спіртавое браджэнне

т. 15, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

спіртавы́

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. спіртавы́ спіртава́я спіртаво́е спіртавы́я
Р. спіртаво́га спіртаво́й
спіртаво́е
спіртаво́га спіртавы́х
Д. спіртаво́му спіртаво́й спіртаво́му спіртавы́м
В. спіртавы́ (неадуш.)
спіртаво́га (адуш.)
спіртаву́ю спіртаво́е спіртавы́я (неадуш.)
спіртавы́х (адуш.)
Т. спіртавы́м спіртаво́й
спіртаво́ю
спіртавы́м спіртавы́мі
М. спіртавы́м спіртаво́й спіртавы́м спіртавы́х

Крыніцы: krapivabr2012, piskunou2012, prym2009, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

во́дна-спіртавы́

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. во́дна-спіртавы́ во́дна-спіртава́я во́дна-спіртаво́е во́дна-спіртавы́я
Р. во́дна-спіртаво́га во́дна-спіртаво́й
во́дна-спіртаво́е
во́дна-спіртаво́га во́дна-спіртавы́х
Д. во́дна-спіртаво́му во́дна-спіртаво́й во́дна-спіртаво́му во́дна-спіртавы́м
В. во́дна-спіртавы́ (неадуш.)
во́дна-спіртаво́га (адуш.)
во́дна-спіртаву́ю во́дна-спіртаво́е во́дна-спіртавы́я (неадуш.)
во́дна-спіртавы́х (адуш.)
Т. во́дна-спіртавы́м во́дна-спіртаво́й
во́дна-спіртаво́ю
во́дна-спіртавы́м во́дна-спіртавы́мі
М. во́дна-спіртавы́м во́дна-спіртаво́й во́дна-спіртавы́м во́дна-спіртавы́х

Крыніцы: krapivabr2012, piskunou2012, prym2009, sbm2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

браджэ́нне, ‑я, н.

1. Працэс распаду арганічных рэчываў, які адбываецца пад уплывам мікраарганізмаў або вылучаных з іх ферментаў. Спіртавое браджэнне.

2. перан. Хваляванне, узрушэнне, узбуджэнне. Браджэнне розумаў. Рэвалюцыйнае браджэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спірт, -у, М -рце, мн. спірты́, -о́ў, м.

1. адз. Гаручая, з высокім працэнтам алкаголю вадкасць, якая атрымліваецца перагонкай некаторых прадуктаў, што змяшчаюць у сабе цукар і крухмал.

Вінны с.

2. Арганічнае злучэнне, вуглевадарод, у якім атам вадароду замешчаны водным астаткам (спец.).

Метылавы с.

Драўняны с.

|| прым. спіртавы́, -а́я, -о́е і спіртны́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).

Спіртавыя лакі.

Спіртавое браджэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

спіртавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да спірту. Пах .. [перапрэлага лісця] перамешваецца са спіртавым духам дуба і гаркаватым — асіны. Мележ. // Зроблены са спірту, са спіртам. Спіртавыя лакі. // Які дзейнічае пры дапамозе спірту. Спіртавы тэрмометр. Спіртавая лямпа. // Які мае адносіны да вырабу спірту. Спіртавы завод. Спіртавая прамысловасць.

•••

Спіртавое браджэнне гл. браджэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАРЫ́САЎСКІЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫЯ ЗАВО́ДЫ.

Дзейнічалі ў Беларусі ў 1875—1914 у маёнтку Старабарысаўскі Барысаўскага пав. (цяпер у межах г. Барысаў) і ў г. Барысаў. У 1908 на адным з іх былі створаны мукамольна-крупяное, дражджавое і спіртавое прадпрыемствы пад назвай «Заводы Літва». Мелі паравыя машыны, катлы і рухавікі, дынама-машыну. Выраблялі дошкі, рэйкі, брусы. У 1908 працавалі 176 рабочых.

т. 2, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ХНЕР (Buchner) Эдуард

(20.5.1860, г. Мюнхен, Германія — 13.8.1917),

нямецкі хімік і біяхімік. Праф. (1895). Скончыў Мюнхенскі ун-т (1888), дзе і працаваў. У 1893—1911 праф. у Кілі, Берліне, Брэславе, Вюрцбургу. Навук. працы па арган. хіміі. Адкрыў піразол (1889). У 1897 атрымаў з дражджэй сок, які не меў жывых клетак, але выклікаў энергічнае спіртавое браджэнне. Гэта адкрыццё заклала асновы сучаснай энзімалогіі. Нобелеўская прэмія 1907.

