Се́каўка ‘рыба шчыпоўка, Cobitis taenia L.’ (карэліц., З нар. сл.; Янк. 3.), се́чка ‘тс’ (Янк. 3.), секушка ‘тс’ (Жук.), сікоўка, сіколка ‘тс’ (там жа). Рус. (у Даля) сѣка ‘рыба ў’юн’, укр. сі́кавіця, сі́кавка, сіку́нка ‘шчыпоўка’, польск. siek, siekierka, чэш. sekavec, ст.-чэш. sekavec, дыял. sekavica, серб.-харв. sekuš ‘тс’. Да *sěkti ‘сячы’. Назва дадзена за вострыя калючыя шыпы пад вачамі; пасля таго, як яе ўхопіш, яна “сячэ” ў бакі гэтымі шыпамі; гл. Махэк₂ (540).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Се́чка 1 ‘рыба Cobitis taenia L.’ (Янк. 3., ТС). Гл. секаўка.
Се́чка 2 ‘рэзаная салома на корм жывёле’ (ТСБМ, Шат., Стан., Сл. ПЗБ, ТС), се́чанка ‘тс’ (Нас., Бяльк.). Ад сячы, параўн. славен. дыял. sečka ‘парэзаная салома, сена’.
Се́чка 3 ‘страказа’ (горац., ЛА, 1). Няясна; магчыма, пераасэнсаванне страказа пад уплывам стрыкаць ‘сячы’, гл.
Се́чка 4 ‘руя ваўкоў’ (ПСл). Відаць, з це́чка ‘тс’ (паводле ЛА, 1, разам з це́ка, распаўсюджана на поўдні моўнай тэрыторыі), пераасэнсаванага пад уплывам сячы ‘грызці’, параўн. воўк зарэзаў авечку.
Се́чка 5 ‘мера сыпкіх рэчываў’: въ сечкѣ 6 гарнцевъ (Яшк. Мясц.). Да сек (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сікла ‘рыба галец, Nemachilus barbatulus’ (Дэмб. 2, Жук.), ‘галец — уюн Cobitis barbatula’ (Дэмб. 1), ‘лічынка міногі Lampertra mariae Berg.’ (Яшкін, З жыцця; Інстр. 2), сіко́лка, сікоўка ‘рыба’ (?) (Мат. Гом.). Укр. сі́ква ‘галец’, си́кля ‘шчыпоўка’, рус. си́кла ‘галец’, ‘шчыпоўка’, польск. sikawka ‘шчыпоўка’, чэш., славац. sekavec, sykavec, н.-луж. sykanc, sykawice, sykawka, серб.-харв. seka, sjekaća ‘тс’. Цяжка размежаваць назвы рыб сямейства ўюновых. Махэк₂ (540) лічыць іх усе дэрыватамі ад *sěk‑ (гл. секаўка); Брукнер (490) — ад *sikati (гл. сікаўка). Але, відаць, тут трэба выдзеліць назвы шчыпоўкі ад *sěk‑, а назвы гальца лічыць вытворнымі ад *sik‑ (параўн. іншую назву гэтай рыбы: рус. паўд. сциколка, укр. (с)цикун), таму што гальцы пры недахопе кіслароду захватваюць яго ротам і з шумам выпускаюць праз заднюю адтуліну (Сабанееў, Жизнь, 50 і наст.). Параўн. таксама сіка, сік, сікаўка (гл.). Лаўчутэ (Балтизмы, 131) лічыць магчымым узвесці гэтую назву да лат. sîks ‘маленькі, дробны’, siklis, siklins ‘маленькі лясок’, sīkuļa, sīkuļe ‘маленькая, дробная жывёліна’, што з-за шырокай распаўсюджанасці назваў у славянскім свеце не пераконвае, гл. Анікін, Опыт, 276–277. Ён жа мяркуе пра змяшэнне назваў, матываваных каранямі sik‑ ‘мачыцца’ і sik‑/syk‑ ‘шыпець’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)