Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬ (свецкае імя Тамашчык Уладзімір; 15.4.1900, в. Вялікія Азяраны, Беласточчына — 9.6.1970),
бел. рэлігійны і грамадскі дзеяч. Д-р багаслоўя. Скончыў Пражскі політэхн.Ін-т (1934), Украінскую багаслоўскую акадэмію ў Мюнхене (1948). У 1927 арыштаваны польск. ўладамі за бел. грамадска-паліт. дзейнасць. З 1930 у г. Прага. З 1941 на Беласточчыне. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. У 1949 пастрыжаны ў манахі і яму нададзены сан архімандрыта, пасля — епіскапа Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) за мяжой. З 1951 у ЗША, узначаліў амер. епархію БАПЦ, у 1951—52 — Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Браў удзел у выданні час.«Голас царквы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ ІМЯ́Я́НКІ КУПА́ЛЫў Германіі.
Існавала ў 1945—50. Засн. ў лагеры для перамешчаных асоб у г. Рэгенсбург з мэтай падрыхтоўкі бел. моладзі для паступлення ў ВНУ. У 1946/47—1947/48 навуч.г. працавала ў г. Мігельсдорф, у 1948/49 у г. Віндзішбергердорф, у 1949/50 у г. Розенгайм. Дзейнічала ў сістэме ням. школьнай асветы і мела аднолькавыя правы з ням. школамі падобнага тыпу. Гімназія была 8-класная, выкладаліся агульнаадук. прадметы, рэлігія, бел., англ., ням. і лац. мовы, элементы філасофіі. 28.6.1947 гімназіі прысвоена імя Я.Купалы. 28.9.1948 пед. і вучнёўскі калектыў падзелены на 2 школы, якія захавалі імя Я.Купалы. Пры гімназіі існавала вучнёўская бурса, дзе жылі дзеці без бацькоў, дзейнічала скаўцкая арг-цыя, працавалі літ. (выдаваў час. «У выраі»), драм., спарт. гурткі. Адбылося 5 выпускаў, пасведчанні атрымалі 44 чал. У розны час гімназію ўзначальвалі А.Орса, М.Рагажэцкі, А.Вініцкі.
Літ.:
Максімюк Я. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945—1950. Нью-Йорк;
Беласток, 1994.
А.С.Ляднёва.
Да арт. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы. Настаўнікі гімназіі ў Розенгайме. Сядзяць (злева направа): невядомая, А.Вініцкі, епіскап Васіль (Тамашчык), М.Равенскі, А.Савёнак, Л.Савёнак; стаяць: І.Муха, М.Кунцэвіч, А.Каханоўскі, В.Кажан. В.Кендыш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АЎТАКЕФА́ЛЬНАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́за мяжой
(БАПЦ),
рэлігійная арг-цыя беларусаў на эміграцыі. Засн. ў чэрв. 1948 у Германіі рэліг. і грамадскімі дзеячамі, прыхільнікамі ўрада БНР. Дзейнічала ў Еўропе (Германія, Англія, Францыя, Бельгія), з пач. 1950-х г. — у ЗША, Канадзе і Аўстраліі. Прыходы БАПЦ (у 1990-я г. каля 20, з іх 10 у ЗША) прызнаны і афіц. зарэгістраваны дзярж. структурамі гэтых краін. Богаслужэнні вядуцца на бел. мове. Займаецца таксама культ.-асв., выдавецкай, грамадскай, дабрачыннай дзейнасцю, дапамагае беларусам захаваць сваю нац. духоўную спадчыну. Маскоўская патрыярхія і шэраг інш.правасл. цэркваў не прызналі БАПЦ.
Першапачаткова БАПЦ узначальваў епіскап Украінскай аўтакефальнай правасл. царквы Сергій (Грыгор Ахатэнка), з 1971 — епіскап Андрэй (Аляксандр Крыт). У 1949 быў створаны сабор епіскапаў БАПЦ, у які ўваходзіў і епіскап Васіль (Уладзімір Тамашчык), у 1951—70 кіраваў амер. епархіяй. У 1983 БАПЦ раскалолася на 2 рэліг. арг-цыі, якія ўзначалілі рада БАПЦ з мітрапалітам Мікалаем (Міхаілам Мацукевічам) і кансісторыя БАПЦ з мітрапалітам Ізяславам (Янам Бруцкім). Друкаваныя выданні: «Голас царквы», «Царкоўны пасланец» і інш.
Літ.:
Касяк І. З гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу. Нью-Йорк, 1956;
Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993;
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репр. изд. Мн., 1990).
Л.У.Языковіч.
Да арт. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой. Царква Жыровіцкай Маці Божай у г. Кліўленд (ЗША).