Літ.:

Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 81.

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАДЖЭ́ННЕ,

анаэробны ферментатыўны акісляльна-аднаўляльны працэс расшчаплення (катабалізму) арган. рэчываў, што адбываецца ў жывых арганізмах і эксперым. умовах пераважна пад уздзеяннем мікраарганізмаў або вылучаных з іх ферментаў. Зыходным субстратам для браджэння з’яўляюцца гал. ч. вугляводы, арган. к-ты, пурыны і пірымідзіны. Пры браджэнні ў выніку шэрагу спалучаных акісляльна-аднаўляльных рэакцый вызваляецца энергія, неабходная для жыццядзейнасці арганізмаў, і ўтвараюцца хім. злучэнні, што выкарыстоўваюцца імі для біясінтэзу амінакіслот, бялкоў, тлушчаў і інш. «будаўнічых» кампанентаў цела (некаторыя бактэрыі, мікраскапічныя грыбы і прасцейшыя жывуць толькі за кошт энергіі браджэння). Адначасова назапашваюцца канчатковыя прадукты браджэння: у залежнасці ад віду зброджвальнага субстрату і шляхоў яго метабалізму ўтвараюцца спірты (этанол і інш.), карбонавыя к-ты (малочная, алейная і інш.), ацэтон і інш. арган. злучэнні, вуглякіслы газ, у шэрагу выпадкаў — вадарод. Паводле ўтварэння асн. прадуктаў адрозніваюць браджэнне спіртавое, малочнакіслае, масленакіслае, прапіёнавакіслае, ацэтона-бутылавае, ацэтона-этылавае і інш. Характар і інтэнсіўнасць браджэння, колькасныя суадносіны канчатковых прадуктаў, а таксама кірунак залежаць ад асаблівасцяў яго ўзбуджальніка і ўмоў, пры якіх яно адбываецца (pH, ступень аэрацыі, від субстрату і інш.). Найб. вывучана спіртавое браджэнне.

