Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
НІКО́,
бальнеалагічны і горнакліматычны курорт у Японіі, у цэнтр. частцы в-ва Хонсю, на Пн ад Токіо, у даліне р. Дая. Клімат марскі, вільготны, мусонны. На схілах г. Насу — гарачыя (да 65 °C) крыніцы гідракарбанатна-сульфатна-кальцыевых вод, якія выкарыстоўваюць для ваннаў пры захворваннях органаў апоры і руху, скуры. Размешчаны ў аднайменным нац. парку. Цэнтр турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖДАНО́ВІЧЫ,
бальнеагразевы і кліматычны курорт на Беларусі. За 12 км ад Мінска, непадалёку ад вадасховішчаў Заслаўскага (Мінскага м.) і Дразды. Засн. ў 1922. Асн.лек. фактары — умерана кантынентальны клімат, мясц.мінер. воды (хларыдна-сульфатна-натрыевая і хларыдна-натрыевая), сапрапелевыя і інш. гразі выкарыстоўваюцца для лячэння хвароб страўніка, кішэчніка, печані, жоўцевага пузыра, парушэнняў абмену рэчываў, рэабілітацыйна-аднаўленчага лячэння пасля аперацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́Ў,
бальнеагразевы і кліматычны курорт на Беларусі, у Гомельскай вобл., за 12 км на У ад г.Рагачоў, на левым беразе р. Дняпро. Засн. ў 1970. Клімат умерана кантынентальны. Асн. лекавы фактар — мінер. воды 2 відаў: хларыдна-натрыевая высокай мінералізацыі (50 г/л) для ваннаў і інш. бальнеапрацэдур і сульфатна-хларыдная кальцыева-натрыевая вада малой мінералізацыі (5,5 г/л) на пітное лячэнне; таксама тарфяныя гразі. Лечаць хваробы сардэчна-сасудзістай, нерв. сістэм, органаў руху, гінекалагічныя. Санаторый, водагразелячэбніца, бювет мінер. крыніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬНЕАЛО́ГІЯ (ад лац. balneum лазня, купанне + ...логія),
раздзел курарталогіі, які вывучае мінер. воды і іх лячэбна-прафілакт. выкарыстанне. Падзяляецца на бальнеатэрапію, бальнеаграфію, бальнеатэхніку; цесна звязана з інш.мед. і біял. дысцыплінамі.
Першыя працы па бальнеалогіі вядомы з 5 ст. да нашай эры (Герадот, Гіпакрат). Пачатак навук. бальнеалогіі ў 17—18 ст. даў ням. вучоны Ф.Гофман. У Расіі вывучэнне мінер. крыніц пачалося з 1717. Першым дапаможнікам па бальнеалогіі была кніга рус. хіміка Г.І.Геса, які вывучаў хім. састаў і дзеянне гаючых водаў Расіі (1825).
На Беларусі даследаванні па бальнеалогіі вядуцца з 1920-х г. у Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1924), мед. ін-тах. Выяўлены радовішчы лек.мінер. водаў Беларусі. Вывучаны іх хім. састаў і мікрафлора, колькасць арган. рэчываў, даказана лек. эфектыўнасць сульфатна-кальцыевых і кальцыева-магніевых, сульфатна-хларыдных і натрыева-кальцыевых мінер. водаў (Д.А.Маркаў, Н.І.Аляксейчык, П.В.Астапеня, В.М.Ізуткін, М.Ф.Казлоў, Э.С.Кашыцкі, Л.М.Толстых-Чарнецкая, Ц.А.Каган, М.Г.Эранасьян і інш.). Распрацаваны ўмовы і спосабы выкарыстання іх на курортах Беларусі, у бальнеалячэбніцах бальніц, паліклінік, тэхналогія разліву хларыдна-натрыевых водаў Мінская № 3 і Мінская № 4, вызначаны паказанні да лячэння бел.мінер. водамі ў спалучэнні з кліматам, сапрапелямі, торфам. Працягваюцца комплексныя даследаванні бальнеалагічных рэсурсаў рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКІ САЛЯНО́СНЫ БАСЕ́ЙН Размешчаны ва ўсх.ч.Беларускага Палесся, у межах Прыпяцкага прагіну. Пл. каля 32 тыс.