Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
серадня́цтва, ‑а, н., зб.
Сераднякі, серадняцкае сялянства. Я разумеў: што бедната і асноўная мяса серадняцтва сталі на шлях калектывізацыі.Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
серадня́к, ‑а, м.
1. Селянін-аднаасобнік, які мае невялікі зямельны ўчастак і апрацоўвае яго сваімі асабістымі сіламі, па свайму маёмаснаму становішчу знаходзіцца паміж бедняком і кулаком. Атрымаўшы зямлю, дапамогу, .. [Ларывон і Паліна] выбіліся з беднякоў у сераднякі.Шамякін.
2. Чалавек сярэдніх здольнасцей, які нічым асабліва не вызначаецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бядня́к, бедняка. м.
Небагаты, незаможны, бедны чалавек. [Элія Бакучава:] — Багаты раз на жыцці памірае — бядняк штодзень.Самуйлёнак.Распрадавалі.. [такароўцы] апошнія здабыткі, каб плаціць адвакатам, зрабіліся беднякамі.Бядуля.// Бедны селянін, якога эксплуатавалі багачы. Атрымаўшы зямлю, дапамогу, яны [Цітаўна з сям’ёй] выбіліся з беднякоў у сераднякі.Шамякін.Спачатку ўся Гусевіца пайшла ў калгас, адны беднякі арганізаваліся.Асіпенка.Перш за ўсё вельмі падазрона, што на сход закліканы адны толькі беднякі і, што яшчэ больш дзіўна, Мікіта!Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВО́СЬМЫ З’ЕЗД КП(б)Б, XIII канферэнцыя КП(б)Б. Адбыўся ў Мінску 12—14.5.1924; 198 дэлегатаў з рашаючым і 83 з дарадчым голасам ад 13 975 чл. і канд. у чл. партыі.
Парадак дня: даклад аб рабоце ЦКК РКП(б) (І.І.Шварц); справаздачы Часовага Бел. Бюро ЦК РКП(б) (А.М.Асаткін-Уладзімірскі). Часовай Кантрольнай камісіі (Р.М.Вендэ); аб унутр. гандлі і кааперацыі (А.Р.Чарвякоў); аб рабоце ў вёсцы (В.У.Дзякаў); аб рабоце сярод моладзі (М.С.Арэхва); парт.-арганізац. пытанне (В.А.Багуцкі); выбары кіруючых органаў партыі.
З’езд ухваліў дзейнасць ЦКК РКП(б), узбуйненне БССР і работу Белбюро па «стварэнні адзінага арганізма Кампартыі Беларусі»; звярнуў увагу на тое, што пры 70% бел. насельніцтва ў апараце кіраўніцтва БССР непрапарцыянальна вял. колькасць прадстаўнікоў інш. нацыянальнасцей; у ЦВК і СНКБССР беларусаў 35,5%, у калегіях наркаматаў — 22%. З’езд паставіў задачы: павялічыць пралет. праслойку ў партыі, дабіцца стварэння ячэек на ўсіх прамысл. прадпрыемствах, прымаць у партыю лепшых прадстаўнікоў бяднейшага сялянства і вясковай інтэлігенцыі; падкрэсліў неабходнасць росту дзярж. і каап. гандлю, авалодання рынкам, выцяснення з гандлю прыватніка. Вызначыў мерапрыемствы па выцяснення капіталіст. элементаў у вёсцы, але адзначыў, што 70% сялян складаюць сераднякі. Галоўным у рабоце парт. арг-цый на вёсцы з’езд лічыў каапераванне шырокіх сял. мас. Ён засяродзіў увагу на неабходнасці вывучэння ленінізму, паляпшэння кіраўніцтва камсамолам. На з’ездзе гучала думка пра сусв. рэвалюцыю, якую можна паскорыць сваімі поспехамі. Замест Часовага Бел. Бюро ЦК РКП(б) і Часовай Кантрольнай камісіі выбраны ЦККП(б)Б у складзе 25 чл. і 7 канд., ЦКК — 16, Цэнтр.рэвіз. камісія з 5 чл.
