Наповерку, наповеркі ’несці груз удвух, прымацаваўшы да сярэдзіны палкі і ўзяўшыся за яе канцы або палажыўшы іх на плечы’ (Юрч.), ’наперавес’ (Нас.), наповірку ’тс’ (Яруш.), ’трымаючыся ўдвух за абодва канцы’ (Бяльк.), параўн. балг. дыял. на поверенки ’спосаб несці груз удвух на палцы, да якой ён прымацаваны’. Балгарская паралель дае падставы рэканструяваць першапачатковае спалучэнне з прыназоўнікам *на поверку, дзе другая частка назоўнік, параўн. польск. pouerek ’кій’, powyrek (з 1532 г.) ’кій для нашэння вёдраў, каромысла’; чэш. poverek і povererl ’кій для пераноскі цэбраў (прасоўваецца праз абодва вухі цэбра)’, ст.-чэш. pouereky славен. pouerek ’каромысла’ параўноўваюць з серб.-ц.-слав. повора (XVI ст.) ’насілкі, паланкін’ (да *verti) (Махэк₂, 476; Варбат, АДД, 14), адносяць да *vyriti ’тырчэць’ (Брукнер, 639), параўн. таксама рус. верать, вирать ’піхаць, усоўваць’, гл. аўраць, вор 2. Згадка ў Насовіча пра сувязь з поверх ’зверху’ не мае падстаў (гл. Нас., 314).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тырча́ць, тырчэ́ць ‘тарчаць’ (ТСБМ., Нас., Бяльк., Ласт.; ашм., Стан., ТС; паст., рагач., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘быць навідавоку’, ‘жыць абы-як’ (Нас.), тырча́ць, стырча́ць ‘вытыркацца’ (Некр. і Байк.): пусты колас у гору тырчыць (Сержп. Прык.). Параўн. укр. тирча́ти ‘тс’, рус. дыял. тырча́ть ‘грукаць, тарахцець’. Фанетычны варыянт да тарча́ць (гл.), мажліва, экспрэсіўна маркіраваны. Карскі (1, 258) дапускае змену першапачатковага *tъrk‑ па недастаткова ясных прычынах у сувязі з націскам і даўжынёй складу, звязаўшы з т. зв. «трэцім поўнагалоссем» у Шахматава. Узводзіцца да прасл. *tъrčati/*stъrčati ‘тс’ і, магчыма, звязанага генетична з чэш. tyčiti se ‘ўзвышацца’ (Махэк₂, 650). Гл. таксама Фасмер, 4, 88; ЕСУМ, 5, 573; Арол, 4, 88. Сюды ж тырчако́м ‘тарчма’ (Адм.), тырчко́м ‘тс’, ‘стаўма, у вертыкальным становішчы’ (ТСБМ, Нар. Гом.), тырчко́м, тырчма́, тыршма́ ‘тс’ (Сцяшк. Сл.), трышма́, тырьчма́ ‘тс’ (Бяльк.), тырчма́ ‘стаўма, старчаком’, ‘не прылягаючы, не прыстаючы’ (ТСБМ), тырчмако́м ‘тарчма’ (Бяльк.); тырча́нка жарт. ‘чарга’ (Мат. Маг. 2). Гл. таксама тарчма, торчма.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)