Танта́цыя (танта́ція) ’цяга, прыхільнасць’: Янук мае тантацыю да маей Анэткі (Ласт.). Відаць, мясцовае ўтварэнне на базе польск. tantonić się ’палаць’, магчыма, звязанага з польск. tantny ’які многа можа, здолее; ганарысты, непакорны’, што з лац. tantus ’такі вялікі’ (Брукнер, 565). Параўн. таксама чэш. tantovat ’льсцівымі словамі прывабліваць’ ад ст.-чэш. tant ’балбатня; драбніца’ з ням. Tand ’пустая балбатня, жарты’ (Махэк₂, 636).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́нціць ‘шанцаваць: ня тэнціць беднаму Сцяпану (Жд. 3: у слоўніку памылкова аб’яднанае з та́нчыць ‘танцаваць’). Няясна; магчыма суаднесці з польск. tentowáć ‘спрабаваць, рабіць высілкі дасягнуць’, што звязана з tentacja ‘спроба, высілкі’, гл. тантацыя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)