сіве́нькі

прыметнік, якасны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. сіве́нькі сіве́нькая сіве́нькае сіве́нькія
Р. сіве́нькага сіве́нькай
сіве́нькае
сіве́нькага сіве́нькіх
Д. сіве́нькаму сіве́нькай сіве́нькаму сіве́нькім
В. сіве́нькі (неадуш.)
сіве́нькага (адуш.)
сіве́нькую сіве́нькае сіве́нькія (неадуш.)
сіве́нькіх (адуш.)
Т. сіве́нькім сіве́нькай
сіве́нькаю
сіве́нькім сіве́нькімі
М. сіве́нькім сіве́нькай сіве́нькім сіве́нькіх

Крыніцы: piskunou2012, prym2009, sbm2012, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

сіве́нькі, ‑ая, ‑ае.

Памянш.-ласк. да сівы. Дзеду было гадоў шэсцьдзесят пяць: сівенькі, худы, з ружовай лысінай. Бядуля. Папараць абсела мятліца, сівенькая, дробненькая — дрыжыць нават тады, калі няма ветру. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́рба, ‑ы, ж.

Ручка, якой прыводзяць у рух што‑н. Сівенькі дзядок-лірнік пасоўваўся ўбок і, круцячы корбу, пачынаў напяваць. С. Александровіч.

[Ням. Kurbe.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скасі́цца, скашуся, скосішся, скосіцца; зак.

1. Стаць косым, скрывіцца, пахіліцца. Сівенькі, кволенькі зруб калодзежа журботна скасіўся ў бок прыгрэбніка. Колас.

2. Паглядзець скоса. Спакойны, непаспешлівы ў рухах, ветэрынарны ўрач, перш чым агледзець хворую трусіху, скасіўся з-пад акуляраў і доўгім уважлівым позіркам паглядзеў на Даніка. Краўчанка. — Ідзі бяры мантажнікаў, чаго марудзіш, — панура сказаў .. [Кашын] і скасіўся на лісток, што ляжаў на стале. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВО́СЕНЬСКІЯ ПЕ́СНІ, восень,

жанрава разнастайны цыкл песень каляндарна-земляробчага круга. Вызначаюцца нац. адметнасцю, якая праяўляецца: ва ўтварэнні асобага цыкла, сцвярджаючы тым самым бел. каляндарны фальклор як 4-цыклавы (у іншых славянскіх і балцкіх народаў восеньскія песні як самаст. цыкл не адзначаны, а паасобныя іх узоры працягваюць летні або папярэджваюць зімовы цыклы); у фарміраванні пазаабрадавай песеннай лірыкі больш позняга гісторыка-стылёвага пласта; у канцэнтраванні характэрных рыс бел. народнапесеннай творчасці як этнакультуры (паглыблены лірызм пры эмацыянальнай стрыманасці). У цэлым восеньскія песні на Беларусі ўтвараюць тры вял. групы: з абагульненымі тыпалагічна акрэсленымі напевамі («ярныя», «ярынныя», «яравое жніво»; «ільняныя», «пры лёне»; «аўсяныя», «авясец»), строга замацаваныя за апошнім этапам палявых работ; з абагульненымі тыпавымі і ў пэўнай меры індывідуалізаванымі напевамі (уласна «восень»); з індывідуалізаванымі напевамі, умоўна прымеркаванымі да восені (могуць спявацца і «абы-калі» — «журавіны беручы», «збіраючы грыбы» і інш.). Першыя 2 групы пашыраны на Паазер’і і Панямонні, апошняя — на ўсёй тэр. Беларусі. Пры агульнасці тэматыкі з усімі каляндарнымі песнямі (працоўнай, шлюбнай і сямейна-бытавой) у восеньскай песні дамінуе шчымлівы матыў развітання (насуперак узнёсламу матыву чакання ў веснавых песнях). Асноўная сфера іх паэтычнай вобразнасці — элегічны роздум з псіхал. паралелямі, якія асацыіруюцца з карцінамі затухаючай прыроды з тыповымі «ярыннымі» вобразамі птушак (перапёлкі, цецерука), сумам іх адлятання. Адпаведны танальны настрой выяўляюць і муз. выразныя сродкі восеньскіх песень. Іх мелодыя разгортваецца плаўна, з частым, як бы сузіральным спыненнем на адным гуку (найчасцей квінтавым тоне гукараду), з характэрнай секундавай пераменнасцю апорных тонаў, што стварае ўражанне незавершанасці, замяшання, нейкай затоенасці пачуццяў. У песнях з тыповымі восеньскімі напевамі тыпалагічна акрэслены і восеньскія сюжэты. Па нар. вызначэнні на Паазер’і восень — гэта мядзведзь: «А ў цёмным лесе мядзведзь рыкаіць / Мядзведзь рыкаіць, дзевак пужаіць». Далей гэты зачын разгортваецца ў сумна паглыбленых тонах: не мядзведзя баіцца дзяўчына, а восеньскай ночкі — «цёмнай», «доўгай», «страшнай», якая разлучыць яе з «айцом і мамкай» (па традыцыі сватаўство на Паазер’і адбывалася гал. чынам познімі восеньскімі вечарамі). На Палессі восень — гэта галкі: «Ой вы, галкі, вы чарненькія, падніміцесь ўгору / Некруцікі маладзенькія, вярніцесь дадому». Але як галкі не могуць падняцца, ахінутыя восеньскім туманам, так не могуць вярнуцца і рэкруты. Усеабдымны сум развітання (з цеплынёю лета, прыгажосцю дзявоцтва) збліжае восеньскія песні з драматызмам «абраду пераходу» ў вясельных песнях, аж да супадзення сюжэтнай і структурнай тыпізацыі, як у наступных восеньскай і вясельнай песнях: «Чаго ты, лосю, чаго, сівенькі, так к сялу прылягаеш? / Ой ці ты, лосю, ці ты, сівенькі, цяжкую зіму чуеш?», «Ляцяць галачкі ў тры радочкі, зязюлька паперэду / Усе галачкі па лугах селі, зязюлька на каліне / Усе галачкі зашчабяталі, зязюлька закувала». З усіх 4 цыклаў песень каляндарна-земляробчага круга (як гукавых знакаў-сімвалаў рознай пары года) менавіта восеньскі цыкл прыцягвае самую вял. колькасць неабрадавых лірычных песень, што сведчыць аб яго найбольшай адкрытасці ў макрасістэме бел. песеннай культуры.

