трыгана́льны

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. трыгана́льны трыгана́льная трыгана́льнае трыгана́льныя
Р. трыгана́льнага трыгана́льнай
трыгана́льнае
трыгана́льнага трыгана́льных
Д. трыгана́льнаму трыгана́льнай трыгана́льнаму трыгана́льным
В. трыгана́льны (неадуш.)
трыгана́льнага (адуш.)
трыгана́льную трыгана́льнае трыгана́льныя (неадуш.)
трыгана́льных (адуш.)
Т. трыгана́льным трыгана́льнай
трыгана́льнаю
трыгана́льным трыгана́льнымі
М. трыгана́льным трыгана́льнай трыгана́льным трыгана́льных

Крыніцы: krapivabr2012, piskunou2012, prym2009, sbm2012, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

трыгана́льны тригона́льный

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

трыгана́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Трохвугольны.

[Лац. trigonalis.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыгана́льны

(лац. trigonalis, ад гр. trigonon = трохвугольнік)

трохвугольны;

т-ая сістэма — сістэма, крышталі якой маюць формы піраміды, прызмы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тригона́льный трыгана́льны.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

КРЫШТА́ЛІ (ад грэч. krystallos першапачаткова лёд, потым горны хрусталь, празрысты камень),

цвёрдыя целы, якія маюць натуральную форму правільнага мнагагранніка, часцінкі якога (атамы, іоны, малекулы) размешчаны паводле закону прасторавых рашотак (гл. Крышталічная рашотка). Упарадкаваная будова К. абумоўлівае іх спецыфічныя ўласцівасці — аднароднасць, здольнасць самааграньвацца, мінім. ўнутр. энергію і скрытую цеплыню плаўлення. Характэрныя ўласцівасці К. — анізатропнасць і сіметрыя (гл. Анізатрапія, Сіметрыя крышталёў). Спецыфічныя асаблівасці К. выяўляюцца ў іх механічных (спайнасць, цвёрдасць і інш.), аптычных (падвойнае праменепераламленне, плеяхраізм і інш.), электрычных (піра- і п’езаэлектрычнасць), цеплавых і інш. фіз. уласцівасцях. Пры вывучэнні К. выкарыстоўваецца комплекс метадаў даследаванняў, у т. л. рэнтгенаструктурны і крышталеаптычны аналіз.

К. ўтвараюцца адвольна ці на «зародках» з вадкіх (растворы і расплавы), газападобных (шляхам узгонкі) і цвёрдых (у час перакрышталізацыі) рэчываў пры пэўных т-рах, ціску і хім. саставе. Правільныя мнагаграннікі ўтвараюцца ў час росту К., калі яны не сутыкаюцца з інш. цвёрдымі целамі і растуць павольна. Грані К. супадаюць з плоскімі сеткамі, рэбры — з радамі прасторавых рашотак, уздоўж якіх вузлы рашоткі размешчаны найб. густа. К. аднаго і таго ж рэчыва і будовы могуць мець розную велічыню і форму, але вуглы паміж адпаведнымі гранямі і рэбрамі ў іх пастаянныя (закон пастаянства вуглоў). Пры хуткім росце ў вязкім асяроддзі ўтвараюцца недаразвітыя формы (дэндрыты, сфераліты, крышт. агрэгаты), з якіх складзена большасць цвёрдых цел. Вывучэнне скорасці росту К., які абумоўлівае іх вонкавы выгляд (габітус), дае звесткі пра іх паходжанне (генезіс). Сярод К. адрозніваюць простыя формы (складзены з аднолькавых граней, звязаных элементамі сіметрыі) і камбінацыі (сукупнасць дзвюх ці некалькіх простых форм). У прыродзе вядома 47 простых форм і каля 1500 камбінацый. Усе К. — сіметрычныя целы. Сукупнасць элементаў сіметрыі ўтварае від сіметрыі, а ў прасторавых рашотках — прасторавую групу сіметрыі. У К. адрозніваюць 32 віды сіметрыі, аб’яднаныя ў 7 крышталеграфічных сістэм (сінганій), якія ўключаюць у сябе 230 прасторавых груп.

Крышт. рэчывы пашыраны ў прыродзе. Зямная кара на 95% складаецца з К. Крышталічныя ўсе металы і сплавы, большасць буд. матэрыялаў, многія харч. прадукты, лякарствы, некаторыя ч. арганізмаў, штучныя матэрыялы. Крышт. рэчывы ўжываюцца практычна ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі. Адзіночныя К. выкарыстоўваюцца для апрацоўкі цвёрдых матэрыялаў (алмаз), у лазернай тэхніцы (рубін), на выраб лінзаў і палярызатараў для аптычных прылад (ісландскі шпат, флюарыт, кварц), гадзіннікавых камянёў (рубін), п’езапласцінак (кварц), у радыёэлектроніцы, тэлеф. сувязі, гідралакацыі, ювелірнай справе і інш.

Літ.:

Попов Г.М., Шафрановский И.И. Кристаллография. 5 изд. М., 1972;

Шаскольская М.П. Кристаллография. 2 изд. М., 1984;

гл. таксама пры арт. Крышталяграфія.

А.​С.​Махнач.

Крышталі: а — простыя формы (1 — куб, 2 — актаэдр, 3 — ромбададэкаэдр, 4 — тэтраганальная дыпіраміда, 5 — трыганальны трапецоэдр, 6 — рамбічны тэтраэдр); б — камбінацыі простых форм (7 — пінакоіды і рамбічныя прызмы, 8 — гексаганальная прызма, рамбоэдр, дытрыганальны скаленоэдр, 9 — ромбададэкаэдр, тэтрагонтрыактаэдр, 10 — куб, тэатраэдр, ромбададэкаэдр, 11 — куб, актаэдр, трыгонтрыактаэдры).

т. 8, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)