СЦЕНАВЫ́Х МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна прамысловасці буд. матэрыялаў па выпуску вырабаў, якія выкарыстоўваюцца пры ўзвядзенні сцен будынкаў. Уключае прадпрыемствы па вытв-сці сценавых, абліцовачных і аддзелачных матэрыялаў, вырабаў і канструкцый, асабліва бетонных і жалезабетонных, цэглы для ўзвядзення будынкаў і збудаванняў. З развіццём прадукцыйных сіл адасобілася ў самастойную галіну цяжкай індустрыі. Сканцэнтравана ў межах буд. індустрыі, усе яе галіны цесна ўзаемазвязаны і ўтвараюць спецыфічныя індустр.-буд. тэр. спалучэнні. У капітальным буд-ве найб. пашыраны каменныя сценавыя матэрыялы, якія звычайна падзяляюцца на драбнаштучныя, што ўкладваюцца ўручную [гліняная і сілікатная цэгла, керамічныя шматпустотныя бетонныя і шлакабетонныя камяні, пілаваныя камяні з лёгкіх горных парод (туф, вапняк)], і буйнапамерныя (блокі са звычайнага, лёгкага або сілікатнага бетону, сценавыя панэлі). Пры буд-ве сцен малапавярховых будынкаў, часовых пабудоў і інш. выкарыстоўваюцца танныя мясц. матэрыялы. Размяшчэнне С.м.п. арыентуецца на крыніцы прыроднай сыравіны і раёны капітальнага буд-ва. Адносна лёгкія ўмовы здабычы і высокае ўтрыманне кампанентаў робіць мінер.-буд. сыравіну даволі таннай, яна, як правіла, не патрабуе папярэдняга абагачэння. Многія сценавыя матэрыялы (жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, цэгла і інш.) маюць параўнальна невысокі кошт і вял. аб’ёмную вагу і з-за гэтага — нізкую транспартабельнасць, меншую, чым зыходная сыравіна. Неабходнасць скарачэння трансп. выдаткаў патрабуе набліжэння С.м.п. да месцаў спажывання.

У дарэв. Беларусі асн. сценавым матэрыялам была цэгла, якую выраблялі на малых з-дах. Найбольшыя цагельні дзейнічалі ў Мінску, адносна буйныя — у Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, невялікія — у Бабруйску, Полацку, Лідзе, Оршы, Рагачове, Кобрыне. У 1913 выраблена 58 млн. штук цэглы. У 1920—30-я г. цагельні рэканструяваны, пабудаваны новыя з-ды па выпуску глінянай і сілікатнай цэглы, з’явіліся вытв-сці і тэхналогіі, якіх раней не было (выпуск арміраваных пенасілікатных і сілікатабетонных блокаў і панэлей, сценавых аглапарытавых панэлей і інш.). Склалася спецыялізацыя асобных прадпрыемстваў галіны. Буйныя прадпрыемствы засяроджаны ў Мінску і абл. цэнтрах, Салігорску, Оршы, Клімавічах, Смаргоні і інш. У 2000 С.м.п. вырабіла 0,8 млрд. штук цэглы, 1,7 млн. м³ зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў, 0,1 млрд. штук умоўных блокаў, 8,9 млн. м² керамічнай пліткі і інш. Цэглу вырабляюць больш як на 200 прадпрыемствах, з іх асноўныя: Брэсцкі, Віцебскі, Гарынскі, Гродзенскі, Клімавіцкі, Мінскі, Полацкі камбінаты буд. матэрыялаў, Мінскі, Магілёўскі, Аршанскі камбінат зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, аб’яднанне «Смаргоньсілікатабетон», Обальскі керамічны завод і інш. Гл. таксама Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 15, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сценавы́

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. сценавы́ сценава́я сценаво́е сценавы́я
Р. сценаво́га сценаво́й
сценаво́е
сценаво́га сценавы́х
Д. сценаво́му сценаво́й сценаво́му сценавы́м
В. сценавы́ (неадуш.)
сценаво́га (адуш.)
сценаву́ю сценаво́е сценавы́я (неадуш.)
сценавы́х (адуш.)
Т. сценавы́м сценаво́й
сценаво́ю
сценавы́м сценавы́мі
М. сценавы́м сценаво́й сценавы́м сценавы́х

Крыніцы: krapivabr2012, piskunou2012, prym2009, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

ВЕРМІКУЛІТАБЕТО́Н,

лёгкі бетон, запаўняльнікам у якім з’яўляецца ўспучаны вермікуліт. Вермікулітабетон з сярэдняй шчыльн. 250—400 кг/м³ выкарыстоўваецца для цеплавой ізаляцыі прамысл. абсталявання, больш цяжкі са шчыльн. 600—1000 кг/м³ — для вырабу сценавых панэлей, блокаў і інш. агараджальных канструкцый.

