СПЛА́ВІНА, зыбун,

1) слой воднай і балотнай расліннасці, які нарастае ад берага да цэнтр. часткі вадаёма. У вадаёмах, багатых пажыўнымі рэчывамі, складзена з карэнішчавых раслін (чарот, рагоз, бабок трохлісты, капытнік) і брыевых імхоў, у бедных — у асн. са сфагнавых імхоў. Адарваныя ад берага ўчасткі С. часам утвараюць плаваючыя астравы.

2) Слой слабараскладзенага торфу з ачосам, які ўсплывае на паверхню вадасховішчаў у месцах затаплення тарфяных балот. Адзначаюцца ў першыя гады існавання вадасховішчаў.

т. 15, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫБУ́Н,

слой воднай і балотнай расліннасці, гл. Сплавіна.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́ХАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці, у басейне ракі Маларыта, за 17 км на Паўднёвы Захад ад горада Маларыта. Плошча 4,6 км², даўжыня 5,2 км, найбольшая шырыня 2,1 км, найбольшая глыбіня 2,1 м. Плошча вадазбору 291 км².

Катлавіна плоская, сподкападобная, выцягнутая з Паўднёвага Захаду на Паўночны Усход. Берагі нізкія, забалочаныя, на Поўнач і Паўночны Захад сплавінныя. На Усходзе марэнныя ўзгоркі вышынёй 3—4 м. Прыбярэжныя ўчасткі дна высланы пяском, глыбей — сапрапелем. Моцна зарастае. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шырынёй 150—200 м, каля заходняга і паўночна-заходнягя берагоў развіваецца сплавіна. Каналамі злучана з ракой Маларыта і возерам Олтушскае. У выніку меліярацыі ўзровень возера знізіўся на 1,5 м.

т. 2, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРКО́ЎШЧЫНА, Малая Даўгоўшчына,

возера ў Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 8 км на Пд ад г.п. Ушачы. Пл. 0,16 км², даўж. 760 м, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 21,8 м, даўж. берагавой лініі 2,3 км. Пл. вадазбору 11,4 км².

Схілы катлавіны выш. 20—30 м, на Пд і Пн не выражаны, на З абразійны ўступ выш. 2—3,5 м. Берагі нізкія, на ПнЗ і З сплавіна шыр. 5—10 м, усх. бераг пясчаны, паўд. забалочаны. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбакаводдзе выслана глеем. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. ад 10 да 250 м. Злучана ручаём з воз. Доўжына. Уваходзіць у курортную зону Ушачы.

т. 2, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РНАЯ У́РАДА Возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дзіва, за 1 км на У ад в. Вялічкаўцы, за 22 км на ПдУ ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 0,53 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 430 м, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі 4,3 км. Пл. вадазбору 93,7 км². Катлавіна рэшткавага тыпу, выцягнутая з Пн на Пд, яе схілы выш. 5—8 м, спадзістыя, пераважна разараныя, на Пн і Пд месцамі забалочаныя. Берагі нізкія, спадзістыя, пясчаныя або забалочаныя, на Пд сплавіна шыр. 10—15 м. Дно сапрапелістае, на мелкаводдзі месцамі заіленыя пяскі. Моцна зарастае. Упадаюць ручай Пракса і р. Бельская, злучана ручаём з воз. Атолава.

т. 17, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)