Схеда ’частка вёскі па некалькі хат’ (мір., Я. Брыль). З польск. scheda ’частка маёмасці, спадчына, атрыманы ў спадчыну кавалак зямлі’, першапачаткова ’картка, аркуш’ з лац. scheda ’аркуш, старонка’, што з грэч. σχίη ’дошчачка, трэска, аддзеленая частка’ (Брукнер, 57; Варш. сл., 6, 43; ЕСУМ, 5, 490).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БА́ГНА-СХЕ́ДА,

балота ў Беларусі, на Пд Мастоўскага і Пн Зэльвенскага р-наў Гродзенскай вобл., у пойме р. Зальвянка. Нізіннага тыпу. Пл. 11,3 тыс. га (у тым ліку ў Мастоўскім раёне 5,8 тыс. га), у межах прамысл. пакладу 7 тыс. га. Глыб. торфу да 4 м, сярэдняя 1,5 м. Пач. запасы торфу 22,6 млн. т. Ёсць паклады мергелю магутнасцю да 1,5 м. На балоце пясчаныя ўзвышаныя астравы. Асушаецца з 1962, меліяраваныя землі выкарыстоўваюцца пад сенажаць. На астатняй частцы асокі, драбналессе і хмызнякі з бярозы, вярбы, чорнай вольхі.

т. 2, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)