Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў ДО́МУ САПЕ́ГАЎ»
(«Archiwum domu Sapiehów»),
зборнік дакументаў з радавога архіва Сапегаў у Красічыне (каля Перамышля) за 1575—1606. Выдадзены ў 1892 у Львове. Змешчана 625 лістоў (на польск. мове), з іх 279 належалі канцлеру ВКЛ Л.Сапегу. Уключаны таксама эпісталярныя помнікі з нясвіжскага архіва Радзівілаў, бібліятэк Варшавы, Кракава, Пецярбурга. Лісты прысвечаны дзярж.-паліт., адм., гасп. і сямейна-бытавым справам. Ёсць звесткі пра адносіны ВКЛ з Маск. дзяржавай, крымскімі татарамі, запарожскімі казакамі, Польшчай, Англіяй, рымскімі папамі, пра Брэсцкую унію 1596, правасл. брацтвы, палемічнае кнігадрукаванне, паўстанне С.Налівайкі 1595—96 і інш.
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
БЫ́ХАВА АБАРО́НА 1707.
Адбывалася ў час Паўночнай вайны 1700—21 супраць рас. войскаў. Пасля ўзяцця Старога Быхава казакамі і войскамі ВКЛ у кастр. 1702 (гл.Быхава аблога 1702) ген. артылерыі К.Сяніцкі (Сініцкі-Бонч) фактычна стаў адзіным правіцелем Быхаўшчыны. Пасля прыбыцця ў Быхаў войскаў яго брата — падстолія ВКЛ, палкоўнікаў Ліндорфа і Берлінкурта Сяніцкі ўзняў мяцеж супраць Аўгуста II. Пра сваё выступленне Сяніцкія паведамілі прыхільнікам Сапегаў і шведскаму каралю Карлу XII і прасілі яго прыйсці на Бел. Падняпроўе. У адказ Пётр І накіраваў некалькі дзесяткаў рас. палкоў. Некалькі дзён кругласутачна вялася бамбардзіроўка Быхава. Вял. разбурэнні, пажары і адсутнасць дапамогі ад Сапегаў і Карла XII вымусілі Сяніцкіх пайсці на перагаворы аб капітуляцыі. Пасля здачы горада і замка Сяніцкіх вывезлі ў ссылку, артылерыя Быхава адпраўлена ў Кіеў. Рас. гарнізон стаяў у Быхаве больш за 7 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́ВІЧЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Корчак». Вядомы з 15 ст. У 16—18 ст. мелі маёнткі ў Віцебскім ваяв., Гродзенскім, Браслаўскім, Ковенскім пав., на Валыні. Найб. вядомыя:
Павел Юр’евіч, дваранін каралеўскі ў 1556, падкаморы гродзенскі ў 1568, архімандрыт гродзенскі і супрасльскі ў 1568—80. Андрэй Францішак (?—1682), староста гродзенскі з 1652, кухмістр ВКЛ з 1657, адначасова гараднічы віленскі ў 1657—65, пісар вялікі ВКЛ з 1658 і інш.Аляксандр (каля 1622—30.11.1686), царк. дзеяч, сакратар каралеўскі, рэгент вял. канцылярыі ВКЛ. Біскуп смаленскі (з 1672), віленскі (з 1684). Рыгор Юзаф (? — пач. 1724?), харунжы ў 1699—1700 і падстароста ў 1699—1704 гродзенскі, палкоўнік каралеўскі ў 1701, староста гродзенскі з 1706, лоўчы ВКЛ з 1710. Прыхільнік Сапегаў. У час.Паўн. вайны 1700—21 ваяваў супраць шведаў, потым на баку Станіслава Ляшчынскага. Пасля рэстаўрацыі Аўгуста II у 1709 ваяваў супраць шведаў і Сапегаў, выступаў за вывад рас. войск з ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАЙКЕ́ВІЧ (Ян Андрэй Гінтоўскі) (1599 ці 1609—1674),
бел. і польскі пісьменнік, педагог, царкоўны дзеяч. Са шляхецкага роду Андрайкевічаў герба «Побуг» Ваўкавыскага пав. Быў рэктарам Полацкага езуіцкага калегіума. Аўтар «Мемарыяла бессмяротнай памяці...» (Вільня, 1667), дзе змешчаны партрэты і гербы Сапегаў, а таксама твора «Гарчычнае зерне горкай пакуты... Хрыста...» (Вільня, 1673), перавыдадзенага ў Вільні (1688, 1757), Замосці (1701), Калішы (1746, 1756), Кракаве (1881); у 1719 перакладзены на ням. мову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкар. кераміка 15—18 ст., знойдзеная пры археал. раскопках замка і пасада ў г. Заслаўе (Мінскі р-н). Выяўлена каля 2000 цэлых вырабаў і фрагментаў, а таксама рэшткі 11 кафляных печаў 16—17 ст. Паводле тэхналогіі вырабу падзяляецца на групы: гаршковыя кафлі з крыжападобным, цыліндрычным або квадратным вусцем (15—1-я пал. 16 ст.); каробчатыя тэракотавыя, мураўленыя і паліхромныя кафлі (16—18 ст.), якія паводле формы і прызначэння былі сценныя (вонкавыя і вуглавыя), паясныя, карнізныя, а таксама калонкі, медальёны і навершы-каронкі для печаў. Вядома больш за 60 відаў і варыянтаў малюнкаў — геральдычныя, партрэтныя, сюжэтныя, з расл. і геам. арнаментамі, пашыранымі на Беларусі і ў Літве. Для З.к. 16 ст. характэрны рэльефныя малюнкі з партрэтнымі выявамі (падобныя кафлі знойдзены пры раскопках Віленскага і Лагойскага замкаў, Троіцкага прадмесця ў Мінску), з выявамі гербаў тагачасных уладароў Заслаўя магнатаў Глябовічаў, Сапегаў, узброеных коннікаў, грыфонаў, ільвоў.
Літ.:
Заяц Ю.А. Заслаўская кафля. Мн., 1990;
Яго ж. Заславль в эпоху феодализма. Мн., 1995.
Ю.А.Заяц.
Да арт.Заслаўская кафля. Кафлі: злева — з выявай конніка, 17 ст.; з выявай герба Сапегаў, 2-я пал. 17 ст.; справа — вуглавая, канец 16 ст.; карнізная, канец 16 ст.