі-дэ-Дом і гал. горад гіст. вобласці Авернь. Склаўся з 2 гарадоў: Клермон (вядомы з часоў стараж. Рыма) і Феран (атрымаў правы горада ў 13 ст.). 254 тыс. ж. з прыгарадамі (1990). Трансп. вузел. Аэрапорт. Буйны цэнтр гумава-тэхн. і шыннай прам-сці. Развіта таксама металаапр., маш.-буд., тэкст., швейная, паліграф., харч. прам-сць. Ун-т (з 1810). Арх. помнікі 12—18 ст. Паблізу — бальнеалагічны курорт Руая.

т. 8, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУТО́Н ((Couthon) Жорж Агюст) (22.12.1755, Арсэ, каля г. Клермон-Феран, Францыя — 28.7.1794),

дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99, адзін з лідэраў якабінцаў. Адвакат. У 1789 старшыня трыбунала ў г. Клермон-Феран. З 1791 член Заканад. сходу, з 1792 — Канвента, у 1793 і К-та грамадскага выратавання Канвента. Разам з М.Рабесп’ерам і Л.А.Сен-Жустам узначальваў урад якабінскай дыктатуры. У жн.кастр. 1793 удзельнічаў у задушэнні антыякабінскага паўстання ў г. Ліён. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 1794 гільяцінаваны.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв., 1793—1791. М., 1994.

т. 9, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕ́РНЬ (Auvergne),

гістарычная правінцыя, эканам. раён у цэнтр. ч. Францыі. Уключае дэпартаменты Канталь, Пюі-дэ-Дом, Алье, Верхняя Луара. Гал. горад Клермон-Феран. Пл. 26 тыс. км². 1,3 млн. ж. (1982). Рэльеф горны, парэзаны далінамі рэк. У сельскай гаспадарцы пераважае мясная жывёлагадоўля. У далінах вырошчваюць збожжавыя, цукр. буракі, бульбу, вінаград. З-ды па вытв-сці аўташын, станкоў, веласіпедаў, пластмас, перапрацоўцы с.-г. сыравіны (Клермон-Феран), чорная металургія (г. Манлюсон), тэкст., гарбарныя, папяровыя, сыраварныя, абутковыя прадпрыемствы. ГЭС. Курорты на базе мінер. крыніц (у т. л. Вішы).

т. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́РЫЙ ТУ́РСКІ [Grégoire de Tours; Gregorius Turonensis; сапр. Георгій Фларэнцый (Georgius Florentius); 30.11.538 ці 539, г. Клермон-Феран, Францыя — 594 ці 595],

французскі храніст. Празваны бацькам франц. гісторыі. Епіскап Тура з 573, уплывовая духоўная асоба дзяржавы Меравінгаў. Аўтар «Гісторыі франкаў» (на лац. мове, у 10 кн.), гал. крыніцы паліт. гісторыі Франкскай дзяржавы 5—6 ст., а таксама некалькіх дагматычных і агіяграфічных твораў.

т. 5, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСКА́ЛЬ ((Pascal) Блез) (19.6.1623, г. Клермон-Феран, Францыя — 19.8.1662),

французскі матэматык, фізік і філосаф, адзін з заснавальнікаў гідрастатыкі. Атрымаў дамашнюю адукацыю, з дзяцінства выявіў выдатныя матэм. здольнасці. Навук. працы па арыфметыцы, тэорыі лікаў, алгебры, тэорыі імавернасцей, механіцы, філасофіі. Сфармуляваў метад поўнай матэм. індукцыі, знайшоў агульную прыкмету падзельнасці цэлых лікаў. Прапанаваў спосаб вылічэння бінаміяльных каэфіцыентаў (трохвугольнік П.), сфармуляваў адну з асн. тэарэм праектыўнай геаметрыі (гл. Паскаля тэарэма). Сканструяваў першую лічыльную машыну (1641 або 1642). Адкрыў адзін з асн. законаў гідрастатыкі (гл. Паскаля закон), эксперыментальна пацвердзіў існаванне атм. ціску (1648) і даказаў, што ён памяншаецца з вышынёй, выявіў гідрастатычны парадокс. З 1655 жыў у манастыры янсеністаў у Пор-Раялі. Аўтар філас. трактатаў і сатырычных твораў. Ў філас. творах развіваў думкі аб трагічнасці і кволасці чалавека, які знаходзіцца паміж двума бяздоннямі — бясконцасцю і мізэрнасцю (чалавек — «чарацінка, якая мысліць»). Шлях спасціжэння таямніц быцця і выратавання чалавека ад адчаю бачыў у хрысціянстве. Адыграў значную ролю ў фарміраванні франц. класічнай прозы. Яго імем названа мова праграмавання — паскаль і адзінка ціску — паскаль.

Тв.:

Рус. пер. — Трактат о равновесии жидкостей // Начала гидростатики. 2 изд. М.; Л., 1933;

Из мыслей // Ларошфуко Фр. де, Паскаль Б., Лабрюйер Ж. де. Суждения и афоризмы. М., 1990.

Літ.:

Стрельцова Г.Я. Блез Паскаль. М., 1979;

Тарасов Б.Н. Паскаль. 2 изд. М., 1982;

Щитцова Т.В. К истокам экзистенциальной онтологии: Паскаль, Киркегор, Бахтин. Мн., 1999.

А.​І.​Болсун.

Б.Паскаль.

т. 12, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)