ЛЕСАЗНАЎСТВА І ЛЕСАВОДСТВА
Навуковае вывучэнне лясоў на Беларусі пачалося ў 1922, з часу ўтварэння Пастаяннай камісіі па лясной доследнай справе БССР. З 1923 даследаванні вяліся ў Прылуках (каля Мінска) і ў г. Горкі Магілёўскай вобл. У 1923—24 арганізаваны лясныя доследныя станцыі: Мінская, Горацкая, Жорнаўская, якія ў 1926 аб’яднаны ў Цэнтральную лясную доследную станцыю з цэнтрам у г. Горкі. У 1927 у Мінску створаны Ін-т сельскай і лясной гаспадаркі, на базе якога ў 1930 у Гомелі арганізаваны Бел. НДІ лясной гаспадаркі (з 1992 Ін-т лесу). Даследаванні праводзяцца таксама ў Ін-це эксперыментальнай батанікі, Бел. дзярж. тэхналагічным ун-це, Цэнтр. батанічным садзе і інш. У ліку першых арганізатараў і выканаўцаў работ па лесазнаўстве і лесаводстве былі акадэмікі АН Беларусі Г.М.Высоцкі, А.Д.Дубах, В.І.Пераход, У.В.Шкатэлаў; чл.-карэспандэнты С.П.Мельнік; прафесары В.К.Захараў, А.І.Кандрацьеў, А.В.Касцяеў, Д.І.Марохін, Д.І.Таўсталес, Ф.Н.Турыцын, Л.І.Яноўскі, Л.І.Яшноў і інш. У 1930—60-я г. вядучыя вучоныя галіны — акадэмікі Н.Дз.Несцяровіч, В.І.Пераход, П.П.Рагавой, І.Д.Юркевіч; прафесары Ю.Н.Азніеў, У.Дз.Арэшчанка, В.С.Гельтман, Б.Д.Жылкін, В.К.Захараў, Н.Т.Касцюкевіч, Ф.Т.Касцюковіч, В.Ф.Марозаў, Ф.П.Майсеенка, К.Ф.Мірон, І.Н.Рахцеенка, Л.П.Смаляк, М.І.Фёдараў. У 1970—80-я г. да іх далучыліся акадэмікі В.А.Іпацьеў, В.І.Парфёнаў, чл.-кар. Я.А.Сідаровіч, Б.І.Якушаў; дактары навук В.Г.Анціпаў, А.А.Атрошчанка, У.Ф.Багінскі, Д.С.Голад, В.Я.Ермакоў, А.М.Кажэўнікаў, Л.Т.Крушаў, М.Ф.Лоўчы, В.С.Пабедаў, В.К.Паджараў, Я.Г.Пятроў, Л.Н.Ражкоў, В.С.Раманаў, Ю.Дз.Сіроткін, В.П.Тарасенка. У наш час у галіне лесазнаўства і лесаводства паспяхова працуюць дактары навук У.В.Валетаў, А.М.Дворнік, У.Я.Падутаў, С.С.Штукін, У.У.Усеня.