т. 4, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛІ́ЧНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

будаўнічыя канструкцыі, зробленыя з металаў. Найб. пашыраны стальныя канструкцыі, алюмініевыя канструкцыі; эфектыўныя канструкцыі з лёгкіх сплаваў. Выкарыстоўваюцца як нясучыя канструкцыі ў каркасах будынкаў і інш. інж. збудаванняў (пераважна стальныя М.к.), у вялікапралётных пакрыццях, абшыўках сценавых і дахавых панэлей (алюмініевыя М.к.).

т. 10, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎСКІ КАМБІНА́Т СІЛІКА́ТНЫХ ВЫ́РАБАЎ.

Створаны ў 1961 у г. Бяроза Брэсцкай вобл. як Новабярозаўскі вапнавы з-д. З 1990 сучасная назва, з 1992 арэнднае прадпрыемства. Цэхі па вытв-сці вапны і дробных сценавых блокаў. Асн. прадукцыя (1996): вапна буд., дробныя сценавыя блокі з ячэістага бетону. Працуе на мясцовых радовішчах мелу і пяску.

т. 3, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЧЭ́ІСТЫ БЕТО́Н,

від лёгкага бетону, структура якога характарызуецца наяўнасцю значнай колькасці (да 85% аб’ёму) сітавін (ячэек). Утвараецца пры зацвердзяванні ў аўтаклаве сумесі вяжучага (цэменту ці вапны), вады, сітавінаўтваральніка і крэменязёмістага кампанента. У залежнасці ад спосабу ўспучвання сыравіннай сумесі адрозніваюць газабетон і пенабетон. Выкарыстоўваюць для вырабу сценавых панэлей і блокаў, пліт перакрыццяў і цеплаізаляцыйных укладышаў у буд. канструкцыях.

т. 18, кн. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЁНАЕ,

радовішча пяску ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Лукі. Пластавы паклад звязаны з алювіяльнымі адкладамі поймы р. Дняпро. Пяскі светла-шэрыя, палевашпатавакварцавыя, дробназярністыя, з лінзамі сярэднезярністых. Разведаныя запасы 13,6 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,9—10,1 м, ускрышы 0,2—4,5 м. Пяскі прыдатныя на выраб сілікатнай цэглы, сценавых вырабаў з шчыльнага і ячэістага сілікатабетону.

А.​П.​Шчураў.

т. 7, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРКА́СНА-ПАНЭ́ЛЬНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

канструкцыі будынкаў, якія складаюцца з нясучых элементаў каркаса (жалезабетонных ці стальных калон, рыгеляў) і агараджальных канструкцый (сценавых панэлей, пліт і панэлей перакрыццяў і пакрыццяў). Прызначаны для буд-ва пераважна шматпавярховых будынкаў (канструкцыі са стальным каркасам мэтазгодныя для вышынных грамадскіх будынкаў — на 30 і больш паверхаў).

Каркасна-панэльная канструкцыя: 1 — калона; 2 — рыгель; 3 — дыяфрагма жорсткасці; 4 — панэль перакрыцця; 5 — панэль вонкавай сцяны.

т. 8, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЛІТАБЕТО́Н,

лёгкі бетон, у якім запаўняльнікам з’яўляецца ўспучаны абпальваннем перліт або блізкія да яго вулканічныя юрныя пароды (абсідыяны, вітрабазальты і інш.). Вяжучымі могуць быць цэмент, вапна, гіпс, растваральнае шкло, сінт. смолы і інш. Аб’ёмная маса да 1000 кг/м³. Выкарыстоўваецца як цеплаізаляцыйны матэрыял у прамысл. і с.-г. абсталяванні, у трубаправодах, як канструкцыйны — для вырабу адна- і двухслойных сценавых панэлей, зборных агараджальных канструкцый будынкаў.

т. 12, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АГРАБУДМЕХАНІЗА́ЦЫЯ»,

Дзяржаўны канструктарска-тэхналагічны інстытут «Аграбудмеханізацыя» Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1986 у Мінску на базе праектна-канструктарскага бюро (з 1965), да 1992 — Усесаюзны канструктарска-тэхнал. ін-т буд. механізацыі.

Асн. кірункі дзейнасці: стварэнне сродкаў механізацыі буд.-мантажных работ, у т. л. па ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС; распрацоўка бетонамяшальных установак і комплексаў, вагавых дазатараў вады, цэменту і напаўняльнікаў, тэхналогій і абсталявання для вытв-сці сценавых блокаў павышанай дакладнасці.

т. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)