супараўна́льны

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. супараўна́льны супараўна́льная супараўна́льнае супараўна́льныя
Р. супараўна́льнага супараўна́льнай
супараўна́льнае
супараўна́льнага супараўна́льных
Д. супараўна́льнаму супараўна́льнай супараўна́льнаму супараўна́льным
В. супараўна́льны (неадуш.)
супараўна́льнага (адуш.)
супараўна́льную супараўна́льнае супараўна́льныя (неадуш.)
супараўна́льных (адуш.)
Т. супараўна́льным супараўна́льнай
супараўна́льнаю
супараўна́льным супараўна́льнымі
М. супараўна́льным супараўна́льнай супараўна́льным супараўна́льных

Крыніцы: piskunou2012, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

супараўна́льны, ‑ая, ‑ае.

Такі, што можа быць параўнаны з іншым (іншымі).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сопостави́мый супаста́ўны, супараўна́льны.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

НІЗКАПАМЕ́РНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

сістэмы, памер якіх уздоўж хаця б аднаго прасторавага напрамку супараўнальны з адным з характэрных памераў яе структурных элементаў. Бываюць двух-, адна-, нульмерныя і фрактальныя. Напр., малекулярны слой — двухмерная сістэма, паколькі мае 2 класічныя памеры і 1 квантавы. Аналагічна, ланцужок малекул — аднамерная сістэма, квантавы пункт (атамны кластэр) — нульмерная сістэма. Аб’екты з дробнай размернасцю наз. фрактальнымі. Адрозніваюць стацыянарныя і нестацыянарныя Н.с. Прыклад стацыянарнай Н.с. — звышрашотка з крышт. слаёў рознага хім. саставу, структуры або арыентацыі, якія перыядычна паўтараюцца ў адным напрамку. Для электрона праводнасці з даўжынёй свабоднага прабегу больш за перыяд звышрашоткі неперарыўны спектр дазволеных значэнняў энергіі электрона ў зоне праводнасці разбіваецца на падзоны (гл. Зонная тэорыя). Пры гэтым спектр энергіі для руху электрона ўздоўж слаёў застаецца неперарыўным. Стацыянарныя Н.с. ствараюць метадамі нанатэхналогіі. Да нестацыянарных Н.с. адносяцца дынамічныя рашоткі, салітоны, дамены эл. поля ў Гана дыёдах, «ніці» току і святла ў паўправадніковых прыборных структурах і інш. Выкарыстоўваюцца як функцыян. элементы нанаэлектронікі з прычыны высокай адчувальнасці да знешніх уздзеянняў і моцнай залежнасці ўласцівасцей ад памераў і формы.

Літ.:

Гл. да арт. Нанатэхналогія, Нанаэлектроніка.

М.​А.​Паклонскі.

т. 18, кн. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕ́КТРЫ КРЫШТАЛЁЎ АПТЫ́ЧНЫЯ,

спектры паглынання, адбіцця і рассеяння святла, а таксама люмінесцэнцыі і фотаправоднасці, што ўзнікаюць пры ўзаемадзеянні эл.-магн. хваль аптычнага дыяпазону з крышталямі. Абумоўлены квантавымі пераходамі, якія прыводзяць да змены энергет. стану электронаў і/ці энергіі вагальных станаў атамаў крышт. структуры.

Узроўні энергіі крышталя групуюцца ў дазволеныя энергет. зоны (гл. Зонная тэорыя). Паглынанне і вылучэнне святла (фатонаў) пры міжзонных пераходах электронаў можа адбывацца без узбуджэння ваганняў крышт. рашоткі (фанонаў) ці з удзелам фанонаў. Пры міжзонным паглынанні святла электрон з валентнай зоны пераходзіць праз забароненую энергет. зону (шчыліну) у зону праводнасці, і ў валентнай зоне ўтвараецца электронная вакансія (дзірка). Пры рэкамбінацыі свабодных ці звязаных у эксітон электрона і дзіркі ўзнікае люмінесцэнцыя. Існуюць С.к.а., абумоўленыя як уласнымі дэфектамі крышт. рашоткі (вакансіямі, міжвузельнымі атамамі, дыслакацыямі), так і дамешкавымі атамамі. Сіметрыя крышт. рашоткі і яе дэфектаў вызначае анізатрапію С.к.а. Афарбоўванне (колернасць) крышталёў абумоўлена непаглынутай імі часткай белага святла. Існуюць штучныя і прыродныя крышт. структуры, памер якіх у адным, двух ці трох вымярэннях супараўнальны з дэбройлеўскай даўжынёй хвалі (гл. Хвалі дэ Бройля) электрона ў зоне праводнасці і/ці дзіркі ў валентнай зоне, а таксама з адлегласцю паміж імі пры ўтварэнні эксітона; аптычныя спектры такіх структур моцна залежаць ад іх памераў.

Літ.:

Васильев А.Н., Михайлин В.В. Введение в спектроскопию твердого тела. М., 1987;

Gaponenko S.V. Optical properties of semiconductor nanocrystals. Cambridge, 1998.

М.​А.​Паклонскі.

т. 15, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)