Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУЛІ́ЦКІ ((Gomulicki) Віктар) (17.10.1848, г. Астралэнка, Польшча — 14.2.1919),
польскі пісьменнік, літ.-знавец, публіцыст, літ. крытык. Вучыўся ў Варшаўскай гал. школе (1866—69). Аўтар паэт.зб. «Паэзія» (1873, 1882, 1886), «Новыя песні» (1896), «Светачы» (1919), гіст. раманаў «Чароўная гараджанка» (1897), «Меч і локаць» (1903), а таксама апавяданняў пра даўнюю Варшаву (1900—09). Лепшыя творы пазначаны рамант. традыцыямі, вызначаюцца гуманіст. накіраванасцю, выкрыццём сац. несправядлівасці. Папулярызаваў творчасць А.Пушкіна, М.Някрасава, Л.Талстога. Збіраў рукапісы вядомых асоб, звязаных з Беларуссю: сямейны архіў Храптовічаў (за 1644—1721), лісты мінскага ваяводы А.Хмары (1754—90), аўтограф шляхецкага роду Касцюшкаў (1645—1792), Міцкевічаў (1706—1824). Зберагаюцца ў б-цы імя Асалінскіх (Польшча). Творы Гамуліцкага, напісаныя пад уражаннем яго падарожжа па Беларусі ў 1907, прасякнуты дэмакр. матывамі. На бел. мову яго верш «На Белай Русі» пераклалі Н.Душэўская, А.Стаповіч, М.Танк. Зычліва ўспрыняў выхад газ. «Наша ніва». Аднак ідэалізаваў ролю панскай арыстакратыі на Беларусі, з-за ўплыву перадавой польск. культуры не заўважаў палітыкі эканам. прыгнёту, дэнацыяналізацыі бел. мужыка з боку польскіх памешчыкаў, каталіцкага духавенства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ХРЫСЦІЯ́НСКАЯ ДЭМАКРА́ТЫЯ (БХД),
Беларускае нацыянальнае аб’яднанне (БНА), клерыкальная дэмакратычная бел.нац. партыя. Засн. ў маі 1917 у Петраградзе, дзейнічала на тэр.Зах. Беларусі да 1940. Да сярэдзіны 1920-х г.наз. Хрысціянская дэмакр. злучнасць (ХДЗ). Заснавальнікі і гал. ідэолагі БХД — бел. ксяндзы Ф.Абрантовіч, Л.Хвецка, А.Станкевіч, В.Гадлеўскі, Ф.Будзька, А.Зязюля (А.С.Астрамовіч), К.Сваяк (К.Стаповіч) і інш. Друкаваны орган — газ.«Беларуская крыніца». Заснаванне ХДЗ садзейнічала актывізацыі грамадска-паліт. дзейнасці каталіцкага духавенства непасрэдна на Беларусі. Як актыўны ўдзельнік Беларускага нацыянальнага камітэта, а потым і Вялікай беларускай рады ХДЗ-БХД падтрымлівала Часовы ўрад А.Ф.Керанскага, паступова заняла адмоўныя пазіцыі ў адносінах да сав. улады. На думку Станкевіча, «палітычны незалежны ідэал БХД лагічна выцякае з акта 25 сакавіка 1918 года, які абвясціў Беларусь незалежнай суверэннай дзяржавай». У аснову практычнай дзейнасці БХД была пакладзена тэорыя самабытнасці развіцця бел. нацыі, адмаўленне класавай барацьбы. Усе 5 праграм партыі, пачынаючы з 1920, адстойвалі асновы дэмакр. ладу, у т. л. прыватную ўласнасць. З 2-й пал. 1920-х г. БХД узяла курс на пераўтварэнне партыі ў грамадска-паліт. арг-цыю на грунце агульнахрысц. ідэалогіі, што знайшло адлюстраванне ў 5-й праграме (1936) і змене назвы на БНА. Аднак змена назвы партыі не мяняла яе сутнасці, а павінна была падкрэсліць незалежнасць ад кліру і прэтэнзію на аднаасобнае паліт. прадстаўніцтва бел. народа. Гал.паліт. мэту бачыла ў тым, «каб у незалежнай Беларусі быў створаны такі грамадскі лад, які, абапіраючыся на працу, грамадскую роўнасць і справядлівасць, не дапускаючы эксплуатацыі адных другімі, забяспечваў бы палітычна-грамадскія, культурныя і эканамічныя патрэбы грамадзян». Выступала за самастойнасць бел. народа на ўсіх яго землях, перадачу зямлі ва ўласнасць і без выкупу беззямельным і малазямельным сялянам, абавязковасць вывучэння рэлігіі ў школах, супраць аддзялення царквы ад дзяржавы, «дыктатуры капіталізму, фашызму і камунізму» і інш. З мэтай пашырэння сац. базы партыі ў чэрв. 1926 у Вільні быў адкрыты Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры як філіял БХД. Кіраўнікі БХД-БНА адмоўна сустрэлі прапанову ЦККПЗБ пра стварэнне адзінага фронту барацьбы супраць польскіх улад, аднак удзельнічалі ў сумесных акцыях барацьбы за школу на роднай мове. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР многія члены партыі былі рэпрэсіраваны.