СПОК (Spock) Бенджамін Маклейн (2.5.1903, г. Нью-Хейвен, штат Канектыкут, ЗША — 15.3.1998),

амерыканскі педыятр, педагог і грамадскі дзеяч. Скончыў Іельскі ун-т (1925) і мед. курсы пры ім (1929). У 1933—44 займаўся прыватнай практыкай у Нью-Йорку. У 1944—46 на вайсковай службе, у 1947—50 ад’юнкт-праф. Мінесоцкага ун-та, у 1951—55 кіраваў аддзяленнем дзіцячай псіхіятрыі пры мед. курсах Пітсбургскага ун-та. У кн. «Дзіця і яго догляд» (1946) абагульніў свой вопыт педыятра, выклаў уяўленні пра ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей, развіццё здаровай і шчаслівай асобы. Гал. ідэя С. — прызнанне адметнасці, унікальнасці асобы дзіцяці; ён раіў бацькам пазбягаць крайнасцей у выхаванні, праяўляць чуласць і ўлічваць жаданні дзіцяці, дамагацца такіх адносін з дзецьмі, калі адпадае неабходнасць у пакаранні. Важнейшым у выхаванні лічыў «метад цярпення», адначасова падкрэсліваў асн. ролю бацькоўскага аўтарытэту, які не мае нічога агульнага з дыктатам, значэнне дысцыпліны для выхавання. У шматлікіх публікацыях выказаў свае ідэі па пед. праблемах: выхаванне прыёмных і «цяжкіх» дзяцей, выхаванне ў няпоўнай сям’і. уплыў на дзяцей сямейных канфліктаў і разводаў, роля бацькі ў выхаванні і інш. Сваю грамадскую дзейнасць разглядаў як працяг гуманістычнай педагогікі.

Літ.:

Азаров Ю. Диалог: Заметки о Бенджамине Споке и о современ. пробл. воспитания // Новый мир. 1979. № 9—10.

т. 15, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)