СНД м. (Саю́з Незале́жных Дзяржа́ў) СНГ (Сою́з Незави́симых Госуда́рств)

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

СНД (Садружнасць Незалежных Дзяржаў) Gemeinschaft der Unabhängigen Staaten (nach der Auflösung der Sowjetunion in 1991 gegründet)

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

САДРУ́ЖНАСЦЬ НЕЗАЛЕ́ЖНЫХ ДЗЯРЖА́Ў (СНД),

аб’яднанне суверэнных дзяржаў, утворанае на большай частцы тэрыторыі Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у выніку Белавежскіх пагадненняў 1991 паміж Рэспублікай Беларусь, Рас. Федэрацыяй і Украінай. Кіраўнікі 11 суверэнных дзяржаў (б. рэспублік СССР, акрамя прыбалтыйскіх і Грузіі) падпісалі 21.12.1991 у г. Алматы (да 1995 сталіца Казахстана) Пратакол да Пагаднення аб стварэнні Садружнасці, у якім падкрэслівалася, што Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан і Украіна на раўнапраўных пачатках утвараюць СНД, і Дэкларацыю, якая пацвердзіла прыхільнасць гэтых дзяржаў да супрацоўніцтва ў розных сферах знешняй і ўнутр. палітыкі, абвясціла гарантыі выканання міжнар. абавязацельстваў б. СССР. Парламенты краін — членаў СНД ратыфікавалі Белавежскія пагадненні. У снеж. 1993 да Садружнасці далучылася Грузія. СНД дзейнічае на аснове Статута, прынятага Саветам кіраўнікоў дзяржаў 22.1.1993. Садружнасць засн. на пачатках суверэннай роўнасці ўсіх яе членаў. Дзяржавы — члены СНД з’яўляюцца самастойнымі і раўнапраўнымі суб’ектамі міжнар. права. СНД не з’яўляецца дзяржавай і не валодае наднац. паўнамоцтвамі. У вер. 1993 кіраўнікі дзяржаў СНД падпісалі Дагавор аб стварэнні Эканам. саюза, у якім закладзена канцэпцыя трансфармацыі гасп. ўзаемадзеянняў у рамках Садружнасці. Узаемадзеянне краін ў рамках СНД ажыццяўляецца праз яго каардынуючыя ін-ты: Савет кіраўнікоў дзяржаў (чарговае пасяджэнне адбылося ў Мінску 1.6.2001), Савет кіраўнікоў урадаў, Міжпарламенцкую Асамблею СНД, Выканаўчы камітэт (дзейнічае з 2.4.1999 як пераемнік Выканаўчага сакратарыята і Міждзярж. эканам. к-та, размешчаных у Расіі і Беларусі) і інш. Статус назіральніка прадастаўлены Садружнасці Ген. Асамблеяй ААН (сак. 1994) і Саветам па гандлі і развіцці (ЮНКТАД; 19.4.1994). Паміж сакратарыятам ЮНКТАД і Выканаўчым к-там СНД падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве (5.5.1994). У 1995 наладжаны дзелавыя кантакты з Міжнар. арг-цыяй працы, Сусв. арг-цыяй аховы здароўя, Упраўленнем Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў. Прадстаўнікі Выканаўчага к-та ўдзельнічаюць у буйнейшых нарадах і форумах, якія праводзяцца па лініі ААН, Еўрапейскага саюза, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, інш. міжнар. арг-цый. Некат. краіны Садружнасці стварылі асобныя аб’яднанні: Саюз Беларусі і Расіі, Мытны саюз (Рэспубліка Беларусь, Рас. Федэрацыя, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан) і інш.

Узаконена канцэпцыя рознахуткаснай інтэграцыі ўнутры Садружнасці. З сярэдзіны 1990-х г. у СНД выявіліся і цэнтрабежныя тэндэнцыі, надзеі на хуткую і цесную інтэграцыю яе краін-членаў не апраўдаліся. Асн. прычыны такога працэсу: розныя падыходы дзяржаў СНД да праблем рэфармавання органаў Садружнасці, вызначэння іх структуры і функцый, рознагалоссі ў выпрацоўцы агульнай эканам. канцэпцыі на макра- і мікраўзроўні і агульнай палітыкі ў забеспячэнні калект. бяспекі; боязь страціць значную частку суверэнітэту і магчымасці прысваення гэтых функцый Расіяй; неэфектыўнасць дагавораў і пагадненняў у рамках СНД; розніца сфер інтарэсаў і мэт знешняй палітыкі краін — удзельніц СНД. Не выконваюцца многія палажэнні Дагавора аб калект. бяспецы (1992), з якога выйшлі Азербайджан, Грузія і Ўзбекістан (1999) Рэспубліка Беларусь выступае за захаванне СНД, больш цесныя эканам., паліт. і ваен. супрацоўніцтва і інтэграцыю; была адным з ініцыятараў падпісання дагавораў і пагадненняў аб Мытным саюзе, адзінай эканам прасторы, калект. бяспецы, фарміраванні зоны свабоднага гандлю.

