ВЯНО́К САНЕ́ТАЎ,

вершаваны твор з 15 санетаў, адна з цвёрдых страфічных формаў. Кампазіцыйнай асновай вянка санетаў з’яўляецца апошні санет — магістрал. Звычайна ён пішацца раней за іншыя, бо яго радкі ў строгай паслядоўнасці замыкаюць папярэднія санеты: 1-ы санет пачынаецца 1-м і канчаецца 2-м радком магістрала, 2-і адпаведна 2-м і 3-м радком і г.д.; 14-ы санет пачынаецца апошнім і канчаецца 1-м радком магістрала. Вядомы з эпохі барока. Надзвычай складаная форма, якая вымагае дасканалага паэт. майстэрства. Першы бел. вянок санетаў напісаў А.​Салавей («Вянок першы», 1958), да гэтай формы звярталіся Н.​Гілевіч («Нарач»), Х.​Жычка («Абеліск»), А.​Сербантовіч («Васілёк», «Курганы»), Я.​Сіпакоў («Жанчына») і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 4, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сане́т

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. сане́т сане́ты
Р. сане́та сане́таў
Д. сане́ту сане́там
В. сане́т сане́ты
Т. сане́там сане́тамі
М. сане́це сане́тах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

sonnet [ˈsɒnɪt] n. сане́т;

a sonnet sequence вяно́к сане́таў

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

сане́т м., поэт. соне́т;

вяно́к сане́таў — вено́к соне́тов

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

вяно́к, ‑нка, м.

1. Упрыгожанне з кветак або галінак, сплеценых у кружок. Дзеці на сенажаці рвуць кветкі і ўюць вянкі. Пестрак.

2. Рад бярвенняў зруба. Стаяла некалькі зрубаў. На некаторых былі ўжо кроквы і латы, некаторыя былі даведзены толькі да верхніх вянкоў. Чорны. Вянок за вянком вырастаў зруб новай Тарэнтавай хаты. Галавач.

3. Тое, што і нізка ​1. Вянок грыбоў.

•••

Вянок санетаў — твор з пятнаццаці санетаў, звязаных паміж сабою так, што апошні радок аднаго санета паўтараецца ў першым радку наступнага, а пятнаццаты санет складаецца з першых радкоў усіх папярэдніх чатырнаццаці санетаў.

Гарохавы вянок — адмова ў каханні.

Лаўровы вянок — вянок з лісця лаўру як сімвал перамогі, узнагароды, трыумфу, што прысуджваецца, падносіцца пераможцам у спартыўных спаборніцтвах, артыстам і пад.

Цярновы вянок — сімвал мучэння, пакут (з евангельскага сказання пра калючы цярновы вянок, надзеты на Ісуса Хрыста перад яго распяццем на крыжы).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сане́т, ‑а, М ‑неце, м.

Лірычны верш з 14 радкоў — двух чатырохрадкоўяў і двух трохрадкоўяў з асаблівым размяшчэннем рыфмаў. Санет на беларускай мове гэтак жа лёгка і зграбна выражае і даносіць думкі і пачуцці, як санеты славутых італьянскіх і французскіх майстроў, сцвярджаў [М. Багдановіч]. Лойка.

•••

Вянок санетаў гл. вянок.

[Іт. sonetto.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДЗЮ БЕЛЕ́ ((Du Bellay) Жаашэн) (1522, Лірэ, каля г. Шале, Францыя — 1.1.1560),

французскі паэт. Адзін з кіраўнікоў літ. групы «Плеяда», у маніфесце якой «Абарона і праслаўленне французскай мовы» (1549) сфармуляваў шляхі абнаўлення франц. паэзіі — заснаванне новых жанраў, узбагачэнне моўных сродкаў, наследаванне ант. паэтам і інш. Аўтар зб. санетаў «Аліва» (1549—50) і зб. од «Лірычныя вершы» (1549). У 1553—57 жыў у Рыме, дзе стварыў свае лепшыя зб-кі санетаў «Старажытнасці Рыма» і «Шкадаванні», зб. од і элегій «Сельскія гульні» (усе апубл. 1558), якія перадаюць італьян. ўражанні паэта — яго адмоўнае стаўленне да каталіцкага Рыма, погляд на гісторыю развіцця чалавецтва, асуджэнне войнаў, туга па радзіме.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Поэзия Плеяды. М., 1984.

