Сі́тна

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, ніякі род, 1 скланенне

адз.
Н. Сі́тна
Р. Сі́тна
Д. Сі́тну
В. Сі́тна
Т. Сі́тнам
М. Сі́тне

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

Сітна (воз.); 9/538

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Сітна (крэпасць каля Полацка) 3/559

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ТНА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сосніца, за 44 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 1,83 км², даўж. 2,8 км, найб. шыр. 970 м, найб. глыб. 7,5 м, даўж. берагавой лініі 7,2 км. Пл. вадазбору 8,5 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 8—9 м, параслі лесам і хмызняком, на Пд выш. да 17 м, у верхняй ч. разараныя. Пойма шыр. 10—40 м, укрытая хмызняком, на ПнЗ пераходзіць у вярховае балота. Берагі нізкія, пясчаныя, на Пн тарфяныя. У крайніх паўд.-зах. і паўн.-ўсх. частках катлавіны мелі з глыб. 1,2, 1,7 і 2,3 м. Дно да глыб. 4 м выслана пяском і апясчаненым ілам, глыбей — сапрапелем. Мінералізацыя вады 120—150 мг/л. празрыстасць 1,9 м. Эўтрофнае. Моцна зарастае. Шыр. паласы расліннасці да 200 м, пашырана да глыб. 3,2 м. На Пд выцякае ручай у воз. Сіценец.

т. 14, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Малое Сітна (в.) 6/261, 587; 8/491 (к.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́Е СІ́ТНА,

вёска ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., на р. Палата, каля воз. Ізмак. Цэнтр сельсавета. За 50 км на ПнУ ад г. Полацк, 95 км ад Віцебска, 6 км ад чыг. ст. Алешча. 387 ж., 176 двароў (1999). Лесаўчастак, сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі земляное ўзвышша ад Сітнаўскага замка.

т. 10, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́ДНІКАЎ (Уладзіслаў Андрэевіч) (н. 13.1.1936, в. Сітна Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне аграхіміі. Д-р с.-г. н. (1994). Скончыў БСГА (1965). З 1961 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па вапнаванні кіслых глеб, сістэмах угнаенняў у севазваротах, аптымальных дозах і тэрмінах унясення ўгнаенняў пад с.-г. культуры.

Тв.:

Влияние обеспеченности почвы подвижными формами фосфора и калия на эффективность удобрений в севообороте (разам з М.​П.​Шкелем) // Агрохимия. 1989. №5;

Эффективность повторного известкования дерново-подзолистой среднесуглинистой почвы в полевом севообороте // Там жа. 1991. №2.

т. 13, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАХАЛАВІ́ЦКІ (Пахалавецкі, Пахаловіч) Станіслаў, бел. картограф і мастак 2-й пал. 16 ст. Служыў сакратаром у магнатаў ВКЛ, у 1563—66 пры двары жонкі караля Польшчы і вял. князя ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста, потым у скарбовай і кароннай канцылярыях. У час Лівонскай вайны 1558—83 як картограф удзельнічаў у ваен. паходах, за што быў набілітаваны. Склаў карту «Вопіс Полацкага княства...» [выкарыстана картографамі Г.​Меркаторам (карта «Літва», 1595) і Т.​Макоўскім («Карта Вялікага княства Літоўскага», 1613)], план аблогі Полацка войскамі Стафана Баторыя ў 1579 (абодва награвіраваны ў 1580 у Рыме Т.​Трэтэрам), выканаў акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579». Верагодна, разам з інж. П.​Франкусам працаваў над аксанаметрычнымі выявамі 6 крэпасцей на Полаччыне: Казьян, Красная, Сітна, Сокал, Суша і Туроўля.

т. 12, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ТНАЎСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16 ст. на паўд.-зах. беразе воз. Сітна каля вытокаў р. Палата (Полацкі р-н Віцебскай вобл.). Пабудаваны ў 1563 з дрэва на штучнай земляной выспе, умацаванай драўлянымі канструкцыямі. Трапецападобную форму замка вызначала канфігурацыя мыса, утворанага берагам возера і лукавінай ракі. Быў умацаваны драўлянымі абарончымі сценамі-гароднямі з 4 вуглавымі чацверыковымі 3-яруснымі вежамі (на паўкруглых у плане асновах), накрытых двухсхільнымі дахамі. Праезд у замак размяшчаўся ў сцяне з боку перашыйка паміж ракой і возерам. 1-павярховая драўляная забудова размяшчалася ў цэнтры замка, свабодная прастора ўздоўж сцен прызначалася для манеўра войск. С.з. разбураны войскамі ВКЛ у 1566, потым адбудаваны і зноў знішчаны пры штурме ў час Лівонскай вайны 1558—83. Вядомы паводле малюнка С.​Пахалавіцкага 1579.

