Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНІ́ЧАСКІ ПРАЛІ́Ў, Тонкі,
праліў, што злучае Азоўскае м. з зал. Сіваш, паміж паўн. краем Арабацкай Стрэлкі і мацерыком. Даўж. каля 4 км, шыр. 80 — 150 м, глыб. да 4,6 м. Порт Генічаск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБА́ЦКАЯ СТРЭ́ЛКА,
вузкая і доўгая пясчаная каса ва ўсх.ч. Крымскага п-ва. Цягнецца амаль паралельна паўн.-ўсх. берагу і аддзяляе зал. Сіваш ад Азоўскага мора. Даўж. 113 км, шыр. ад 270 м да 8 км. На Пн аддзяляецца ад мацерыка вузкім Генічаскім пралівам. Назва паходзіць ад стараж. ўмацавання Арабат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАШЫ́РАЎ (Гумер Башыравіч) (н. 7.1.1901, с. Янга-Сала Арскага р-на, Татарстан),
татарскі пісьменнік. Літ. дзейнасць пачаў у 1931 (апавяданне «Кроў Хашыма»), Збіраў і даследаваў тат. фальклор, які паўплываў на характар яго творчасці. У творах падзеі грамадз. і Вял. Айч. войнаў, жыццё вёскі (аповесці «Сіваш», 1937; «Родны край — зялёная мая калыска», 1967; зб-кі апавяданняў «Помста», 1942; «Гарманіст», 1943; раманы «Гонар», 1948, Дзярж. прэмія СССР 1951; «Добрай раніцы», 1963; «Сем крыніц Алтынбікэ», кн. 1—2, 1977—78.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́ЎСКАЕ МО́РА (стараж.-рус. Суражскае мора),
унутранае мора Атлантычнага ак. на ПдУсх.-Еўрап. раўніны; самае мелкае на Зямлі. Пл. 39 тыс.км², аб’ём 0,29 тыс.км³, сярэдняя глыб. 7 м, найб. — 15 м. Узбярэжжа належыць Украіне і Рас. Федэрацыі. Керчанскім пралівам злучана з Чорным м.Паўн. і паўд. берагі ўзгорыстыя і абрывістыя, зах. і ўсх. — пераважна нізінныя. Шмат пясчаных косаў (Бярдзянская, Арабацкая Стрэлка і інш.). Залівы Таганрогскі, Цемрукскі, Сіваш. Упадаюць Дон, Кубань, Міус, Кальміус і інш. Клімат пераважна кантынентальны. Укрыта лёдам 2—3 месяцы. Летам т-ра вады на паверхні да 25—30 °C. Цячэнні няўстойлівыя. У канцы 20 ст. выкарыстанне водных рэсурсаў рэк у бас. Азоўскага мора садзейнічае памяншэнню аб’ёму і змене рэжыму паступлення ў мора рачнога сцёку, павелічэнню прытоку больш салёнай вады з Чорнага мора, што ўплывае на склад флоры і фауны мора. Салёнасць 10—13%, у малаводныя гады да 15—17%; памяншаецца ўлоў рыбы (судак, лешч, таран, сяўруга, хамса, цюлька і інш.). Транспартнае значэнне павялічылася пасля буд-ва Волга-Данскога канала. Порты: Марыупаль, Таганрог, Ейск, Бярдзянск, у вусці Дона — Растоў. Шмат курортаў і зон адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МСКІ ПАЎВО́СТРАЎ, Крым,
на Пд Украіны. Абмываецца на З і Пд Чорным, на У Азоўскім морамі і Керчанскім пралівам. З мацерыком злучаны вузкім (8 км) Перакопскім перашыйкам. Пл. 27 тыс.км². На У — Керчанскі п-аў, на З — Тарханкуцкі. Уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа цягнецца сістэма неглыбокіх заліваў (Сіваш), якія аддзелены ад мора нізіннай пясчанай Арабацкай Стрэлкай. Паўн. частка К. — раўніна (т.зв. Стэпавы К.), паўд. (Горны К.) займаюць Крымскія горы (выш. да 1545 м, г. Раман-Кош). Каля паўд. падэшвы гор прыбярэжная паласа Паўднёвага берага Крыма з лакалітамі (г. Аюдаг) і стараж. вулканічнымі масівамі (Карадаг). Карысныя выкапні: жал. руда (Керчанскі жалезарудны басейн), газ, нафта, вапнякі, мергелі, соль і лек. гразі азёр. Клімат на Пн умераны, сухі, на Пд субтрапічны міжземнаморскага тыпу. Сярэднія т-ры студз. ад 1—2 °C на Пн да 4 °C на Пд, ліп. 24 °C. Ападкаў ад 300 мм на Пн да 1200 мм у гарах за год. Рэкі малаводныя, найб. — Чорная, Салгір, Кача, Альма. Ліманныя салёныя азёры (Сакскае і інш.). Паўн.-Крымскі канал. Глебы на Пн каштанавыя, у цэнтры — пераважна чарназёмы, у гарах бурыя горна-лясныя і чарназёмападобныя горна-лугавыя. Стэпавы К. амаль поўнасцю ўзараны, зрэдку трапляецца стэпавая расліннасць. У гарах ядлоўцава-дубовыя і букава-грабавыя лясы. На ўзбярэжжы хмызняковая расліннасць з шыбляку. Жывёльны свет: на Пн стэпавыя грызуны і птушкі, у гарах высакародны алень, муфлон, казуля, каменная куніца, кажан; птушкі — чорнагаловая сойка, дзяцел, чорны грыф, арлы. На тэр. К. — Ялцінскі, Мыс Марцьян, Карадагскі запаведнікі, Крымская запаведна-паляўнічая гаспадарка, Нікіцкі бат. сад. Гал. гарады: Сімферопаль, Севастопаль, Керч, Еўпаторыя і інш. Пра гаспадарку гл. ў арт.Крым (Аўтаномная Рэспубліка Крым).