таксо́ны

(ад гр. taksis = парадак, лад)

класіфікацыйныя адзінкі ў сістэматыцы раслінных і жывёльных арганізмаў (від, род, сям’я, або парадак, клас і тып, або аддзел).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КАСМАПАЛІ́ТЫ ў біялогіі,

віды (або інш. таксоны) раслін і жывёл, якія трапляюцца амаль па ўсёй Зямлі. К. — арганізмы з вял. адаптыўнымі здольнасцямі, шырокай экалагічнай пластычнасцю. На ўзроўні віду К. нямнога. З раслін — водныя і балотныя, напр., рагоз, раска, урэчнік, або пустазелле — драсён птушыны, мятліца аднагадовая, стрэлкі, трыпутнік вялікі і інш.; з жывёл — гар. верабей, шэры пацук, пакаёвая муха і інш. Часцей К. — таксоны больш высокага рангу. З раслін — злакі і складанакветныя, з жывёл — калаўроткі, прэснаводныя ракападобныя, ціхаходкі і інш. Гл. таксама Эндэмікі.

т. 8, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІФІЛІ́Я (ад полі... + ...філія),

паходжанне пэўнай групы арганізмаў ад некалькіх продкавых груп, не звязаных блізкай роднасцю. Ажыццяўляецца шляхам канвергенцыі і проціпастаўляецца монафіліі, як эвалюц. прынцыпу, заснаванаму на дывергенцыі. Згодна з сучаснай эвалюц., філагенет. сістэматыкай, арганізмы класіфікуюцца ў адпаведнасці з інфарм. зместам іх генет. праграмы. Таксоны эвалюц. сістэматыкі бываюць толькі монафілетычнымі. Напр., даказана П. зайцападобных і грызуноў, якіх раней аб’ядноўвалі ў адзін атр., а цяпер іх адасабляюць у 2 самастойныя атрады. Часам тэрмінам «П.» абазначаюць перасячэнне таксанамічнай мяжы паміж продкавай і даччыной групамі арганізмаў некалькімі роднаснымі філетычнымі лініямі, якія эвалюцыяніравалі паралельна (гл. Паралелізм).

Літ.:

Шмальгаузен И.И. Проблемы дарвинизма. 2 изд. Л., 1969;

Майр Э. Принципы зоологической систематики: Пер. с англ. М., 1971.

т. 12, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЭВАЛЮ́ЦЫЯ [ад лац. со (cum) з, разам + эвалюцыя],

сумесная (спалучаная) эвалюцыя двух і больш таксонаў, калі эвалюцыя кожнага часткова залежыць ад эвалюцыі другога. Таксоны аб’яднаны цеснымі экалагічнымі сувязямі, але не абменьваюцца генамі; пры гэтым дзейнічае рэцыпрокны ціск адбору (гл. Рэцыпрокнае скрыжаванне). Да К. належыць большасць папуляцыйных узаемаадносін, ад драпежніцтва і канкурэнцыі да мутуалізму і протакааперацыі, калі адносіны паміж двума арганізмамі (папуляцыямі) узаемакарысныя, але не з’яўляюцца абавязковымі, і ўзаемасувязь выпадковая (напр., некат. насякомыя жывуць і кормяцца на раслінах і выпадкова прымаюць удзел у іх апыленні). У вузкім сэнсе К. — эвалюц. ўзаемаадносіны паміж раслінамі і жывёламі. Тэрмін «К.» ўжываецца і ў адносінах да сістэмы «грамадства—прырода». Несупадзенне хуткасцей прыроднага працэсу, які ідзе марудна, і сац.-эканам. развіцця чалавецтва, якое ідзе намнога хутчэй, вядзе да дэградацыі прыроды. Прапануецца такое ўздзеянне чалавека на прыроду, якое рэгулюецца і свядома абмяжоўваецца (стварэнне наасферы). Гл. таксама Каадаптацыя.

т. 8, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)