Тухля́нка ‘імшарніца, Andromeda polifolia L.’ (маг., Кіс.), ‘трава, смярдзючка’ (Бяльк.). Названа паводле спецыфічнага паху; расце на балотах, гл. імшарніца. Параўн. чэш.bahnítka, bahenka (Махэк, Jména, 177).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ІМША́РНІЦА, андрамеда (Andromeda),
род кветкавых раслін сям. верасовых. 2 віды. Пашыраны ва ўмераным і арктычным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі І. шматлістая — (A. polifonia). Нар. назвы дурэц, тухлянка. Расце ў забалочаных хвойных лясах, на сфагнавых балотах.
Шматгадовая, вечназялёная кусцікавая расліна выш. 6—40 см. Сцяблы тонкія, ляжачыя, чырвона-бурыя з буравата-шэрымі галінкамі. Лісце чаргаванае, лінейна-авальнае або ланцэтападобнае, скурыстае, знізу лямцавае з завернутымі краямі. Кветкі белавата-ружовыя, з яйцападобна-гарлачыкавым зрослапялёсткавым вяночкам і чырв. чашачкай на паніклых кветаножках. Цвіце ў маі—чэрв. Плод — 5-гнездавая шматнасенная каробачка. Лек., фарбавальная (дае чорную фарбу) і таніданосная расліна. Лісце мае ядавіты гліказід, небяспечны для авечак і коз.