Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДЗЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у г.п. Рудзенск і раёне пад кіраўніцтвам Рудзенскага падп. райкома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 12 груп (75 чал., кіраўнік М.П.Пакроўскі); 1-я Рудзенская (кіраўнікі В.І.Шкурдзюк, М.В.Данільчык), 2-я Рудзенская (С.М.Малашонак, С.І.Шэлег), у вёсках Азярычына (М.Т.Шайбак), Голацк (А.А.Сачак), Дудзічы (В.П.Адамовіч), Дукарка (В.В.Мешчаракоў, К.В.Людчык, А.Р.Гарбацэвіч), Караваева (С.З.Саранча), Каробавічы (В.Д.Рагатка), Крыстамполле (Н.Г.Андрэеў, І.Г.Шэлег), Сяргеевічы (Ф.Н.Макарэвіч), Цітва (С.К.Доўнар, В.К.Мароз), на торфазаводзе «Дукора» (П.С.Рак, Ф.А.Стуканаў). Падпольшчыкі вялі паліт. работу сярод насельніцтва, трымалі сувязь з партызанамі, рыхтавалі для іх кадры, збіралі і перадавалі зброю, боепрыпасы, прадукты харчавання і медыкаменты, разведданыя, зрывалі эканам. мерапрыемствы акупантаў, выводзілі са строю тэлегр. лінію, абсталяванне торфазавода, узрывалі склады, масты, чыг. збудаванні і інш. Многія падпольшчыкі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.
А.Б.Рогаў.
т. 13, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКЦЫЯНІ́РАВАННЕ,
мэтанакіраванае выяўленне, набыццё і сістэматычнае камплектаванне збораў пераважна аднародных прадметаў. Аб’екты К. — разнастайныя рэчы духоўнай і матэр. культуры (творы выяўл. мастацтва, рукапісы, друкаваныя выданні, манеты і інш.), аб’екты прыроды (мінералы, расліны і інш.). К. вядома са старажытнасці. Прыватнае К. пачалося ў антычнасці, дасягнула росквіту ў Стараж. Рыме і Зах. Еўропе ў эпоху Адраджэння (14—16 ст.). У ВКЛ і Рэчы Паспалітай найб. стараж. калекцыі, у т. л. знакаміты збор габеленаў Жыгімонта II Аўгуста, належалі Ягелонам. Каштоўны збор твораў мастацтва мелі Ян III Сабескі і С.Патоцкі, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У 19 — пач. 20 ст. ў Расіі збіральніцтвам займаліся П.М. і С.М.Траццяковы (выяўл. мастацтва), М.К.Ценішава (этнаграфія), А.В.Марозаў (кераміка), А.С.Увараў (археалогія) і інш. Многія прыватныя зборы ператварыліся ў музеі (Луўр, Траццякоўская галерэя, Эрмітаж і інш.). У Зах. Еўропе ў 15—16 ст., у Расіі з 18 ст. сталі пашыранымі змешаныя зборы — кунсткамеры (у Расіі 1-я створана Пятром 1). У 20 ст. ў К. вылучыліся кірункі: навуковы (займаюцца пераважна музеі), навучальны (як сродак нагляднасці ў навуч. працэсе), аматарскі, які ўключае філатэлію, баністыку, філуменію (К. этыкетак), фалерыстыку (К. ордэнаў, медалёў, значкоў і інш.), філафанію (К. гуказапісу), філакартыю (К. паштовак) і інш. У Беларусі К. зарадзілася ў 12—14 ст. у канфесіянальных установах Полацка, Гурава, Віцебска і інш., прыватнае разгарнулася ў 16 ст. Найб. калекцыі ў 16—18 ст. былі ў Нясвіжскім замку Радзівілаў (рукапісы, кнігі, манеты, зброя і інш), у маёнтках Храптовічаў Шчорсы (Навагрудскі р-н) і Вішнева (Валожынскі р-н), у пастаўскай галерэі К.Тызенгаўза (творы італьян., галанд., франц., ням. мастакоў 16—18 ст.). У 19 ст. ўвага збіральнікаў была скіравана пераважна на помнікі айч. даўніны. Сярод калекцыянераў таго часу Я.П. і К.П.Тышкевічы ў Лагойску, М.П.Румянцаў у Гомелі і інш. Спецыялізаваныя калекцыі ствараюць калекцыянеры-аматары А.А.Стуканаў (паштовыя маркі), В.Н.Рабцэвіч і А.П.Арлоў (манеты), А.Я.Белы (бел. выяўл. мастацтва) і інш. З 1990 выходзіць газета «Беларускі калекцыянер».
У.С.Цярохін.
т. 7, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)