Публ.:

Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;

Восеньскія і талочныя песні. Мн., 1981 (Бел. нар. творчасць);

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. Мн., 1983;

Паэзія беларускага земляробчага календара. Мн., 1992 (Бел. нар. творчасць).

Літ.:

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие: (Очерки). Мн., 1977;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 4, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

gray

[greɪ]

1.

n.

1) шэ́ры ко́лер

2) сіво́е сукно́

3) сівы́ -о́га m. (пра каня́)

2.

adj.

1) сівы́ (валасы́, конь, сьві́тка), сіве́нькі

to turn gray — сіве́ць; шэ́ры (дзень, во́чы), шэ́ранькі

2) informal стары́, стараве́чны

3) цёмны, пану́ры, шэ́ры; цяжкі́

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

бы́ццам, злучн. і часціца.

1. злучн. параўнальны. Ужываецца пры дапушчальным параўнанні рэальнага характару ў значэнні «як», «усё роўна як». Брызент, быццам ветразь, надзімаўся і трапятаў на ветры. Мележ. Быццам той карабель, да шчаслівых зямель ты плывеш праз гадоў акіяны. А. Вольскі. // Ужываецца пры дапушчальным параўнанні ўмоўна-ўяўнага характару і па свайму значэннях адпавядае злучнікам: «нібы», «як быццам». Каля штыкецін гародчыка, ля свежаабчасаных калочкаў, быццам сёстры, стаялі бярозкі. Даніленка. Быццам дождж гарачы, Так з вачэй у маткі слёзы паплылі. Танк. Ліда Сцяпанаўна інстынктыўна засланіла сабой дачку і стаяла, быццам скамянелая. Шчарбатаў. // У гэтым жа значэнні злучае параўнальныя звароты і сказы з адценнем меркавання, здагадкі; па свайму значэнню збліжаецца са злучнікамі «як бы», «нібыта». Пастух, стары ўжо чалавек, згорблены і доўгі, хадзіў па ўзмежку, раз-пораз згінаўся, быццам нешта шукаў. Асіпенка. Саша прачнулася, аблітая халодным потам. Сэрца калацілася так, быццам сапраўды яна толькі што доўга бегла, змагаючыся з віхурай. Шамякін. / У спалучэнні з часціцай «бы». І вырас, быццам бы грыбок З цёплымі дажджамі, Ціхі сівенькі дзядок, З барадой, з вусамі. Бялевіч. // Ужываецца для сувязі параўнальных зваротаў і даданых параўнальных сказаў са значэннем неадпаведнасць неверагоднасці; у сэнсавых адносінах адпавядае злучніку «нібыта». Бачачы, што Сільніцкі .. трапіць у лапы жывадзёраў, жанчына дала яму на рукі дзіця, а сама з кашолкай пайшла побач з ім, быццам яго жонка. Крапіва. [Хлопцы] .. зрабілі пад.. [лаўжом] гняздо з лапак і склалі туды свой скарб. Потым апусцілі лоўж на месца і, быццам нічога не здарылася, рушылі тымі ж кустамі дахаты. Якімовіч.

2. злучн. тлумачальны. а) Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы, калі сказанае ў гэтых сказах не адпавядае сапраўднасці. Дзед штодня цешыць унукаў, быццам вясна ўжо блізка, што вось-вось ужо за гэтым лесам, што за рэчкай стаіць. Цётка. Ляснік папаўся такі, што баіцца слова сказаць, прыкідваецца, быццам не бачыць, што ў яго абходзе робіцца. Крапіва. б) Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы са значэннем няўпэўненасці. Пастам здалося, быццам нехта спрабуе акружыць лагер. В. Вольскі. в) Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы, якія паясняюць галоўны сказ шляхам умоўнага дапушчэння чаго‑н. [Алесь:] — У мяне такое адчуванне, быццам на свет зноўку нарадзіўся. Шыцік. / У спалучэнні са злучнікам «што», часціцай «бы» («што быццам», «быццам бы», «што быццам бы»). Шукаючы ратунку, .. я паглядзеў Закрэўскаму ў вочы і бачыў у іх такую ласкавасць да мяне, што быццам бы гэта быў мой родны бацька. Чорны.

3. часціца. Паказвае на няўпэўненасць, дапушчальнасць выказвання, яго ўмоўна-ўяўны характар. Ты і дапамагаеш, ты і быццам радуешся, што мы адстаём. Шамякін. Луг зялёны за ракою Быццам снегам замяло. Муравейка.

•••

Як быццам — тое, што і быццам (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)