Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЎПТМАН (Hauptmann) Герхард
(15.11.1862, Оберзальцбрун, цяпер г. Шчаўна-Здруй, Польшча — 6.6.1946),
нямецкі пісьменнік. Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у г. Брэслаў, Іенскім ун-це, вывучаў скульптуру ў Рыме (1883—84). З пазіцый натуралізму напісаны яго драмы «Перад усходам сонца» (1889), «Свята перамір’я» (1890); «Адзінокія» (1891), сац. п’есы «Возчык Геншэль» (1898), «Роза Бернд» (1903), «Пацукі» (1911) і сац.-гіст. драма «Ткачы» (1892; пра паўстанне сілезскіх ткачоў 1844). Аўтар сатыр. камедыі «Бабровае футра» (1893), гіст. трагедыі «Фларыян Геер» (1896; пра сял. паўстанне 1524—25). Цікавасць да гіст. і міфалагічных тэм, цяга да ірацыяналізму ў драмах «Зімовая балада» (1917), «Белы выратавальнік» (1920), раманах «Юродзівы Эмануэль Квінт» (1910), «Ерэтык з Сааны» (1918), «Востраў Вялікай маці» (1924). Драма «Перад захадам сонца» (1932) сцвярджае гуманіст. ідэалы. Аўтар аўтабіягр. тэтралогіі ў вершах «Атрыды» (выд. 1941—48) на сюжэт грэч. легенды. Яго негатыўныя адносіны да нацыянал-сацыялізму выявіліся ў фантаст. паэме «Вялікі сон» (1942). Нобелеўская прэмія 1912. П’есы Гаўптмана ставіліся на Беларусі: «Эльга» — т-рам імя Я.Купалы (1926), «Ткачы» — на Бел. тэлебачанні (1970).
Тв.:
Рус.пер. — Полн. собр. соч. Т. 1—14. М., 1910—12;
Пьесы. Т. 1—2. М., 1959.
Літ.:
Сильман Т. Герхард Гауптман, 1862—1946. Л.; М., 1958;
Герхард Гауптман: Библиогр. указ. рус. переводов и критич. лит. на рус. яз. (1891—1983). Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КЕНС (Dickens) Чарлз
(7.2.1812, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 9.6.1870),
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў прыватнай школе, працаваў клеркам, парламенцкім стэнографам. рэпарцёрам. Шырокую вядомасць прынёс яму першы твор «Нарысы Боза» (1833—36). Серыя спарт. нарысаў пра дзівака і няўдачніка містэра Піквіка ператварылася ў камічную эпапею — раман «Пасмяротныя запіскі Піквікскага клуба» (1837). У раманах «Прыгоды Олівера Твіста» (1838), «Жыццё і прыгоды Нікаласа Нікльбі» (1839) адлюстраваў заняпад духоўнасці і маралі ў віктарыянскай Англіі; сац. праблемы разглядаліся ў іх сувязі з маральна-этычнымі, праз крытэрыі дабра і зла. Традыцыі «рамана выхавання», рэаліст. асэнсаванне рэчаіснасці, увага да вечных маральных праблем характэрны для раманаў «Домбі і сын» (1848) і «Дэвід Коперфілд» (аўтабіяграфічны, 1849—50). Паглыбленне ў сутнасць жыцця адбывалася разам з узмацненнем сімволікі і сатыр. трактоўкі вобразаў у раманах «Халодны дом» (1853), «Цяжкія часы» (1854), «Крошка Дорыт» (1857). Аўтар гіст. рамана «Барнабі Радж» (1841), сац.-псіхал. раманаў з элементамі дэтэктыва «Вялікія спадзяванні» (1861), «Наш агульны сябар» (1865), «Таямніца Эдвіна Друда» (1870, незакончаны). На бел. мове выдадзены раманы Дз. «Домбі і сын» (1938) і «Вялікія спадзяванні» (1940). Паводле яго твораў т-р імя Я.Коласа паставіў спектакль «Жорсткі свет» (1953).