Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ДНА, Галубінае возера,
у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас.р. Сарачанка, за 34 км на ПнУ ад г. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,14 км², даўж. 780 м, найб.шыр. 250 м, найб.глыб. 21 м, даўж. берагавой лініі каля 1,8 км. Пл. вадазбору 4,3 км². Схілы катлавіны выш. 3—4 м, на ПнЗ і ПдУ 12—14 м, пад лесам, на Пн разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя, усх. параслі хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбакаводная зона глеістая.
На ПнУ выцякае ручай у воз.Тумскае, на Пд упадае ручай з воз. Галадзянка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАВЕ́ЦКІ РАЁН,
у Беларусі, на ПнУ Гродзенскай вобласці. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,6 тыс.км². Нас. 31,0 тыс.чал. (1995); сярэдняя шчыльн. 19 чал./км², гарадскога 29%. Цэнтр — г.п. Астравец, 402 сельскія нас. пункты. 9 сельсаветаў: Астравецкі, Варнянскі, Гервяцкі, Гудагайскі, Кемелішкаўскі, Міхалішкаўскі, Падольскі, Спондаўскі, Трокеніцкі.
Большая частка раёна ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны і паўд.-зах.ч.Ашмянскага ўзвышша. Пераважаюць выш. 140—180 м, найвыш. пункт 301 м (за 6 км на З ад в. Трокенікі). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны. Сярэдняя т-растудз. -5,9 °C, ліп. 17,9 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетацыйны перыяд 189 дзён. Рэкі: Вілія з прытокамі Ашмянка, Страча, Сарачанка, Газоўка, Балошынка. На ПнСарачанская група азёраў, найб.Тумскае, Вераб’і, Каймін, Туравейскае. Вадасховішчы Альхоўскае і Янаўскае. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя. Пад лясамі 46,6% тэр. раёна, найб. масівы на З і Пн; пераважаюць хвойныя пароды, трапляюцца драбналістыя (бяроза, асіна, вольха).
Агульная пасяўная пл. 64,8 тыс.га, з іх асушана 13,8 тыс.га. На 1.1.1995 у раёне 15 калгасаў і 1 саўгас. Развіты малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, ільнаводства. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавыя культуры, бульбу; з тэхнічных — лён-даўгунец і цукр. буракі. Агародніцтва. Пчалярства. Прадпрыемствы харч. (вытв-сць сухога абястлушчанага малака, масла), дрэваапр. (кардон, піламатэрыялы) прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (кафля, цэгла). Торфапрадпрыемствы. Янаўская ГЭС. Раён перасякаюць чыгункі Маладзечна—Вільнюс, аўтадарога Полацк—Вільнюс. У раёне 12 сярэдніх, 12 базавых і 16 пачатковых школ, муз. школа, 22 дашкольныя ўстановы, 39 бібліятэк, 5 бальнічных устаноў, 24 фельчарска-акушэрскія пункты. Помнікі прыроды — геал. агаленне Камарышкі, Варнянскі парк. Помнікі архітэктуры: Міхайлаўскі касцёл (1663) у в. Міхалішкі, Георгіеўскі касцёл (19 ст.) у в. Варона, арх. ансамбль (18—19 ст.) у в. Варняны. Выдаецца раённая газ. «Астравецкая праўда».