Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ЛІ́ПІ (Lippi),
італьянскія жывапісцы эпохі Ранняга Адраджэння; прадстаўнікі фларэнційскай школы жывапісу.
Фра Філіпа Л. (каля 1406, г. Фларэнцыя, Італія — 9.10.1469). У 1421—56 быў манахам-кармелітам. Як мастак склаўся пад уплывам Мазачыо, Мазаліна, Анджэліка, Л. Манака. Працаваў у Фларэнцыі, Падуі (1434—37), Прата (1452—64, з перапынкамі), Спалета (з 1466). Яго фрэскавыя цыклы вызначаюцца вытанчанасцю лінейнага малюнка, мяккай святлоценявой лепкай формы, гармоніяй светлага, стрыманага каларыту, індывідуальнасцю і простанароднасцю вобразаў («Рэформа кармеліцкага ордэна» ў царкве Санта-Марыя дэль Карміне ў Фларэнцыі, 1432—33; «Сцэны з жыцця Іаана Хрысціцеля і св. Стэфана» ў саборы ў Прата, 1452—64). Алтарным кампазіцыям уласцівы лірычнасць, змякчэнне пластычнай трохмернасці форм складанымі, гарманічна-плаўнымі матывамі руху і святлоценявой насычанасцю каларыту («Мадонна Тарквінія», «Мадонна з немаўляці, св. Фрэдрыяна, св. Аўгусцінам і анёламі», абедзве 1437; «Каранаванне Маці Божай», 1441—47; «Дабравешчанне», 1440-я г.; «Тонда Барталіні», 1452; «Пакланенне немаўляці», канец 1450 — пач. 1460-х г.). Сярод яго вучняў С.Батычэлі.
Філіпіна Л. (каля 1457, г. Прата, Італія — 18.4.1504). Сын Фра Філіпа Л. Вучыўся ў свайго бацькі, пазней у Батычэлі. У сталы перыяд зазнаў уплывы Леанарда да Вінчы і нідэрландскіх жывапісцаў. Творчасць вызначаецца эмацыянальнай выразнасцю контурных ліній і вытанчанасцю колеравай гамы, якая падкрэсліваецца багаццем арх.-дэкар. матываў, навеяных ант. мастацтвам. Сярод твораў: фрэскі ў капэле Бранкачы ў царкве Санта-Марыя дэль Карміне (каля 1481—83) і капэле Строцы ў царкве Санта-Марыя Навела (1487—1502) у Фларэнцыі, у царкве Санта-Марыя сопра Мінерва ў Рыме (каля 1488—93), алтарныя кампазіцыі «Сцэны з жыцця Лукрэцыі» (каля 1475—80), «Мадонна на троне са святымі» (1485), «Пакланенне немаўляці Хрысту» (сярэдзіна 1480-х г.), «Пакланенне вешчуноў» (1496) і інш. У позніх работах узмацніліся рысы неспакою і манернай напружанасці.
Фра Філіпа Ліпі. Тонда Барталіні. 1452.Філіпіна Ліпі. Апостал Філіп каля храма Марса. Цуд з драконам. Фрэска ў капэле Строцы ў царкве Санта-Марыя Навела. 1487—1502.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРУДЖЫ́НА [Perugino; сапр.Ванучы
(Vannucci)] П’етра (каля 1448, Чыта-дэла-П’еве, Італія — люты—сак. 1523),
італьянскі жывапісец эпохі Адраджэння; прадстаўнік умбрыйскай школы жывапісу. Зазнаў уплывы П’ера дэла Франчэска, А.Верок’ё (з 1470 працаваў у яго майстэрні ў Фларэнцыі), нідэрл. мастакоў. Творчасці ўласцівы плаўнасць кампазіцыйных рытмаў, гарманічная ураўнаважанасць прасторавых пабудоў, лірызм пейзажных фонаў. Аўтар фрэсак «Св. Себасцьян з двума святымі» ў царкве Санта-Марыя ў Чэрквета (1478), «Перадача ключоў св. Пятру» ў Сіксцінскай капэле Ватыкана (1481—92), «Укрыжаванне» ў царкве Санта-Марыя Мадалена дэі Пацы ў Фларэнцыі (1496), трыпціха «Укрыжаванне з прадстаячымі» (каля 1485), «Паліпціх Альбані» (1491), карцін «Апалон і Марсій» (каля 1495), «З’яўленне Мадонны св. Бернару» (каля 1490—94), тонда «Мадонна з анёламі і святымі», партрэтаў Франчэска дэле Аперэ (1494), дон Б’яджа Міланезі, дон Бальдасарэ ды Антоніо ды Анджэла, маладога чалавека (каля 1495—1500) і інш. У майстэрні П. вучыўся Рафаэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІ́ЛА (Manila),
горад, сталіца Філіпін. Знаходзіцца на в-ве Лусон, пры ўпадзенні р. Пасіг у Манільскі зал. Паўд.-Кіт. мора. М. — ядро канурбацыі Вял. М. з насельніцтвам 9,6 млн.чал. (1996). Марскі порт Батаан (грузаабарот каля 32 млн.т за год). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. У Вял. М. сканцэнтравана каля 90% прамысл. прадпрыемстваў краіны. Прам-сць: маш.-буд. (зборка аўтамашын, матацыклаў, радыётэхнікі), лёгкая, харч., дрэваапр., паліграф., хім., нафтаперапр., верфі. Саматужныя промыслы (вытв-сць драўлянага посуду, плеценых капелюшоў, вышывак, ювелірных вырабаў і інш.). АН. 18 ун-таў, у т. л. Манільскі (з 1585), Каталіцкі Санта-Томас (з 1611), Філіпінскі жаночы. Культ. цэнтр Філіпін (уключае тэатр, музей, маст. галерэю, б-ку). Філарманічны аркестр.
