Умава—Пойнтынга вектар 10/471

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

У́МАВА ВЕ́КТАР,

вектар шчыльнасці патоку энергіі фіз. поля. Выражаецца формулай S→ = wc→ , дзе w — аб’ёмная шчыльнасць энергіі фіз. поля, c — скорасць распаўсюджання патоку энергіі. Модуль У.в. роўны адносінам энергіі, перанесенай за адзінку часу, да плошчы паверхні, перпендыкулярнай да напрамку распаўсюджвання патоку энергіі.

Адзінка модуля У.в. ў СІ — ват на квадратны метр. Уведзены М.А.Умавым (1874). Асобны выпадак У.в. для эл.-магн. поля — Пойнтынга вектар.

т. 16, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТО́К ЭНЕ́РГІІ,

сярэдняя магутнасць, якая перадаецца праз дадзеную паверхню ў працэсе цеплаабмену ці распаўсюджвання хваль любой прыроды і інш. Адносіны П.э. праз паверхню, перпендыкулярную да напрамку пераносу энергіі, да значэння плошчы гэтай паверхні наз. шчыльнасцю П.э., якая вызначаецца Умава вектарам. Адзінка П.э. ў СІ — ват.

т. 12, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВА́ЛЕВАЯ ПАВЕ́РХНЯ,

паверхня. ва ўсіх пунктах якой хваля мае ў дадзены момант часу аднолькавую фазу. У ізатропным асяроддзі напрамак распаўсюджвання патоку энергіі (гл. Умава вектар) супадае з нармаллю да Х.п. Форма Х.п. залежыць ад умоў узнікнення і распаўсюджвання хваль. У найпрасцейшых выпадках — плоскасці (гл. Плоская хваля), сферы (гл. Сферычная хваля) ці цыліндры (гл. Цыліндрычная хваля). У оптыцы Х.п. наз. фронтам хвалі.

т. 16, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЙНТЫНГА ВЕ́КТАР,

вектар шчыльнасці патоку эл.-магн. энергіі; асобны выпадак Умава вектара. Выражаецца формулай Π→ = E→ × H→ , дзе E→ і H→ — напружанасці эл. і магн. палёў у электрамагнітнай хвалі адпаведна. Паняцце ўведзена Дж.Г.Пойнтынгам.

Модуль П.в. роўны энергіі, якая пераносіцца за адзінку часу праз адзінку плошчы паверхні, перпендыкулярнай да напрамку распаўсюджвання эл.-магн. хвалі (напрамку П.в.). Паток П.в. праз замкнутую паверхню, якая абмяжоўвае сістэму зараджаных часціц, дае энергію, якую страчвае гэтая сістэма за адзінку часу ў выніку выпрамянення эл.магн. хваль (гл. Максвела ўраўненні).

т. 12, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́МАЎ Мікалай Аляксеевіч (4.2.1846, г. Ульянаўск, Расія — 28.1.1915),

расійскі фізік-тэарэтык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1867). З 1871 у Новарасійскім ун-це (г. Адэса; з 1875 праф.). У 1893—1911 у Маскоўскім ун-це. Навук. працы па тэарэт. фізіцы, тэорыі зямнога магнетызму, тэорыі адноснасці і квантавай тэорыі. Рашыў задачу пра вагальныя працэсы ў неабмежаваным асяроддзі (1869), аб’яднаў метады матэм. тэорыі пругкасці і цяпла (1871), распрацаваў асновы вучэння пра рух энергіі і ўвёў паняцце шчыльнасці патоку энергіі (1874; гл. Умава вектар).

Тв.:

Избр. соч. М.; Л., 1950.

Літ.:

Гуло Д.Д. Н.​А.​Умов. М., 1971.

М.А.Умаў.

т. 16, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВА́ЛІ,

узбурэнні стану рэчыва і поля, якія распаўсюджваюцца ў прасторы з канечнай скорасцю. Суправаджаюцца пераносам энергіі без пераносу рэчыва (перанос рэчыва можа мець месца толькі як пабочная з’ява). Розным відам узбурэнняў (мех., цеплавым, эл.-магн. і інш.) адпавядаюць розныя віды Х. (гл. Паверхневыя хвалі, Пругкія хвалі, Сейсмічныя хвалі, Тэмпературныя хвалі, Электрамагнітныя хвалі).

Пры тэарэт. разглядзе Х. звычайна ўводзяць паняцце гарманічнай (сінусаідальнай) Х., у якой узбурэнні адбываюцца паводле закона гарманічных ваганняў і апісваюцца ўраўненнем хвалі. Асн. характарыстыкі такіх Х. — амплітуда, перыяд ваганняў, даўжыня хвалі, фаза. У залежнасці ад арыентацыі ўзбурэння адносна напрамку распаўсюджвання адрозніваюць падоўжныя хвалі і папярочныя хвалі. Найб. важныя ўласцівасці і характарыстыкі Х.: адбіццё хваль, дысперсія хваль, дыфракцыя хваль, інтэрферэнцыя хваль, паглынанне хваль, палярызацыя хваль, пераламленне хваль і рассеянне хваль; групавая скорасць, кагерэнтнасць, хвалевая паверхня, фазавая скорасць і фронт хвалі. Асаблівыя Х. ўзнікаюць пры руху цела ў асяроддзі са скорасцю, большай за фазавую скорасць Х. ў дадзеным асяроддзі, напр., пры руху самалёта са звышгукавой скорасцю ўзнікае ўдарная хваля. Пры аналізе энергет. характарыстык Х. выкарыстоўваюць паняцці Пойнтынга вектар, Умава вектар. У тэхніцы для памяншэння страт энергіі пры перадачы Х. выкарыстоўваюць хваляводы. Хвалевыя працэсы вельмі пашыраны ў прыродзе і тэхніцы. Найбольш выкарыстоўваюцца гукавыя хвалі (гл. Гук), паверхневыя акустычныя хвалі, ультрагукавыя хвалі, радыёхвалі, у т. л. ультракароткія хвалі. Пастаянна ўдасканальваюцца тэхн. сродкі выпрамянення і прыёму радыёхваль. Вывучэнне Х. важнае для развіцця фіз. і тэхн. навук. Гл. таксама Салітон, Хвалевы пакет, Хвалі дэ Бройля.

Літ.:

Горелик Г.С. Колебания и волны. 2 изд. М., 1959;

Крауфорд Ф. Волны: Пер. с англ. 3 изд. М., 1984;

Пирс Д.Р. Почти все о волнах: Пер. с англ. М., 1976;

Рабинович М.И., Трубецков Д.И. Введение в теорию колебаний и волн. 2 изд. М., 1992;

Кадомцев Б.Б., Рыдник В.И. Волны вокруг нас. М., 1981.

А.​І.​Балсун, У.​М.​Сацута.

Хвалі: а — падоўжныя (гукавыя) у вадкасцях і газах; б — папярочныя (ваганні струны, пры якіх зрух яе часціц перпендыкулярны да напрамку распаўсюджання хвалі); в — марскія.

т. 16, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)