*То́лак, то́лок ’трамбоўка’: толоком збівалі ток (ТС). Параўн. укр., рус. то́лок ’прылада для трамбавання; поршань’, дыял. ’таўкач’, польск. tłok ’поршань, штэмпель, пячатка’. Ідэнтычнае польск. tłok ’ціск, ціжба’, чэш. tlak ’ціск, націск’, ’вытаптаная зямля’, славац. tlak ’ціск’, в.-луж. tłok ’цвёрдая перамешаная са жвірам зямля’, славен. tlàk ’добра ўтрамбаваная зямля; ціск’, харв. tlȃk ’ціск’. Сюды ж балг. тлак ’нанос’ (Бярнар, Бълг. изсл., 252), што да прасл. *tolkъ ад *telkti ’таўчы’ (Фасмер, 4, 72; Бязлай, 4, 186; Шустар-Шэўц, 1509). Тэхнічныя тэрміны позняга паходжання (Борысь, 634).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тало́к ’натоўп’ (Сл. Брэс.). Гл. талака́1; форма м. р., магчыма, пад уплывам польск. tłok ’ціск; тлум, ціжба’. Параўн. толак, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Талачы́ць ’выконваць талакою працу (вывозіць гной, вазіць бярвенне і пад.)’, ’святкаваць заканчэнне працы’, ’таптаць, мясіць, есці на корані (пра пасевы, траву)’ (ТСБМ), ’таптаць пасевы, траву’ (Некр. і Байк., Шат., Растарг.), ’збіваць, таптаць, мяць, ламаць нагамі (пасевы хлеба, гародніну, сенакос)’ (Нас.), талачы́ць, тало́чыць ’удзельнічаць у супольнай працы’ (Сл. ПЗБ), талачы́цца ’важдацца’ (Жд. 2); сюды ж талачня́ ’цісканіна, таўкатня’ (Ласт.), тало́ча ’тс’ (Сцяшк. Сл.), талачэ́ча ’таўкатня, бязладдзе’ (Адм.). Параўн. укр. толо́чити ’мяць, таптаць (пасевы, расліны); цягнуць, валачы’, рус. толочи́ть ’вытоптваць траву, пасевы’, польск. tłoczyć ’ціснуць; прыгнятаць, гнясці; таптаць’, ’пакідаць адлогам (поле)’, славац. tlačiť ’набіваць, напіхваць’, чэш. tlačiti ’ціснуць, піхаць, прыгнятаць’, в.-луж. tłóčič ’ціснуць, гнясці’, н.-луж. tłocyś ’таптаць, ціснуць’, серб.-харв. тла̏чити ’ціснуць; таптаць; прыціскаць, гнясці’, славен. tlačiti ’тс’, ст.-слав. тлачити ’біць, таўчы, прыгнятаць’. Прасл. *tolčiti ’ціснуць, гнясці, прыціскаць’ — шматкратны дзеяслоў ад прасл. *telkti ’біць, таўчы, гнясці’ або ўтварэнне ад назоўніка *tolkъ (гл. толак), гл. Борысь, 634; паводак Шустара–Шэўца (1509), каўзатыў ад *telkti (гл. таўчы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)