Літ.:

Виппер Ю.Б. Поэзия Плеяды. М., 1976.

т. 6, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНСА́Р ((Ronsard) П’ер дэ) (11.9.1524, замак Ла-Пасаньер; Францыя — 27.12.1585),

французскі паэт; прадстаўнік эпохі Адраджэння. Вучыўся ў Наварскім калежы ў Парыжы (1533—34). Быў прыбліжаны да каралеўскага двара. Узначальваў літ. групу «Плеяда», што адыграла значную ролю ў фарміраванні франц. нац. мовы і паэзіі. У першай кн. «Оды» (кн. 1—5, 1550—52) паспяхова здзейсніў праграму «ўзвышэння» франц. паэзіі. Пісаў любоўныя вершы: зб. санетаў «Любоўныя вершы да Касандры» (1552, нап. пад уплывам Ф.​Петраркі і італьян. паэтаў-неапетраркістаў), цыклы санетаў «Працяг любоўных вершаў» (1555), «Новы працяг любоўных вершаў» (1556), «Санеты да Алены» (1578). У зб-ках «Кніжка свавольстваў» (1553) і «Гай» (1554) звяртаўся да «нізкага» стылю, натуральнасці і прастаты. Філас. лірыка (зб. «Гімны», кн. 1—2, 1555—56) прысвечана Сусвету і Космасу, апявае навуку, законы чалавечага быцця і ідэальнага грамадскага ладу. У цыкле «Развагі пра няшчасці гэтага часу» (1560—62) адстойваў права паэта ўмешвацца ў грамадскае жыццё. У празаічным трактаце «Кароткі выклад паэтычнага мастацтва» (1565) сфармуляваў эстэт. прынцыпы, блізкія паэтыцы класіцызму. На бел. мову асобныя яго вершы пераклала Н.​Мацяш.

Тв.:

Бел. пер. — [Вершы] // Далягляды, 1989. Мн., 1989;

Рус. пер. — Лирика. М., 1963;

Избр. поэзия. М., 1985;

О вечном: Избр. лирика. М., 1996;

У кн.: Поэзия Плеяды. М., 1984.

Літ.:

Виппер Ю.Б. Поэзия «Плеяды»: Становление лит. школы. М., 1976.

А.​В.​Хадановіч.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЯЖЭ́НКА (Беліжэнка) Барыс Паўлавіч

(н. 5.6.1937, в. Промыслы Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт, журналіст. Скончыў БДУ (1965) і Мінскую ВПШ (1970). Настаўнічаў, працаваў у прэсе, на парт. рабоце. Друкуецца з 1958. Выдаў зб-кі вершаў «Крыгалом» (1973), «Жытнёвае поле» (1977). Асн. тэмы твораў — любоў да роднага краю, праблемы грамадскага жыцця сучаснікаў, мужнасць нар. мсціўцаў у Вял. Айч. вайну. Аўтар аповесці-дэтэктыва «Каляровыя фотакарткі» (1988), вянка санетаў «Вышыня» (1974), паэмы «Свята пумы» (1977), гумарэсак, песень, тэксту кантаты «Памяць роднага горада» (1974, муз. Я.​Касалапава) і інш.

т. 3, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЖБІ́ЦКІ ((Wierzbicki) Юзаф Станіслаў) (12.2.1853, в. Генрыкавец, каля г. Магілёў-Падольскі, Украіна — пасля 1932),

польскі паэт. Скончыў Кіеўскі ун-т. Працаваў адвакатам у Мінску. З 1918 у Польшчы. Аўтар драмы «З жыцця» (1880), зб-каў «Паэзія» (т. 1—2, 1882—84), «Рапсодыі» (1901), «Да сонейка» (1905), «Атлантыда» (1910), «Кніга санетаў» (1922). Зб-кі «На світанку» (1898), «Кніга маўчання» (1914, выдадзены ў Мінску). Паэма «Ганка. Падольская аповесць» (1888) пра трагічнае каханне маладых людзей, раздзеленых класавымі межамі. Вяжбіцкі зазнаў уплыў гіст. школы і пострамантызму, яго творам уласцівыя актуальнасць праблематыкі, публіцыстычнасць.

В.​В.​Саладоўнікаў.

т. 4, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)