км², даўж. да 260 км, шыр. да 130 км. Разведаныя запасы каменнай солі 22 012,8 млн.т, калійнай — 7171,7 млн.т. Перспектыўныя запасы калійнай солі — 4229,8 млн.т. Першае Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей (разведана ў 1949) эксплуатуецца з 1963. На калійныя солі разведаны Петрыкаўскае радовішча калійных солей і Акцябрскае, выяўлена 5 перспектыўных плошчаў: Драздоўская, Светлагорская, Навадубраўская, Капаткевіцкая і Жыткавіцкая. Разведаны радовішчы каменнай солі: Давыдаўскае радовішча каменнай солі, Мазырскае радовішча каменнай солі і Старобінскае. Мазырскае радовішча эксплуатуецца шляхам падземнага растварэння каменнай солі і здабычы расолу праз свідравіны штогод да 180—360 тыс.т; на Старобінскім радовішчы каменная саль здабываецца шахтавым спосабам (500—520 тыс.т за год). У П.с.б. сярод сярэдне- і верхнедэвонскіх і ніжняпермскіх адкладаў выяўлена 5 саляносных фармацый: эйфельская, верхняфранская, ніжнефаменская, сярэдняверхнефаменская і ніжняпермская, якія залягаюць на глыб. 300—4695 м. У эйфельскай фармацыі лёгкарастваральныя ў вадзе солі прадстаўлены каменнай соллю, якая ўтварае ў паўн.ч. Прыпяцкага прагіну пласт магутнасцю да 31 м. Верхняфранская саляносная фармацыя пашырана на пл. каля 20 тыс.км², магутнасць 150—800 м, у раёнах праяўлення салянога тэктагенезу (Ельская, Маладушынская, Залатухінская і інш. структурныя плошчы) дасягае 1000—1500 м. Фармацыя прадстаўлена пераслойваннем пластоў і пачкаў каменнай солі, даламітавых мергеляў і глін, сульфатна-гліністых, карбанатна-сульфатна-гліністых парод, пясчанікаў, алеўралітаў, ангідрытаў, вулканічных туфаў і туфітаў. На З і Пд басейна ў асобных пластах каменнай солі развіты калійныя гарызонты (да 4) магутнасцю 1—1,5 м. Ад верхняфранскай і ніжнефаменскай саляносных фармацый сярэдневерхнефаменская фармацыя аддзяляецца магутным (да 900 м і больш) міжсалявым тэрыгенна-сульфатна-карбанатным комплексам, у якім на асобных участках у цэнтр. і паўд.ч. Прыпяцкага прагіну адзначаны адзінкавыя пласты каменнай солі магутнасцю 1—17 м. Сярэдневерхнефаменская саляносная фармацыя пашырана на пл. больш за 26 тыс.км², магутнасцю 100—3000 м. Паводле літалагічнага складу яна падзяляецца на ніжнюю, або галітавую (соленасычэнне да 85—95%) і верхнюю, або каліяносную субфармацыі. Каліяносная прадстаўлена пераслойваннем пластоў каменнай і калійных солей, карбанатна-гліністых і тэрыгенных парод. Калійныя солі пашыраны на пл. каля 14 тыс.км², выяўлена каля 60 гарызонтаў сільвінітавага, сільвін-карналітавага і карналітавага саставу. Фарміраванне саляносных адкладаў звязана з рыфтавым этапам развіцця Прыпяцкага прагіну. Дыферэнцыраваныя рухі па разломах з амплітудай да 2 км і больш абумовілі працэсы салянай тэктонікі, што асабліва праявіліся ў сярэдняверхнефаменскай галітавай субфармацыі ў выглядзе працяглых саляных валоў і сінклінальных зон субшыротнага напрамку. На З Прыпяцкага прагіну разломы з фундамента пранікаюць у каліяносную субфармацыю, што абумовіла плікатыўна-блокавую яе будову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РАЧ,
курортны пасёлак у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на беразе воз. Нарач. За 18 км ад Мядзела, 31 км ад чыг. ст. Паставы, на аўтадарозе Мінск—Паставы. 3,4 тыс.ж. (2000).
