талуанскі бальзам

т. 15, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЗО́ЙНАЯ КІСЛАТА́,

бензолкарбонавая кіслата, найпрасцейшая араматычная кіслата, C6H5COOH, мал. м. 122,05. Бясколерныя крышталі, tпл 122,4 °C, шчыльн. 1,316-10·3 кг/м³. Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра ў спірце, эфіры, бензоле. Складаныя эфіры і солі бензойнай кіслаты (бензааты) ёсць у эфірных алеях (напр., гваздзіковы алей), прыродных бальзамах (талуанскі, перуанскі) і бензойнай смале. Атрымліваюць акісленнем талуолу. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці фарбавальнікаў, лек. сродкаў, духмяных рэчываў, у медыцыне як процімікробны і фунгіцыдны сродак; кансервант харч. прадуктаў.

т. 3, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЗА́МНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія ўтвараюць бальзамы. Найб. вядомыя ў тропіках і субтропіках (т.зв. «бальзамныя» дрэвы, радзей кусты). «Бальзамным» дрэвам называюць паўднёваамер. віды з роду Myroxylon сям. бабовых (Myroxylon balsamum, Myroxylon pereira), якія даюць талуанскі і перуанскі бальзамы. З некаторых відаў роду Copaifera таго ж сямейства атрымліваюць капайскі бальзам. Многія бальзамныя расліны вядомы сярод прадстаўнікоў сям. бурзэравых, клюзіевых, ці святаяннікавых, дыптэракарпавых і інш. Да бальзамных раслін належаць некаторыя дрэвы і кусты ўмераных і паўн. шырот, якія даюць жывіцу, — хвоя, елка, ядловец, піхта, лістоўніца, кедр і інш. На Беларусі бальзамныя расліны — хвоя, елка, ядловец і інш.

т. 2, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЗА́МЫ

(ад грэч. balsamon араматычная смала),

натуральныя сумесі арган. рэчываў, пераважна эфірных алеяў, раствораных у іх смолаў, араматычных злучэнняў і інш. кампанентаў. Большасць — празрыстыя або афарбаваныя сіропападобныя вадкасці з прыемным пахам і вострым горкім смакам, раствараюцца ў арган. растваральніках, на паветры паступова гусцеюць і цвярдзеюць, у арганізме чалавека і жывёл часткова акісляюцца.

Бальзамы — прадукты жыццядзейнасці раслін: назапашваюцца ў міжклетніках або смаляных хадах кары, радзей драўніны і лісця, ці ўтвараюцца пры іх пашкоджванні. Мяркуюць, што яны выконваюць у раслінах ахоўную функцыю. Бальзамы ёсць у некаторых бальзамных раслінах тропікаў (мекскі, капайскі, перуанскі, талуанскі бальзам і інш.), сярэдніх і паўн. шырот (кедравы бальзам, хваёвы бальзам, або жывіца, піхтавы бальзам, канадскі бальзам і інш.). Атрымліваюць пераважна падсочкай дрэў у перыяд іх вегетацыі. На Беларусі здабываюць бальзамы хвоі і елкі (больш за 10 тыс. т за год). Выкарыстоўваюцца ў медыцыне (у залежнасці ад саставу маюць антысептычнае, мясцовараздражняльнае, процізапаленчае, адхарквальнае, мачагоннае, антыгельмінтнае і дэзінфекцыйнае дзеянне, сродак для лячэння экзем, ганарэі і інш. захворванняў, бальзаміравання трупаў), у касметыцы, хім. (выраб лакаў, палітур, эмаляў, шкіпінару, фотарэагентаў, хіміка-фармацэўтычных прэпаратаў і інш.), парфумернай прам-сці, у оптыцы.

Бальзамамі называюць таксама штучныя сумесі (напр., мускатны бальзам — сумесь мускатнага алею, воску і аліўкавага алею; бальзам Шастакоўскага, або вінілін — полівінілбутылавы эфір) ці спіртавыя растворы эфірных алеяў, настояў траў і інш. («Беларускі бальзам», «Рыжскі бальзам», «Бальзам Бітнера» і інш.). Штучныя бальзамы таксама выкарыстоўваюць у медыцыне, парфумерыі і касметыцы, як харчовыя прадукты і інш.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 2, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)