Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да 28.6.1944 у Лепельскім р-не Віцебскай вобл. Аб’ядноўвала 24 групы (241 чал.) у г. Лепель (кіраўнік А.А.Марунька), вёсках Ворань (М.М.Александровіч), Гарадчэвічы (С.А.Будкевіч), Губіна (Марунька), Загорцы (А.П.Ярашэўскі), Заслаўкі (П.К.Пацей), Кісцялёва (С.В.Шнітка), Ляхавічы (К.А.Яско), Радунь (П.В.Хацько), Саснягі (Г.Ф.Шатыронак), Свядзіца (С.А.Пад’ельскі) і інш. У друкарні, створанай сумесна з партызанамі, выдавалі лістоўкі, плакаты, адозвы, газ. «Калгасная праўда» Лепельскага і газеты Бешанковіцкага, Ветрынскага, Чашніцкага і Ушацкага падп. райкомаў. Падпольшчыкі ўдзельнічалі ў вызваленні з лагера смерці сав. ваеннапалонных, забяспечвалі іх акупац. дакументамі, уладкоўвалі на працу, перапраўлялі да партызан; зрывалі пастаўкі харчавання для ням. арміі; вялі антыфаш. прапаганду сярод салдат варожых фарміраванняў; праводзілі дыверсіі на чыгунцы. Вясной 1943 здабылі і перадалі партызанам план фаш. карнай аперацыі «Котбус». За час акупацыі загінула 70 падпольшчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКАЕ ЎЗВЫ́ШША.
На Пд Віцебскай вобл., паўд.-ўсх.ч.Ушацка-Лепельскага ўзвышша. Працягласць з Пн на Пд 20 км, з 3 на У ад 6 км (на Пн) да 24 км (на Пд). Найб.выш. 279 м (за 6 км на ПнУ ад в. Новыя Валосавічы Лепельскага р-на. У тэктанічных адносінах Л.ў. прымеркавана да паўн.-ўсх. схілу Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты асадкавым чахлом з парод верхняга пратэразою, верхняга дэвону і антрапагену. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць 70—100 м) складзена з адкладаў бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Сучасны рэльеф створаны на Пн паазерскім, на астатняй тэрыторыі сожскім ледавікамі. Ледавікова-акумуляцыйны сярэдне- і буйнаўзгорысты рэльеф пашыраны ў цэнтры і на У узвышша. Валападобныя і купалападобныя марэнныя ўзгоркі выш. 15—30 м, радзей 40 м утвараюць грады, арыентаваныя на ПнУ, на У — у паўд.-ўсх. напрамку. Узгоркі і грады падзяляюцца лагчынамі сцёку расталых ледавіковых вод; характэрны западзіны тэрмакарставага і суфазійнага паходжання. На крайнім У трапляюцца невял. азёрныя катлавіны. У зах.ч. ўзвышша дробнаўзгорысты, месцамі платопадобны рэльеф з ваганнямі адносных вышынь да 5—10 м. Узвышша складзена з валунных супескаў і суглінкаў, месцамі з пясчана-галечнага матэрыялу. У цэнтр.ч. маламагутнае покрыва (да 0,5 м) з лёсападобных суглінкаў. Рачная сетка належыць да бас.Зах. Дзвіны. Гал. рэкі Свядзіца і Байна (прытокі Эсы), Ула, Лукомка. Азёры Турыцкае, Сарочынскае, Слідзец і інш. Глебы дзярнова-палева-падзолістыя, сярэднеападзоленыя на лёсападобных суглінках, дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя на водна-ледавіковых лёгкіх суглінках, дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя глебы на сярэдніх і лёгкіх марэнных суглінках, дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя на водна-ледавіковых і марэнных супесках. У цэнтр. ч. ўзвышша лясістасць 10—15%, лясы шыракаліста-яловыя зеленамошна-кіслічныя з дамешкамі дубу, ліпы, таксама шэраальховыя злакавыя; на З лясістасць да 30%, пашыраны больш буйныя масівы хваёвых кусцікава-зеленамошных лясоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКІ РАЁН.
На Пд Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,8 тыс.км². Нас. 25,6 тыс.чал. (1998, без г. Лепель). Сярэдняя шчыльн. 14 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Лепель. Уключае 232 сельскія нас. пункты, 12 сельсаветаў: Баброўскі, Бароўскі, Валосавіцкі, Горскі, Домжарыцкі, Заазерскі, Каменскі, Лепельскі, Пышнянскі, Слабадскі, Стайскі, Сушанскі.
Паўд.-зах.ч. раёна размешчана ў межах Верхнебярэзінскай нізіны, паўн.зах. — Пышнагорскага ўзвышша, паўд.-ўсх. — Лукомскага ўзвышша. Паверхня пласкахвалістая. Пераважаюць выш. 150—170 м, найвыш. пункт 279 м (за 6 км на ПнУ ад в. Новыя Валосавічы). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, пясчана-жвіровыя сумесі, гліны, мінер. вада. Сярэдняя т-растудз. -7,2 °C, ліп. 17,9 °C. Ападкаў 638 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. На тэр. раёна часткова праходзіць водападзел паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Найб. рэкі: Эса з прытокамі Байна, Свядзіца і Бярэшча; Ула, Зеха; на мяжы з Докшыцкім р-нам цячэ Бярэзіна з прытокам Сергуч. У Л.р. 137 азёр з назвамі і 70 без назваў, найбольшыя: Лепельскае, Окана, Бярэшча, Ворань, Домжарыцкае, Бобрыца, Тэкліц, Астроўна. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (54,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23%), тарфяна-балотныя (13,2%) і інш. Лясы займаюць 43% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя і чорнаальховыя. Найб. лясістасць на З і ПдЗ у межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Балоты займаюць 10% тэрыторыі, найб.Домжарыцкае балота. Заказнікі гідралагічныя мясц. значэння: Жабінка, Плінтаўка, Пунькі, Слабадское, Вольны Бор П, Какісіна, Кляцішча. Помнікі прыроды: рэсп. значэння Цар-дуб (400 гадоў) у в. Тадуліна, мясц. значэння парк «Фатынь» каля в. Радунь.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 62,3 тыс.га, з іх асушаных 15,9 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 11 калгасаў, 6 саўгасаў, Віцебская сортавыпрабавальная станцыя, 15 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочнамясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, ільнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў (цэгла), першаснай апрацоўцы лёну і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Орша—Лепель, аўтадарогі Мінск—Віцебск, Мінск—Полацк, Орша—Лепель, Лепель—Ула, Лепель—Докшыцы і інш. У раёне 21 сярэдняя, 3 базавыя, 7 пач., 6 муз., 3 дзіцяча-юнацкія спарт. школы, школа алімп. рэзерву па веславанні, Лепельскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, ПТВ, 34 дашкольныя ўстановы, 27 дамоў культуры і клубаў, 27 б-к, 6 бальніц, ваенны шпіталь, 2 паліклінікі, 7 амбулаторый, 19 фельч.-ак. пунктаў, 2 санаторыі (ваенны і дзіцячы), будуецца дзіцячы рэабілітацыйны цэнтр. Помнік гідратэхн. буд-ваБярэзінская водная сістэма. Выдаецца газ. «Лепельскі край».