Утвораны 26.9.1964 з вёсак Баравыя, Купа, Малая Сырмеж, Наносы, Садоўшчына, Сцепянёва, Урлікі. Бальнеагразевы і кліматычны курорт, адзін з буйнейшых курортаў Беларусі. Лячэбныя фактары: мясц.мінер.сульфатна-хларыдныя натрыевыя воды, сапрапелевыя і тарфяныя гразі, умерана-кантынентальны клімат, хваёвыя лясы і інш. эфектыўныя для хворых, у т. л. дзяцей, з парушэннямі функцый сардэчна-сасудзістай, нерв., страўнікава-кішачнай сістэм і інш. Працуюць санаторыі «Нарач», «Беларусь», «Будаўнік», «Прыазёрны», дамы адпачынку «Нарач» і «Звязда», тургасцініца «Нарач», турыстычна-экскурсійны комплекс. У Н. рыбакамбінат. Прафесійна-каап. вучылішча. сярэдняя школа, школа-інтэрнат, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі, аптэка, Дом быту, гандл. цэнтр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЦІГО́РСК,
горад у Стаўрапольскім краі, у Расіі. Размешчаны ў Перадкаўказзі, на Стаўрапольскім узв., на р. Падкумак (прыток р. Кума) і схілах гор Машук і Гарачая. 133 тыс.ж. (2000). Чыг. станцыя. Вузел аўтадарог. Прам-сць: машынабудаванне, металаапр., харчасмакавая, хім., лёгкая. 2 ВНУ. Тэатр. Краязн. музей. Музей-запаведнік М.Ю.Лермантава. Арх. помнікі: Лермантаўскія ванны (1826—31), альтанка «Эолава арфа» (1828), «Грот Дыяны» (1830—31). Бальнеатэрапеўтычны і гразевы курорт з групы Каўказскіх Мінеральных Вод. Вядомы з пач. 19 ст. Клімат кантынентальны. Асн. лекавы фактар — мінер. крыніцы з вуглякісла-серавадароднымі, радонавымі, вуглякіслымі гідракарбанатна-хларыдна-сульфатна-натрыева-кальцыевымі (нарзан) водамі (на пітное лячэнне і ванны). Пашырана тэрапія глеевай граззю Тамбуканскага воз. Лечаць органы руху, захворванні страўніка, кішэчніка, печані і жоўцевых шляхоў, кровазвароту, функцыян. расстройствы нерв. сістэмы, хваробы скуры і інш., таксама дзіцячыя хваробы, якія ўзніклі ў выніку родавай траўмы. НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ МАСІ́Ў,
у цэнтральнай і зах. частках Беларусі. Прымеркаваны да Беларускай антэклізы. Мяжуе на ПнЗ з Прыбалтыйскім, на У з Аршанскім, на Пд з Прыпяцкім, на З з Брэсцкім гідрагеалагічнымі басейнамі. Ваданосныя гарызонты ў пародах крышт. фундамента і асадкавых адкладах платформавага чахла. Магутнасць зоны актыўнага водаабмену 350—400 м. Яна адпавядае прыўзнятай частцы масіву. Воды прэсныя, гідракарбанатныя кальцыевыя, напорныя, за выключэннем верхніх гарызонтаў грунтавых водаў (часам самавыліваюцца). Мінералізацыя 0,1—0,6 г/л. Да схілаў масіву прымеркавана зона запаволенага водаабмену, дзе воды саланаватыя, сульфатна-хларыдныя натрыевыя і хларыдныя натрыевыя, мінералізацыя ад 1,5—2,9 г/л да 28,4 г/л, нярэдка са значнай колькасцю брому і фтору. Дэбіт свідравін ад 0,02—0,1 л/с да 16—20 л/с. Прэсныя воды выкарыстоўваюцца для гасп. і пітнога водазабеспячэння, мінеральныя — для лячэбна-прафілактычных мэтаў у санаторыях («Нарач», «Аксакаўшчына», «Крыніца» і інш.) і для разліву (з-ды ў Мінску, Маладзечне і інш.).