сястра назоўнік | жаночы род

  1. Кожная з дачок у адносінах да іншых дзяцей гэтых жа бацькоў.

    • Родная с.
    • Дваюрадная (стрыечная) с.
  2. Асоба сярэдняга медыцынскага персаналу ў лячэбнай установе.

    • Медыцынская с.
    • Хірургічная с.
    • С.-гаспадыня (якая загадвае гаспадаркай, бялізнай, інвентаром і інш.).
    • Міласэрная сястра — медыцынская сястра, якая дапамагае хворым, раненым.
    • Малочная сястра — дачка мамкі ў адносінах да выкармленых ёю чужых дзяцей, а таксама выкармленая дзяўчынка ў адносінах да дзяцей мамкі.

|| памяншальная форма: сястрыца і сястрычка.

|| прыметнік: сястрын і сястрынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (2002, правапіс да 2008 г.)

сястра́,ы́; мн. сёстры (з ліч. 2, 3, 4 сястры́), сясцёр; ж.

1. Кожная з дачок у адносінах да іншых дзяцей гэтых жа бацькоў. [Ганна Тарасаўна:] — Гадавалася я круглай сіратой — ні бацькоў, ні братоў, ні сясцёр родных. Бядуля.

2. Жанчына, аб’яднаная з кім‑н. агульнымі інтарэсамі, умовамі і пад. Як рэзка адрозніваецца далейшы лёс Кацярыны [з паэмы П. Броўкі «Кацярына»] ад лёсу яе сясцёр з твораў Някрасава або Шаўчэнкі. Бярозкін. // перан. Пра блізкую, духоўна родную жанчыну. Сустрэць у кім-небудзь сястру. // перан. Пра што‑н. блізкае, роднаснае. [Паддубны:] — Ці ж не табе [Сяргею] казалі не раз, што вытрымка — родная сястра адвагі. М. Ткачоў.

3. Асоба сярэдняга медыцынскага персаналу ў лячэбнай установе. Дзяжурная сястра. Хірургічная сястра. ▪ Бальнічны дзень пачынаўся з абходу сястры. Нячутнымі крокамі ўваходзіла яна ў палату, будзіла хворых, рабіла ўколы, клала на тумбачку медыкаменты. Асіпенка. Вып’ем мы за сваіх генералаў, За ласкавых сясцёр франтавых. Панчанка.

4. Член жаночага рэлігійнага брацтва; манашка.

•••

Дваюрадная сястра — дачка дзядзькі або цёткі.

Малочная сястра — дачка мамкі ў адносінах да выкармленых ёю чужых дзяцей, а таксама выкармленая дзяўчынка ў адносінах да дзяцей мамкі.

Медыцынская сястра — тое, што і сястра (у 3 знач.).

Міласэрная сястра (уст.) — медыцынская сястра.

Сястра-гаспадыня — асоба, якая загадвае гаспадаркай (вялізнай, інвентаром, часам — харчаваннем і пад.) у лячэбных і дзіцячых установах, сталовых і пад.

Траюрадная сястра — дачка дваюраднага дзядзькі або цёткі.

Ваша сястра — вы і вам падобныя жанчыны; усе вы, жанчыны.

Наша сястра — мы і нам падобныя жанчыны; усе мы жанчыны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сястра́ ж., в разн. знач. сестра́;

дваю́радная (стрые́чная) с. — двою́родная сестра́;

медыцы́нская с. — медици́нская сестра́;

мало́чная с. — моло́чная сестра́;

міласэ́рная с. — сестра́ милосе́рдия;

с.-гаспады́ня — сестра́-хозя́йка

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (актуальны правапіс)

сястра́ ж

1. Schwéster f -, -n;

стрые́чная сястра́ Kusíne f -, -n;

2. (у лячэбнай установе):

медыцы́нская сястра́ Kránkenschwester f -, -n;

патрана́жная сястра́ Fürsorgerin f -, -nen, Fürsorgeschwester f;

пала́тная сястра́ Statiónsschwester f

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс)

Сястра́ ’дачка ў адносінах да іншых дзяцей гэтых жа бацькоў’, перан. ’асоба сярэдняга медыцынскага персаналу ў лячэбнай установе і ласкавы зварот да яе’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ); сестра́ ’тс’ (ТС), сюды ж сястро́нка, сястру́ха, сястру́хна ’стрыечная сястра’ (Сл. ПЗБ), сястру́нка ’тс’ (Янк. 1). Укр., рус. сестра́, стараж.-рус. сестра, польск. siostra, в.-луж. sotra, н.-луж. sotša, палаб. sestră, чэш., славац. sestra, серб.-харв. сѐстра, славен. séstra, балг. сестра́, макед. сестра, ст.-слав. сестра. Прасл. *sestra, першапачаткова аснова на ‑r‑, потым перайшло да асноў на ‑a, роднаснае літ. sesuõ, Р. скл. seser̃s, ст.-прус. swestro, ст.-інд. svásar‑, гоц. swistar, лац. soror, ст.-ірл. siur, тахар. A ṣar ’тс’ < і.-е. *su̯esor, якое з’яўляецца, як мяркуюць, складаным словам ад і.-е. *su̯e‑ ’свой’ і *sor‑ ’жанчына’; гл. Фасмер, 3, 612 з ранейшай літ-рай; Махэк₂, 541–542; Шустар-Шэўц, 1335–1336; Скок, 3, 226; Сной, 564; ЕСУМ, 5, 223; Борысь, 549; Трубачоў (История терм., 63 і наст.) адзначае неаднастайнасць тлумачэння другой часткі кампазіта; напрыклад, аспрэчваецца рэальнасць і.-е. *sor ’жанчына’ і прапаноўваецца кампазіт *su‑esor ’сваёй крыві’, г. зн. ’адзінакроўная’, дзе *esor: *esr ’кроў’, параўн. санскр. ásrk, грэч. έαρ ’тс’. Адносна слав.-герм. str < і.-е. *sr параўн. струга, струя і пад. Агляд версій гл. ESJSt, 13, 800–801.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

брат-сястра, брат-сястры, ж.

Травяністая расліна сямейства залознікавых, від братаўкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

брат-сястра́ ж бат Wáchtelweizen m -s

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс)

швагерка назоўнік | жаночы род

Жончына сястра.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (2002, правапіс да 2008 г.)

медсястра назоўнік | жаночы род

Скарачэнне: медыцынская сястра.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (2002, правапіс да 2008 г.)

сестра́ сястра́, -ры́ ж.;

двою́родная сестра́ стрые́чная (дваю́радная) сястра́;

медици́нская сестра́ медыцы́нская сястра́.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (актуальны правапіс)