Ю.​А.​Якімовіч.

Сітнаўскі замак. З малюнка С.​Пахалавіцкага. 1579.

т. 14, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ РАЁН.

Размешчаны ў цэнтры Віцебскай вобл. Утвораны 17.4.1924 (у сучасных межах з 1960). Пл. 3,2 тыс. км². Нас. 33,8 тыс. чал. (2000), гарадскога 8,6%. Сярэдняя шчыльн. 11 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Полацк. Уключае г. Наваполацк, г.п. Ветрына, 407 сельскіх населеных пунктаў, Ветрынскі пасялковы Савет, 19 сельсаветаў: Адамоўскі, Азінскі, Астроўшчынскі, Бабыніцкі, Баравухскі, Вароніцкі, Гаранскі, Гомельскі, Заазерскі, Зялёнкаўскі, Маласітнянскі, Нацкі, Палатоўскі, Салоніцкі, Трудаўскі, Фарынаўскі, Шпакоўшчынскі, Экіманскі, Юравіцкі.

Тэр. раёна ў межах Полацкай нізіны. Паверхня пераважна плоская, ускладнена марэннымі ўзгоркамі, рачнымі далінамі, камамі, азёрнымі катлавінамі, радзей озамі; 65% яе на вышыні 125—150 м, 28% — 150—170 м. Найвыш. пункт 180 м (за 2 км на Пд ад г.п. Ветрына). Глыб. расчлянення рэльефу на ўзгорыста-азёрных участках да 20 м/км². Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пясок, мінер. воды. Сярэдняя т-ра студз. — 7,2 °C, ліп. 17,7 °C. Ападкаў 601 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб. рака Зах. Дзвіна з прытокамі Сосніца, Палата, Тураўлянка, Ушача з Нежлеўкай, Нача. На ўліку 191 возера з пл. больш за 5 га (61 мае рыбапрамысл. значэнне), найб. Янова, Вядзета, Чарвятка, Наўліцкае, Гомель, Болныра, Усомля. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (43,4 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (32,8 %), тарфяна-балотныя (13,2 %). Пад лесам [61% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, чорнаальховыя, ёсць асінавыя і шэраальховыя лясы. Штучныя насаджэнні (пераважна хваёвыя) — 7,1 %. Пад балотамі 5 % тэрыторыі, найб. балоты Сосніца — Дражбітка, Судзіна, Замошша, Ізмацкае, Чарвятка. На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтны Казьянскі (да 1999 біял), біял. Лонна, гідралагічныя Вялікае Астравіта і Глыбокае-Чарбамысла. Помнікі прыроды рэсп. значэння: валун каля в. Свяціца, скопішча валуноў «Янава» (в. Бікульнічы), пагорак камавы «Валатоўка». Ахоўныя тарфянікі: Нядружынскае і Кляшторна. Зоны адпачынку «Азёрная» і «Туроўля».

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 77,7 тыс. га, з іх асушаных 14,4 тыс. га. На 1.1.2000 у раёне 9 калгасаў, 13 саўгасаў, калектыўнае с.-г. прадпрыемства, 50 фермерскіх і 33 падсобныя гаспадаркі, птушкафабрыка. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, лёну, агародніны. Прадпрыемствы дрэваапр., першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), буд. матэрыялаў; каап. прам-сці; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Невель—Полацк—Маладзечна, Віцебск—Полацк—Даўгаўпілс; аўтадарогі Віцебск—Рыга, з Полацка на Віцебск, Лепель, Глыбокае, Міёры, Верхнядзвінск, Асвею, Апочку (Расія), Расоны; нафтаправоды Сургут—Полацк, «Дружба», прадуктаправод Полацк—Вентспілс (Латвія), адгалінаванне ад газаправода Таржок (Расія) — Івацэвічы. У раёне 17 сярэдніх, 10 базавых, 7 пачатковых школ, школа-інтэрнат, 2 муз., 3 школы мастацтваў, СПТВ, Дом дзіцячай творчасці, аздараўленчы лагер «Чайка», 27 дашкольных устаноў, 45 б-к, 25 дамоў культуры, 12 клубаў, 6 бальніц, паліклініка, 6 амбулаторый, 23 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: сядзіба і царква (пач. 20 ст.) у в. Бяздзедавічы, парк (2-я пал. 19 ст.) у в. Рудня. Гіст. помнікі: рэшткі земляных умацаванняў (17 ст.) каля в. Кушлікі, замчышча Сітна (1563—1579) каля в. Малое Сітна, замчышча Туроўля (1563—1579) каля в. Туроўля. Выдаецца газ. «Полацкі веснік».

Г.​А.​Сакалова, Г.​С.​Смалякоў.

т. 12, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)