Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СПАЖЫВА́ННЕ,
выкарыстанне грамадскага прадукту для задавальнення вытворчых і асабістых патрэб людзей; заключная стадыя ўзнаўленчага цыкла. Адрозніваюць С. вытворчае і невытворчае. Вытворчае — выкарыстанне сродкаў вытворчасці (машыны, інструменты, паліва, сыравіна і г.д.) і рабочай сілы чалавека ў працэсе вырабу прадукцыі; невытворчае — выкарыстанне прадметаў ужытку. Апошняе падзяляецца на асабістае і грамадскае. Асабістае — выкарыстанне чалавекам харч. прадуктаў, адзення, абутку, тавараў культ.-быт. ўжытку, паліва, жылля і г.д., а таксама задавальненне яго патрэб у адукацыі, адпачынку, ахове здароўя і інш. Канчатковым вынікам размеркавання фонду асабістага С. з’яўляецца фарміраванне сямейных бюджэтаў (гл.Бюджэт спажывецкі), сукупных даходаў працуючых і непрацуючых чл. сям’і. Грамадскае С. ўключае спажываныя матэрыяльныя каштоўнасці і паслугі арг-цыямі і ўстановамі невытворчай сферы (адукацыя, ахова здароўя, навука, абарона, кіраванне і інш.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
БІЯХІМІ́ЧНАЕ СПАЖЫВА́ННЕ КІСЛАРО́ДУ (БСК),
колькасць кіслароду, што ўжываецца арган. рэчывамі, якія ёсць у вадзе, пры біяхім. іх акісленні ў працэсе самаачышчэння вады; паказчык ступені забруджанасці вады і наяўнасці ў ёй лёгкаакісляльных арган. рэчываў. Вымяраецца ў міліграмах кіслароду, які траціцца на акісленне забруджвальнікаў у 1 л вады (мг/л) пры т-ры 20 °C. Значэнні БСК5 — расход кіслароду за 5 сут (60—80% поўнага спажывання кіслароду) і БСКпоўн. — спажыванне кіслароду, які спатрэбіўся для акіслення арган. рэчываў за адрэзак часу да пачатку працэсу нітрыфікацыі. БСКпоўн. лічыцца 15—20 сут, аднак мінералізацыя нястойкіх арган. рэчываў заканчваецца прыблізна за 10 сут (расход кіслароду складае каля 90%), на 20-я сут працэс стабілізуецца (дасягае 99%), але не спыняецца. БСК5 прыродных водаў звычайна 0,5—2 мг/л, у залежнасці ад ступені забруджанасці вадаёмаў 0,5—7 мг/л. Нізкі паказчык БСК можа сведчыць таксама пра наяўнасць у вадзе рэчываў, якія запавольваюць або спыняюць біяхім. працэсы ў ёй.