Кр.: XIII конференция Коммунистической партии (больш.) Белоруссии: Стеногр. отчет. Мн., 1924.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫВІЗА́ЦЫЯ,
працэс аб’яднання аднаасобных сял. гаспадарак у с.-г. кааператывы. Праводзілася ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. у СССР з мэтай сацыяліст. пераўтварэнняў у вёсцы, ліквідацыі сельскай буржуазіі (кулацтва), павышэння таварнасці с.-г. вытв-сці. Тэарэтычная ідэя К. вынікала з вучэння марксізму-ленінізму аб ліквідацыі эксплуатацыі чалавека чалавекам у грамадстве і прыярытэтнасці калект. форм арг-цыі працы ў матэрыяльнай вытв-сці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі на гэтай аснове пачалі складвацца сацыяліст.вытв. адносіны на вёсцы шляхам стварэння камун сельскагаспадарчых, саўгасаў, інш. форм кааперацыі. Але да пач. 1-й пяцігодкі (1928) у вёсцы пераважалі дробныя аднаасобныя сял. гаспадаркі (25 млн.). Зыходзячы з неабходнасці замены дробнатаварнай гаспадаркі буйной механізаванай с.-г. вытв-сцю, паскарэння тэмпаў індустрыялізацыі, парт.-дзярж. кіраўніцтва СССР на XV з’ездзе ВКП(б) (1927) абвясціла курс на К. Лістападаўскі (1929) пленум ЦКВКП(б) паставіў перад асобнымі абласцямі краіны задачу суцэльнай К. На сталую работу ў калгасы з гарадоў паслалі 25 тыс. перадавых рабочых (гл.Дваццаціпяцітысячнікі). У 1930 ЦКВКП(б) прыняў пастанову аб завяршэнні суцэльнай К. ў асноўным да канца пяцігодкі (1932). Такі дырэктыўны націск на парт. і дзярж. органы выклікаў апазіцыю лідэраў «правага ўхілу» М.І.Бухарына, А.І.Рыкава, М.П.Томскага, якія выступілі супраць паскораных тэмпаў К., за адмену надзвычайных мер барацьбы з кулацтвам. Адносіны сялян да К. былі складанымі: беднякі падтрымлівалі К., спадзеючыся калект. намаганнямі палепшыць свой матэрыяльны дабрабыт; сераднякі вагаліся, значная іх частка марыла ўладкаваць жыццё ўласнымі сіламі; заможныя сяляне (кулакі) рашуча выступалі супраць К., бо не хацелі аддаваць у «агульны кацёл» свае больш дагледжаныя землі, інвентар, коней і інш. У сувязі з гэтым суцэльная К. праводзілася на аснове «ліквідацыі кулацтва як класа» і адкрытага прымусу ў адносінах да многіх серадняцкіх гаспадарак. У выніку на вёсцы адбывалася сапраўдная вайна: пачалося масавае раскулачванне заможных гаспадарак, перадача іх маёмасці ў калгасы, высылка кулацкіх сем’яў у інш. рэгіёны краіны; запалохванне сераднякоў такой жа перспектывай; мабілізацыя беднаты на барацьбу супраць ворагаў калгаснага ладу. Таму быў гвалт, былі бойкі, забойствы, арышты і рэпрэсіі (у т. л. расстрэлы) улад да праціўнікаў К. Прымаючы пад увагу сац.-эканам. і грамадска-паліт. напружанасць у краіне, парт. і дзярж. кіраўніцтва СССР вымушана было лавіраваць і адступаць пры правядзенні ў цэлым прымусовых тэмпаў К. Так, 14.3.1930 ЦКВКП(б) прыняў Пастанову «Аб барацьбе са скрыўленнямі партлініі ў калгасным руху», у якой усю адказнасць за гэта пераклаў на нізавыя парт. і дзярж. структуры. У той жа час 1930 быў аб’яўлены ў СССР годам разгорнутага наступлення сацыялізму па ўсім фронце. Да сярэдзіны 1930 было калектывізавана 24% гаспадарак, у 1932 — больш за 60, а ў 1937—93% гаспадарак. Аналагічныя працэсы адбываліся і ў сельскай гаспадарцы Беларусі. Калі ў 1928 у БССР было 994 калгасы, то ў 1932 іх колькасць павялічылася да 9 тыс., яны займалі 96% пасяўных плошчаў рэспублікі. К. прывяла да карэнных змен у арганізацыі с.-г. працы, сац.-быт. і грамадска-культ. адносін на вёсцы. У гады Вял.Айч. вайны калгасы ў БССР былі разрабаваны і ліквідаваны. Пасля вайны адноўлены; завяршылася К. ў зах. абласцях рэспублікі. У Рэспубліцы Беларусь з 1990-х г. пачаўся працэс ператварэння калгасаў у акц. т-вы, сталі стварацца фермерскія гаспадаркі. Гл. таксама Калгас.
Літ.:
Ленін У.Л. Аб кааперацыі // Тв.Т. 33 (Полн. собр. соч. Т. 45);
Мілаванаў В.А. Першыя крокі калгаснага руху ў Беларусі (кастрычнік 1917 г.—1920 г.). Мн., 1958;
Филимонов А.А. Укрепление союза рабочего класса и трудящегося крестьянства в период развернутого строительства социализма (1929—1936 гг.). Мн., 1968;
Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;
Барадач Г.А., Дамарад К.І. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў Заходніх абласцях Беларускай ССР. Мн., 1959;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3—5. Мн., 1973—75;
Победа колхозного строя в Белорусской ССР. Мн., 1981;
Сорокин АН. Эксперимент: Человек и земля. Мн., 1994;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.
П.Ц.Петрыкаў.
Да арт.Калектывізацыя. Плакат. 1929. Мастак П.Гуткоўскі.