Вучонымі Беларусі вывучана біялогія асноўных дрэвавых парод, распрацавана тыпалогія лясных насаджэнняў і іх карціраванне (У.С.Адзярыха, В.С.Гельтман, Д.С.Голад, М.Ф.Лоўчы, В.І.Парфёнаў, Я.Г.Пятроў, П.Я.Пятроўскі, Л.П.Смаляк, І.Д.Юркевіч). Праведзена лесарасліннае раянаванне (В.С.Гельтман, І.Д.Юркевіч). Выяўлены асноўныя заканамернасці воднага рэжыму і жыўлення раслін (Л.В.Бойка, С.Х.Будыка, В.С.Гельтман, В.А.Іпацьеў, В.І.Парфёнаў, Л.П.Смаляк, І.Д.Юркевіч і інш.). Вывучана і паказана залежнасць тыпаў дрэвастояў ад глебаўтваральных працэсаў (І.К.Блінцоў, К.Л.Забела, В.А.Іпацьеў, П.Б.Рагавой, Л.П.Смаляк, І.А.Цыкуноў і інш.). Даследаваны каранёвыя сістэмы дрэвавых парод (І.Н.Рахцеенка, Б.І.Якушаў). Вызначаны магчымасці інтрадукцыі дрэвавых парод (М.Дз.Несцяровіч, Я.А.Сідаровіч і інш.). Вывучаны заканамернасці ўзаемадзеяння лесу і навакольнага асяроддзя (А.Ф.Іваноў, В.А.Іпацьеў, А.М.Кажэўнікаў, Н.І.Касцюковіч, Я.Г.Пятроў, Л.М.Ражкоў). Выяўлена ўздзеянне лесу на водную і ветравую эрозію (У.Б.Арлоўскі, Б.Д.Жылкін, В.К.Паджараў і інш.). Распрацаваны навук. асновы і тэхналогіі высечак галоўнага карыстання і высечак догляду (У.П.Грыгор’еў, Б.Д.Жылкін, А.М.Кажэўнікаў, Ф.П.Майсеенка, Л.М.Ражкоў, В.А.Феафілаў і інш.). Вывучана плоданашэнне дрэвавых парод, распрацаваны тэхналогіі і метады натуральнага і штучнага лесааднаўлення (Ю.М.Азніеў, Е.Д.Манцэвіч, К.Ф.Мірон, В.К.Паджараў, В.І.Сауцін, А.І.Саўчанка, Ю.Дз.Сіроткін, С.С.Штукін і інш.). Распрацаваны метады і тэхналогіі барацьбы з ляснымі пажарамі (В.У.Багданава, І.В.Гуняжанка, У.У.Усеня), тэхналогіі і сродкі біялагічнай барацьбы са шкоднікамі лесу (У.І.Грымальскі, Л.Т.Крушаў, Я.І.Марчанка, Т.І.Машніна і інш.). Праводзілася селекцыйнае паляпшэнне дрэвавых парод (Я.Г.Арленка, К.Ф.Мірон, З.С.Паджарава, А.І.Саўчанка). Вывучаны пытанні агралесамеліярацыі і гідратэхнічнай меліярацыі лясных фітацэнозаў (У.Б.Арлоўскі, В.А.Іпацьеў, В.К.Паджараў, Л.П.Смаляк). Даследаваны дынаміка і прадукцыйнасць дрэвастояў, іх будова і таварная структура (А.А.Атрошчанка, У.Ф.Багінскі, В.Я.Ермакоў, В.К.Захараў, А.М.Кажэўнікаў, Ф.П.Майсеенка, У.С.Мірошнікаў). Праведзена эканам. ацэнка лясоў, вызначаны эканам. эфект лесагаспадарчых мерапрыемстваў (У.Дз.Арэшчанка, А.А.Дашкевіч, А.В.Нявераў, М.М.Санковіч, А.Д.Янушка і інш.). Распрацоўваюцца пытанні радыеэкалогіі і меры рэабілітацыі лясоў (Н.М.Дворнік, В.А.Іпацьеў, І.Ф.Майсеенка, П.С.Марціновіч, Б.І.Якушаў і інш.). Вывучаны генетычныя асаблівасці і біялагічная разнастайнасць дрэў і насаджэнняў (Р.Р.Ганчарэнка, Н.А.Картэль, У.Я.Падутаў, А.Я.Сілін, Л.У.Хатылёва і інш.). Даследавана экалогія лесу (В.А.Белацаркоўская, Н.М.Беразенка, А.В.Пугачэўскі, Я.Г.Пятроў, А.М.Ражкоў і інш.).
Літ.:
Юркевич И.Д., Гельтман В.С. География, типология и районирование лесной растительности. Мн., 1965;
Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картирование, охрана и использование. Мн., 1979;
Лесная энциклопедия. М., 1985;
Лесной науке в Беларуси — 75 лет. Гомель, 1997.
У.Ф.Багінскі.
т. 18, кн. 2, с. 561