Танок, гл. Карагод

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Тано́к ’карагод’ (Бяльк., Ян., Растарг., Арх. Вяр.), ’хаджэнне шырокімі радамі жанчын, якія ўзяліся за рукі’ (у час “ваджэння стралы”) (Земляроб. каляндар), ’карагод, танец’ (чашн., Нар. сл.), ’танец’ (Ласт.), памянш. тано́чак (тапочекъ) ’тс’ (часцей у песнях) (Нас.), мн. л. танкі ’скокі’ (Сержп. Прымхі), тано́к вадзі́ць ’харавод вадзіць’ (Нар. Гом.), танка вадзіці ’тс’ (гом., Д.-Хадак.). Да тан (гл.) пад уплывам польск. дыял. tanek ’танец’ (Фасмер, 4, 19), гл. та́нец.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тан ’танцы, скокі’ (Сцяшк.), ’танец’ (Ласт.). З польск. tan ’танец’, другаснага ўтварэння ад ст.-польск. taniec (гл. та́нец), паводле народнай этымалогіі ўспрынятага як суфіксальнае ўтварэнне з суф. ‑ec (Брукнер, 565; Длугаш-Курчабова, 495). Параўн. танок, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КАРАГО́Д, танок,

масавая нар. гульня, найб. пашыраная са стараж. часоў да пач. 20 ст. ў слав. народаў, у т. л. на Беларусі. Уключае танец, хар. спевы і элементы драм. дзеяння; драм. і танц. сцэны часцей за ўсё ілюструюць змест песні. К. бываюць адкрытыя і закрытыя, падвойныя і адзінарныя, павольныя і хуткія з прытанцоўваннем; іх удзельнікі трымаюцца за рукі, часам за рагі хустак. У бел. летапісах згадваюцца з 11 ст. Асн. сюжэты К. — выбар маладога і маладой, праводзіны ў войска, падзеі сямейнага жыцця і інш. У наш час на Беларусі карагодныя песні і танец звычайна выконваюцца прафес. і самадз. маст. калектывамі.

т. 8, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

То́нкі ’невялікі па шырыні, нятоўсты, вузкі’, ’далікатны’, ’дасціпны’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Вруб., Федар. 4), то́нкій ’тонкі’ (Бяльк.), то́нкый (то́нкий) ’тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), то́нак (то́нък) — кароткая форма прым. (мёрск., Нар. сл.), ст.-бел. то́нкий ’тонкі’ (XV ст., КГС). Укр. тонки́й, рус. то́нкий, стараж.-рус. тънъкыи, тьнъкыи, польск. cienki, в.-луж. ćeńki, н.-луж. śańki, чэш., славац. tenký, славен. tánek, tènek, серб.-харв. та̀нак, та̀нан, балг. тъ́нък, макед. танок, дыял. тонок, ст.-слав. тьнъкъ. З прасл. *tьnъkъ (усх.-слав. *tъnъkъjь з асіміляцыяй рэдукаванага ў першым складзе), першапачаткова *tьnъ ’тонкі’. Роднаснае да ст.-інд. tanúḥ (tánukaḥ) ’тонкі’, асец. t‘œnœg ’доўгі’, літ. tę́vas ’тонкі’, ст.-в.-ням. dunni ’тс’, ст.-англ. þynne ’тс’, нова-в.-ням. dünn ’тс’, англ. thin ’тс’, ст.-ірл. tan(a)e ’тс’, лац. tenuis ’тс’, грэч. τανύς ’доўгі’, ταναός (< ταναϝός) ’выцягнуты’. І.‑е. *tenus з першасным значэннем ’расцягнуты, падоўжаны’ ўтворана ад кораня *ten‑ ’напінаць, цягнуць’ (Фасмер, 4, 76–77; ЕСУМ, 5, 596–597; Чарных, 2, 250; Брукнер, 62; Махэк₂, 640).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КАРАГО́Д, каравод, танок,

старажытны від нар. мастацтва, у якім харэаграфічныя рухі арганічна спалучаюцца з хар. спяваннем і драматызацыяй паэт. зместу (часам з інстр. суправаджэннем). Пашыраны ў народаў з каляндарна-земляробчай абраднасцю, асабліва ў славян і прыбалтаў. На Беларусі сустракаецца амаль усюды, найбольш на Магілёўшчыне і Палессі. Звычайна прымеркаваны да пэўнага часу земляробчага календара. Вясенне-летнія К. традыцыйна займалі значнае месца ў жыцці сял. моладзі. Іх «вадзілі» на вуліцы і палянах павольна, плаўна, залучаючы ўсё новых удзельнікаў (напр., «Як выведзем луку»). Паводле харэаграфічнага малюнка іх падзяляюць на 4 групы: круг («кола»), калі ўдзельнікі рухаюцца па ім справа налева «па сонцу» ці папераменна то ў адзін бок, то ў другі (тыповы К. «Перапёлачка»); процілеглыя рады, якія папераменна то сыходзяцца «сцяной на сцяну», то разыходзяцца (тыповы «А мы проса сеялі»); «пляценне» (тыповы «Запляціся, пляцень»); шэсце, дзе ўдзельнікі рытмізаваным крокам рухаюцца ўздоўж вуліцы шарэнгай, звілістымі радамі ці больш адвольным гуртом (тыповы «Памажы нам, божа, на вуліцу выйсці»). Зімовыя К. «гуляюць» пераважна ў хаце жвава, з прытанцоўваннем, ім уласцівы розныя выяўл. элементы, перайманне рухаў звяроў, птушак («Заінька», «Верабей», «Казёл»). Многія зімовыя К. з’яўляюцца часткай калядных гульняў («Яшчур», «Халімон», «Зязюля», «Жаніцьба Цярэшкі»). Тыповыя сюжэты К.; выхад на вуліцу, велічанне дзяўчат і кпіны з хлопцаў, дабранне пары, проціпастаўленне старога і маладога жаніха (мужа), вырошчванне лёну, канапель, маку і інш. Мелодыі К. інтанацыйна блізкія тыповым напевам веснавых, купальскіх і калядных песень, але маюць і жанрава спецыфічныя рысы дзякуючы пэўнай структуры і рытму, абумоўленым рухам (з устойлівымі рытмаформуламі). На Магілёўшчыне вызначальны ўплыў карагоднай традыцыі і ў абавязковым уключэнні К. ва ўсе цыклы каляндарнага круга, і ў пранікненні рыс карагоднай стылістыкі (пластычнасці мелодыкі, тыповых структур, рытмаў, прыпеваў) у розныя песенныя жанры. У сучасным побыце вёскі захаваліся веснавыя К.-шэсці (іх водзяць пажылыя жанчыны) і тыя зімовыя К., якія ўваходзяць у калядныя гульні.

Публ.:

Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;

Народны тэатр. Мн., 1983. Гл. таксама арт. Веснавыя песні, Калядныя песні, Каляндарныя песні.

Літ.:

Владыкина-Бачинская Н.М. Русские хороводы и хороводные песни. М.; Л., 1951;

Яшчанка В.М. Асаблівасці карагодных традыцый Магілёўшчыны // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1985. № 2.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 8, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)