Спіртавое браджэнне адкрыў франц. вучоны Каньяр дэ ла Тур (1836), які вызначыў, што яно звязана з ростам і размнажэннем дражджэй. Хім. ўраўненне спіртавога браджэння — C6H12O6·2C2H5OH + 2CO2 выведзена франц. хімікамі А.Лавуазье (1789) і Ж.Гей-Люсакам (1815). Л.Пастэр (1857) вызначыў, што спіртавое браджэнне выклікаюць толькі жывыя дрожджы ў анаэробных умовах. Ням. хімік Э.Бухнер (1897) высветліў, што яго могуць ажыццяўляць таксама выцяжкі з дражджэй. Пры т-ры, роўнай або большай за 50 °C, працэс браджэння спыняецца. Вылучаны і ідэнтыфікаваны 11 метабалітаў гэтага працэсу — прамежкавых прадуктаў спіртавога браджэння глюкозы і 11 ферментаў, што паслядоўна каталізуюць усе рэакцыі і спіртавога браджэння (сумарнае ўраўненне якога C6H12O6 + 2H3PO4 + 2АДФ → 2CH3CH2OH + 2CO2 + 2АТФ). Існуе цесная сувязь паміж браджэннем і дыханнем мікраарганізмаў, раслін і жывёл. У прысутнасці кіслароду спіртавое браджэнне прыгнечваецца ці зусім спыняецца. Працэс ператварэння глюкозы ў жывых арганізмах (гліколіз) падобны да спіртавога браджэння і ідзе з удзелам тых жа ферментаў (адметныя рысы ён набывае на апошніх этапах). Зброджванне вугляводаў (глюкозы, ферментатыўных гідралізатаў крухмалу, кіслотных гідралізатаў драўніны) шырока выкарыстоўваецца ў многіх галінах прам-сці з мэтай атрымання этылавага спірту, гліцэрыну і інш. тэхн. і харч. прадуктаў. На спіртавым браджэнні заснаваны прыгатаванне цеста ў хлеба-пякарнай прам-сці, малочнакіслых прадуктаў, вінаробства і піваварэнне. Малочнакіслае браджэнне бывае гомаферментатыўнае (яго асн. прадукт — малочная к-та; выклікаецца бактэрыямі Streptococcus lactis, S. diacetilactis, Lactobacillus delbrückii) і гетэраферментатыўнае (акрамя малочнай утвараюцца бурштынавая і воцатная к-ты, этанол і інш.; выклікаецца бактэрыяй Escherichia coli — кішачнай палачкай). Малочнакіслае браджэнне выкарыстоўваюць пры вырабе кісламалочных прадуктаў, малочнай к-ты, у хлебапячэнні, квашанні агародніны, сіласаванні кармоў і інш. Масленакіслае браджэнне вугляводаў з утварэннем масленай к-ты ажыццяўляюць многія анаэробныя бактэрыі з роду Clostrobium; выкарыстоўваецца для атрымання масленай к-ты, пры вымочванні валакністых раслін (лёну, канапель, джуту і інш.). Ацэтона-бутылавае браджэнне вугляродаў з утварэннем бутылавага спірту і ацэтону (таксама невял. колькасці вадароду, вуглякіслага газу, воцатнай і масленай к-т і этылавага спірту) выклікае бактэрыя Clostridium acetobutilicum; выкарыстоўваюцца для прамысл. атрымання бутылавага спірту і ацэтону, неабходных для хім. і лакафарбавай прам-сці. Некаторыя бактэрыі з роду Clostridium (гніласныя анаэробы) здольныя зброджваць таксама амінакіслоты бялкоў. Гэты працэс мае вял. значэнне ў кругавароце рэчываў у прыродзе. Прапіёнавакіслае браджэнне вугляводаў з утварэннем вуглякіслага газу, прапіёнавай і воцатнай к-т выклікаюць некалькі відаў бактэрый з роду Propionibacterium. На гэтым працэсе заснавана сыраробства. Ёсць віды браджэння, якія суправаджаюцца і аднаўленчымі працэсамі, напр. зброджванне цукру плесневым грыбам Aspergillus niger, які да 90% засвоенага ім цукру ператварае ў лімонную к-ту, што выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці для мікрабіял. сінтэзу лімоннай к-ты. Традыцыйна браджэнне называюць таксама кіслародныя акісляльныя працэсы, напр. воцатнакіслае і глюконавакіслае браджэнне, што ажыццяўляюць аэробныя бактэрыі з роду Acetobacter і некаторыя плесневыя грыбы, якія акісляюць этылавы спірт з утварэннем воцатнай, а глюкозу — глюконавай к-т.

Літ.:

Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 2. М., 1985;

Кретович В.Л. Биохимия растений. 2 изд. М., 1986.

А.М.Ведзянееў.

т. 3, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНАРО́БСТВА,

прыгатаванне віна шляхам спіртавога браджэння з вінаграду, а таксама з соку пладоў і ягад. Тэхнал. працэсы вырабу вінаграднага віна падзяляюць на першаснае вінаробства (перапрацоўка вінаграду, прыгатаванне вінаматэрыялаў) і другаснае вінаробства (апрацоўка і вытрымка вінаматэрыялаў з мэтай надання ім пэўнага смаку, букета, паху і стабільнасці).

Асн. працэс першаснага вінаробства — спіртавое браджэнне сусла, у якое ўводзяць чыстую культуру дражджэй; браджэнне можа адбывацца і на прыродных дражджах, якія ёсць у вінаградзе. Для прыгатавання мацаванага і дэсертнага віна разам з сокам зброджваюць ці настойваюць і здробнены вінаград. Для сухіх він сусла зброджваюць поўнасцю, для паўсухіх, моцных і дэсертных — часткова. Найб. эфектыўныя для вытрымкі і захоўвання віна вінныя падвалы ці вінасховішчы (наземныя памяшканні з кандыцыяніраваннем паветра). Пры вытрымцы праводзяць даліўку, пераліўку, асвятленне, фільтрацыю, купаж, ахаладжэнне і інш. аперацыі, у выніку якіх віно набывае зададзеныя якасці. У раёнах, дзе вырошчваюць вінаград, на працягу тысячагоддзяў існуе непрамысл. вінаробства. У хатніх умовах вырабляюць пераважна ардынарныя віны мацункам 9—12%.

У прам-сці для вытв-сці віна выкарыстоўваюць паточныя высокапрадукцыйныя лініі перапрацоўкі вінаграду, устаноўкі бесперапыннага браджэння, аўтаматызаваныя лініі разліву (гл. Вінаробная прамысловасць).

С.П.Самуэль.

т. 4, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)