Да ісп. каланізацыі М. — умацаванае паселішча племя тагалаў. Пасля заваявання ў 1564 Іспаніяй — сядзібы губернатара і арцыбіскупа, крэпасць (пабудавана ў 1571), з 1574 адм. цэнтр ісп. калоніі. У 1574 і 1587 у горадзе адбыліся антыісп. паўстанні. У 17 ст. горад імкнуліся захапіць галандцы, у 1762—64 заняты брыт. войскамі, у Іспана-амерыканскую вайну 1898 — войскамі ЗША (тут знаходзілася амер.калан. адміністрацыя). У 1942—45 акупіравана яп. войскамі. Горад моцна пацярпеў у выніку баёў паміж філіпінскімі партызанамі і яп. войскамі. У 1946—48 і з 1976 сталіца рэспублікі Філіпіны.
Гіст. цэнтр М. — ісп. сярэдневяковы раён Інтрамурас (моцна пашкоджаны ў 2-ю сусв. вайну) у выглядзе няправільнага пяцівугольніка з нерэгулярнай сеткай вуліц і рысамі радыяльна-кальцавога плана. Раён быў абкружаны сценамі (захаваліся часткова): з Пд — «Каралеўскія вароты» (з вежамі, пад’ёмнымі мастамі; адноўлены), з боку мора — форт Сант’яга (цяпер музей; захавалася дэкар. разьба), абодва 16 ст. У канцы 16—17 ст. ўзніклі прыгарады М.: Бінонда, Тонда, Санта-Крус, Кіяпа. У 18 ст. цэнтр горада перамясціўся ў гандл. раёны Бінонда і Санта-Крус з параднай вул. Эскольта. Сярод помнікаў 16—18 ст.: царква Сан-Агусцін (пачата ў 1599, асн.буд-ва 1606—14, арх. А. дэ Эрэра; разныя дзверы 1606), ун-т Санта-Томас (1608—15), 1—2-павярховыя жылыя дамы з чарапічнымі дахамі, балконамі, галерэямі. У 19 ст. цэнтрам М. стаў раён Сан-Мігель, дзе пабудаваны палац ген.-губернатара (1863; зборы старой ісп. мэблі, жывапісу, скульптуры, прадметаў побыту; цяпер Палац прэзідэнта). Да помнікаў неаготыкі належаць касцёл і кляштар Санта-Дамінга, касцёл Сан-Ігнасіо (1875), дом Кармэн Рохас (усе арх. Ф.Рохас), да эклектыкі — сабор у Інтрамурасе (1878—79, арх. Эрвас). Найб. значныя будынкі ў сучасных стылях: Далёкаўсх. ун-т (1934—51), Нац. банк Філіпін (1936—44), чыг. кампанія (1936—41, усе арх. П.Антоніо), атэлі 22-павярховы «Хілтан» і «Савой» (арх. Л.Лаксін), дзелавыя будынкі Аяла-авеню (усе 1950—60-я г.), культ. цэнтр Філіпін (1969, арх. Лаксін). Створаны гарады-спадарожнікі М.: Кесан-Сіці, Навотас (прамысловы), Малабон, Макаці (фешэнебельны дзелавы цэнтр з кварталам асабнякоў Форбс-парк) і інш. Помнікі: Х.Рысалю ў парку Лунета (1912—18), А.Баніфасіо (абодва скульпт. Г.Таленціна), «П’ета» ў Мемар. парку Лаёлы (1969—70, скульпт. Э.Кастрыльё). Музеі: Нац. музей Філіпін, музей Санта-Томас і інш.
Т.Р.Мартыненка (архітэктура).
Мост цераз раку Пасіг у Маніле.Гістарычны цэнтр Манілы. Раён Інтрамурас.