Літ.:

Содружество независимых государств: Портрет на фоне перемен. Мн., 1996;

Гордейчик А., Снапковский В. О нынешнем состоянии СНГ и перспективах его развития // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 1999. № 1.

А.​В.​Шарапа.

т. 14, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКАНА́ЎЧЫ САКРАТАРЫЯ́Т СНД,

цэнтральны каардынацыйны орган Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). Створаны паводле рашэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД 14.5.1993 на базе Рабочай групы для арганізац.-тэхн. падрыхтоўкі і правядзення пасяджэнняў саветаў кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Знаходзіцца ў Мінску. Рыхтуе праекты дакументаў для разгляду статутнымі органамі СНД, арганізуе іх прававую экспертызу і ўзгадненне, абмен інфармацыяй паміж дзяржавамі СНД, фарміруе парадак дня сустрэч на вышэйшым узроўні, выдае інфармац. бюлетэнь СНД. У выканаўчы сакратарыят СНД уваходзяць выканаўчы сакратар (з 1993 І.М.Каратчэня), яго намеснікі, пастаянныя паўнамоцныя прадстаўнікі дзяржаў СНД. Мае ўпраўленні па розных кірунках дзейнасці, а таксама аддзелы.

т. 4, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦЕ́ЖНЫ САЮ́З СНД,

добраахвотнае аб’яднанне суб’ектаў СНД з мэтай забеспячэння бесперабойнасці разлікаў у рэжыме выкарыстання ўзаемнага канверсавання нац. валют і фарміравання плацежнай сістэмы. Створаны на аснове міждзярж. пагаднення, падпісанага 21.10.1994 кіраўнікамі дзяржаў. Пагадненнем устаноўлена мультывалютная плацежная сістэма, якая прадугледжвае выкарыстанне ў разліках рас. і нац. валют інш. дзяржаў-удзельнікаў.

т. 12, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖПАРЛА́МЕНЦКАЯ АСАМБЛЕ́Я СНД.

Створана паводле Пагаднення аб Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў ад 27.3.1992. Яе дзейнасць рэгламентуецца таксама Канвенцыяй аб Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД (падпісана 26.5.1995 у Мінску). На 1.1.2000 у склад М.а. ўваходзілі: Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан, Украіна. М.а. з’яўляецца міждзярж. органам СНД; складаецца з парламенцкіх дэлегацый краін-удзельніц, якія выбіраюцца ці прызначаюцца парламентам краіны-ўдзельніцы са сваіх членаў. М.а. збіраецца на чарговыя і пазачарговыя пленарныя пасяджэнні, якія праводзяцца не радзей як 2 разы на год. Задачамі М.а. з’яўляюцца: абмеркаванне пытанняў супрацоўніцтва ў розных галінах і падача рэкамендацый па гэтых пытаннях Савету кіраўнікоў дзяржаў і (або) Савету кіраўнікоў урадаў, інш. органам Садружнасці; прыняцце тыповых заканадаўчых актаў і падача іх парламентам краін-удзельніц у якасці рэкамендацый; садзейнічанне ажыццяўленню абмену паміж краінамі-ўдзельніцамі інфармацыяй прававога характару. Арганізацыю дзейнасці М.а. ажыццяўляе Савет асамблеі, які складаецца з кіраўнікоў парламенцкіх дэлегацый краін-удзельніц. Пастаянна дзеючым адм. органам з’яўляецца Сакратарыят. Месца знаходжання М.а. — г. Санкт-Пецярбург.

В.​В.​Бараноўскі.

т. 10, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СНГ (Сою́з Незави́симых Госуда́рств) СНД (Саю́з Незале́жных Дзяржа́ў).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Содру́жество Незави́симых Госуда́рств (СНГ) Садру́жнасць Незале́жных Дзяржа́ў (СНД).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

садру́жнасць, -і, ж.

1. Узаемная дружба, сяброўскае яднанне.

С. народаў.

Салдацкая с.

2. Аб’яднанне каго-, чаго-н. на аснове агульных інтарэсаў, поглядаў, дружбы.

С. пісьменнікаў.

С. мастакоў.

3. Дзяржаўнае аб’яднанне.

Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

CiS, Commonwealth of independent States

Супо́льнасьць Незале́жных Дзяржа́ваў (СНД)

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)