Сергачоў Сяргей Аляксеевіч

т. 14, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́НІК, овы (ад лац. ovum яйцо),

арнаментальны матыў на капітэлях і карнізах іанічнага і карынфскага арх. ордэраў. Складаецца з яйцападобных выпукласцей, якія зрэзаны зверху, абрамлены валікамі і чаргуюцца са стральчатымі лістамі, павернутымі вастрыём уніз. Паверхня элементаў І. гладкая або аздоблена разьбой.

С.​А.​Сергачоў.

Іонік.

т. 7, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНА́КЛЬ (франц. pinacie),

дэкаратыўная вежачка, слупок на контрфорсе ці інш. частках будынкаў. Звычайна завяршаецца дэкар. востраканцовай пірамідкай (фіялам) і ўпрыгожваецца крабамі (дэталі ў выглядзе скульпт. стылізаваных лістоў і кветак). П. шырока вядомы ў еўрап. архітэктуры познараманскага і гатычнага стыляў, а таксама ў збудаваннях несапраўднай готыкі.

С.​А.​Сергачоў.

Пінакль.

т. 12, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЕЛЮ́РЫ (ад франц. cannelure жалабок) у архітэктуры, жалабкі вертыкальныя на ствале калоны або пілястры і гарызантальныя на базе калоны іанічнага ордэра. У якасці дэкар. элемента сфарміраваліся ў архітэктуры Стараж. Грэцыі ў дарычным ордэры. У Зах. Еўропе, Расіі і на Беларусі былі пашыраны ў архітэктуры барока і класіцызму.

С.​А.​Сергачоў.

т. 7, с. 583

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСО́ЛЬ (франц. console) у архітэктуры, выступ у сцяне; канструкцыя, цвёрда замацаваная адным канцом у сцяну пры свабодным другім яе канцы (камень, бэлька, пліта, ферма) ці тая частка, што выступае за апору. К. звычайна падтрымліваюць карнізы, скульптуры, балкон, эркер і інш. Дзякуючы выразным маст. формам, з’яўляюцца элементамі дэкар. аздаблення будынка.

С.​А.​Сергачоў.

Кансоль.

т. 7, с. 592

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОМ-КРЭ́ПАСЦЬ,

тып жылога дома. Кампазіцыя Д.-к. складалася пад уплывам архітэктуры замкаў. На Беларусі вядомы з 17 ст. Звычайна кампактная пабудова з 4 абарончымі вежамі па вуглах (гл. Гайцюнішскі дом-крэпасць). У 18—19 ст. пад уплывам архітэктуры Д.-к. будавалі сядзібныя дамы з алькежамі, якія нагадвалі абарончыя вежы (Гродна, Іўе, Копысь, Поразава).

С.​А.​Сергачоў.

т. 6, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЗБІЦА,

1) верхні ярус вежаў абарончых збудаванняў у драўляным дойлідстве Беларусі, Польшчы, Украіны 16—17 ст. Звычайна выступала за аб’ёмы вежы, завяршалася шатровым дахам. Выступы знізу былі адкрытыя і выконвалі ролю машыкуляў.

2) Зрубная апора мастоў.

3) Зруб у складзе канструкцый, што закладваліся для большай трываласці ўнутр земляных абарончых валоў сярэдневяковага горада.

С.​А.​Сергачоў.

Ізбіца.

т. 7, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́СЛА,

1) у драўлянай архітэктуры частка сцяны каркаснай канструкцыі або плоту з гарызантальна пакладзеных бярвён, брусоў, жэрдак, дыль, плах, дошак паміж 2 верт. слупамі (шуламі). Асн. элемент будынкаў у перыяд каменнага веку. З 16 ст. з П. будавалі пераважна гасп. пабудовы — стайні, хлявы, аборы, гумны і інш. ў закідной тэхніцы.

2) Частка крапасной сцяны паміж 2 абарончымі вежамі.

С.​А.​Сергачоў.

т. 13, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПО́СТ (італьян. imposta ад лац. impono кладу на, ускладаю),

1) прафіляваная арх. дэталь над слупам, лапаткай, капітэллю калоны або прафіляваны камень сцяны, якія з’яўляюцца апорай для пяты аркі. На Беларусі вядомы з 12 ст. ў культавых збудаваннях.

2) Вертыкальны элемент (вузкі прасценак) паміж дзвярным і аконным праёмамі.

3) Дадатковы элемент аконнай і дзвярной каробак для мацавання іх глухіх частак ці стыкаў фрамугі.

С.​А.​Сергачоў.

Імпост.

т. 7, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЎЕЎСКАЯ МЯЧЭ́ЦЬ,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1884 у г.п. Іўе Гродзенскай вобл. Прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай прыбудовай-міхрабам (невял. апсіда), накрыты шатровым дахам, у цэнтры якога 8-гранны мінарэт. Першапачаткова гал. фасад быў аформлены галерэяй на 4 слупах з выгнутымі падкосамі (у 1970-я г. заменена невысокім тамбурам). Інтэр’ер падзелены на мужчынскую і жаночую палавіны з асобнымі ўваходамі.

С.​А.​Сергачоў.

Іўеўская мячэць.

т. 7, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)