ска́рбніца, -ы, мн. -ы, -ніц, ж.

1. уст. Месца захоўвання дарагіх рэчаў, каштоўнасцей.

Княжаская с.

2. перан. Сукупнасць культурных, духоўных каштоўнасцей, сканцэнтраванне чаго-н. вельмі каштоўнага.

Паэзія Якуба Коласа і Янкі Купалы — с. беларускай літаратуры.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ска́рбніца

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. ска́рбніца ска́рбніцы
Р. ска́рбніцы ска́рбніц
Д. ска́рбніцы ска́рбніцам
В. ска́рбніцу ска́рбніцы
Т. ска́рбніцай
ска́рбніцаю
ска́рбніцамі
М. ска́рбніцы ска́рбніцах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

ска́рбніца ж.

1. ист. ска́рбница;

2. перен. сокро́вищница;

с. маста́цтва — сокро́вищница иску́сства

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ска́рбніца, ‑ы, ж.

1. Уст. Месца захоўвання дарагіх рэчаў, каштоўнасцей. Царская скарбніца. □ Другі заходні неф служыў жыллём для замкавых жыхароў, і там былі скарбніца і падземны ход за Гараднічанку. Караткевіч.

2. Матэрыяльныя каштоўнасці, маёмасць, багацце. Насустрач па шашы імчаліся машыны І з цэглай, і з жалезам, і з рудой, Багаты ўраджай, удой Плылі ўвесь час у скарбніцы краіны. Корбан. // перан. Сукупнасць культурных, духоўных каштоўнасцей. Ленінізм — скарбніца вечна жывога творчага марксізма. «Полымя». Міхась Чарот .. напісаў добрыя паэмы і вершы, якія назаўсёды засталіся ў скарбніцы беларускай літаратуры. Хведаровіч. // перан. Невычэрпная крыніца чаго‑н. У фальклоры паэт [М. Танк] знайшоў для сябе найбагацейшую скарбніцу ідэй, матываў, вобразаў, сюжэтаў. Гіст. бел. сав. літ. Абодва дзяды .. для дапытлівага, цікаўнага ўнука былі цэлай скарбніцай спазнання свету, энцыклапедыяй народнага жыцця. Вітка.

3. Месца сканцэнтравання якіх‑н. каштоўнасцей. [Луўр] — багацейшая скарбніца жывапісу і скульптуры, размешчаных у шасці аддзелах, кожны з якіх па сутнасці з’яўляецца музеем. Філімонаў.

4. Даўней — казна; месца захоўвання казны. Невялікае мураванае памяшканне станцыі мела звычайны .. выгляд: .. направа .. мясцілася багажня, скарбніца і невялічкі першы клас, а налева — другі і трэці класы. Гартны.

[Польск. skarbnica.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

СКА́РБНІЦА,

гаспадарчая пабудова для захоўвання каштоўных рэчаў (зброі, дакументаў і інш.). Здаўна вядомы ў Літве, Польшчы, на Украіне. На Беларусі ў 16—19 ст. будавалі ў замкава-палацавых і сядзібных комплексах з каменю, цэглы, дрэва, часам аб’ядноўвалі з капліцамі, жылымі і гасп. пабудовамі (Іўе, Копысь Аршанскага р-на). Склаліся 2 тыпы пабудоў: франтальны, пры якім асн. маст. ролю выконваў багата аздоблены гал. фасад з ганкам ці порцікам, часам з гадзіннікавай вежай у цэнтры (в. Варонча Карэліцкага р-на), і цэнтрычнаярусны, з кругавой балюстраднай галерэяй у 2-м ярусе (б. маёнтак Грозаў, Капыльскі р-н). Дзверы звычайна падвойныя — вонкавыя (дубовыя) і ўнутр. (жалезныя), вокны з метал. кратамі.

Ю.​А.​Якімовіч.

Скарбніца ў былым маёнтку Грозаў (Капыльскі раён Мінскай вобл.). Сярэдзіна 17 ст. Рэканструкцыя.
Скарбніца сядзібы ў вёсцы Варонча Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл. Фота пач. 20 ст.

т. 14, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ска́рбніца ж. тс. перан. Schátzkammer f -, -n;

ска́рбніца ве́даў die Schátzkammer des Wíssens

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

ска́рбніца

(польск. skarbnica)

1) месца захоўвання дарагіх рэчаў, каштоўнасцей;

2) перан. невычэрпная крыніца чаго-н.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

«СКА́РБНІЦА ГРА́МАТ»,

«Скарбніца грамат папскіх, імператарскіх, каралеўскіх, княжацкіх, нацыянальных ухвал, пастаноў розных улад і ўрадаў, якія служаць крытычнаму высвятленню гісторыі Літвы, Літоўскай Русі і суседніх краін» («Skarbiec dyplomatów...»), зборнік гіст. крыніц па гісторыі Літвы і ВКЛ са стараж. часоў да Люблінскай уніі 1569. Складзены І.​М.​Даніловічам на польскай мове, выдадзены пасмяротна Я.​Сідаровічам пры ўдзеле М.​Круповіча ў 2 тамах у Вільні ў 1860—62. У ёй змешчаны 2383 дакументы з 824 г. да 1569 у асноўным у выглядзе рэгестаў (кароткі пераказ зместу), сярод іх лісты і граматы рымскіх пап, імператараў «Свяшчэннай Рымскай імперыі», каралёў, вял. князёў ВКЛ, магістраў, комтураў і інш. службовых асоб Нямецкага і Інфлянцкага ордэнаў. Пераважаюць дакументы паліт. характару, дыпламат. перапіска, ёсць даравальныя граматы, граматы гарадам на магдэбургскае права, агульназемскія прывілеі, мірныя дагаворы, акты дзярж. уній ВКЛ і Польшчы, асобныя паведамленні з летапісаў.

т. 14, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ска́рбница ска́рбніца, -цы ж.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

сокро́вищница ска́рбніца, -цы ж.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)