судзі́ць, суджу́, су́дзіш, су́дзіць; су́джаны; незак.

1. аб кім-чым, пра каго-што, па кім-чым і без дап. Рабіць вывад адносна каго-, чаго-н.; меркаваць пра каго-, што-н., думаць, разважаць.

С. аб літаратуры.

С. пра каго-н. па рабоце.

2. каго-што. Разглядаць чыю-н. справу ў судовым парадку, а таксама ў таварыскім судзе.

С. злодзея.

3. каго-што, пра каго-што. Ацэньваць каго-, што-н., ганіць, дакараць у чым-н.

За добрую справу не судзяць.

4. каго-што і без дап. У спартыўных спаборніцтвах: сачыць за выкананнем правіл гульні і вырашаць спрэчныя пытанні.

С. футбольны матч.

5. (таксама зак.), што каму або без дап. Прадвызначаць (-ачыць) (пра што-н. непрадбачанае, што не залежыць ад волі чалавека).

Не судзіў лёс яму больш пажыць і зрабіць.

6. судзі́(це) (звычайна са словамі «сам», «самі»), Ужыв. ў знач.: рашай (це).

Судзі сам, як далей паступіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

судзі́ць

дзеяслоў, пераходны/непераходны, незакончанае трыванне, незваротны, 2-е спражэнне

Цяперашні час
адз. мн.
1-я ас. суджу́ су́дзім
2-я ас. су́дзіш су́дзіце
3-я ас. су́дзіць су́дзяць
Прошлы час
м. судзі́ў судзі́лі
ж. судзі́ла
н. судзі́ла
Загадны лад
2-я ас. судзі́ судзі́це
Дзеепрыслоўе
цяп. час су́дзячы

Крыніцы: dzsl2007, krapivabr2012, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

судзі́ць, суджу́, су́дзіш, су́дзіць; незак.

1. аб кім-чым, па кім-чым і без дап. Рабіць вывад адносна каго‑, чаго‑н.; меркаваць пра каго‑, што‑н. Я хацеў, каб ты зусім бесстаронна судзіла пра мае ўчынкі. Зарэцкі. // Разм. Абмяркоўваць што‑н., размаўляць пра што‑н. Каля платоў, каля калодзежаў, на дварах перадавалі адзін аднаму, меркавалі, судзілі кожны на свой лад. Мележ. [Сёмка:] Ішоў лысы і пляшывы, Знайшлі яны грэбень, Сталі радзіцца, судзіць, Каму ён патрэбен. Глебка. // Думаць, лічыць; разважаць. Судзілі, хоць не ўсе, а многія, што хлопцы паплацяцца здорава. Гартны.

2. каго-што, пра каго-што. Ацэньваць каго‑, што‑н., асуджаць, ганіць. О, многае ты не ўлічыў, Мой пасівелы дзед астролаг. Але ў мяне няма прычын Цябе судзіць за гэта строга. Тармола. Не судзіць, — хто іграў, не праў, Нам бацькоў сваіх. Куляшоў.

3. каго-што. Разглядаць чыю‑н. правіннасць, злачынства ў судовым парадку. Праз некалькі дзён Ляксея судзілі. Яму далі год і адправілі некуды ў лагер. Ермаловіч. Неўзабаве суд судзіў злачынцаў — шэсць чалавек. Васілевіч. / Пра разбор чыёй‑н. справы грамадскія судом. Будаўнікі папрасілі: калі можна, калі няма людской крыві на сумленні ў Варатніцкага — будзем самі судзіць яго. Дадзіёмаў.

4. каго-што. У спорце — сачыць за выкананнем правіл гульні і вырашаць спрэчкі. Усюды .. [Сцёпка] наспявае: судзіць футбалістаў і шахматыстаў, дае распараджэнне юннатам. Жычка.

5. таксама зак., што каму або без дап. Прадвызначыць, наканаваць каму‑н. што‑н. Няхай сабе не разам мы, Так нам судзіла наша доля. Буйло. Лёс не судзіў .. [сыну] вярнуцца да маці бліжэйшай вясною. Мехаў. Ды не судзіў ёй лёс самой гадаваць сваіх дзяцей. Якімовіч.

6. заг. судзі́(це) (звычайна са словамі «сам», «самі»). Ужываецца ў значэнні рашай(це). — Баюся, што... — Міша не дагаварыў, толькі паціснуў плячыма, — судзіце самі — і сабраўся адыходзіць ад трыбуны. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)