Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ БУГ, Буг,
рака на тэр. Украіны, Беларусі і Польшчы, левы прыток. Нараў. Даўж. 772 км, у межах Беларусі 154 км. Пл. вадазбору 39,4 тыс.км², у межах Беларусі каля 10 тыс.км². Пачынаецца на зах. схілах Падольскага ўзв. каля в. Верхабуж Золачаўскага р-на Львоўскай вобл. Украіны. У сярэднім цячэнні праходзіць па Брэсцкім Палессі і Прыбугскай раўніне (на значным працягу пагранічная). Упадае ў Зягжынскае вадасх. на р. Нараў (Польшча). Асн. прытокі: Луга (Украіна), Капаёўка, Мухавец, Лясная, Пульва (Беларусь), Нужац (Польшча) — справа; Рата, Салокія, Уладаўка, Кшна, Лівец (Польшча) — злева. У верхнім цячэнні даліна выразная, шыр. 1—3 км, у сярэднім цячэнні (у межах Беларусі) невыразная, шыр. 3—4 км, на ніжнім участку выразная, шыр. 1—1,5 км. Пойма ў верхнім і ніжнім цячэнні вузкая, перарывістая, у сярэднім — нізкая, шырокая, часта зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Рэчышча звілістае, шматрукаўнае, шыр. 10—20 м у вярхоўі, ніжэй 50—80 м, на асобных участках 200—300 м. Ледастаў з 2-й паловы снеж. да сярэдзіны сакавіка. Веснавое разводдзе доўжыцца 1—2 месяцы. Летам і ўвосень назіраюцца дажджавыя паводкі, зімой мяшаныя (ад адліг і дажджоў). Межань кароткая, перарывістая. Сярэднегадавы расход вады на мяжы Украіны і Беларусі каля 50 м³/с, у вусці 145 м³/с. Праз Мухавец, Дняпроўска-Бугскі канал, р. Піну. З.Б. злучаны з р. Прыпяць; праз р. Нараў з р. Чорная Ганча (прыток р. Нёман). Суднаходства ніжэй Брэста. На рацэ гарады Буск, Каменка-Бугская, Чырванаград, Сакаль (Украіна), порт Брэст (Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КЕ́РЗАНА ЛІ́НІЯ»,
умоўная назва ўсх. мяжы Польшчы ў 1920 — сак. 1921. Праведзена прыбл. паводле этнічнага прынцыпу паміж Польшчай, Беларуссю і Украінай. Праходзіла праз Гродна—Ялаўку—Нямірава—Брэст-Літоўск—Драгунск—Усцілуг — на У ад Грубешава, праз Крылаў і далей на З ад Равы-Рускай, на У ад г. Перамышль (Пшэмысль) да Карпат. Прапанавана 8.12.1919 Вярх. саветам Антанты. Названа па імю Дж.Н.Керзана, які ў час сав.-польск. вайны 1920 па даручэнні Вярх. савета Антанты 11.7.1920 прапанаваў сав. ўраду спыніць наступленне Чырв. Арміі па гэтай лініі, прызнанай у ліп. 1920 і польск. урадам як усх. мяжа Польшчы на канферэнцыі ў Спа (Бельгія). Аднак у выніку змены ваен. сітуацыі на карысць Польшчы яе ўрад адмовіўся ад сваіх абавязацельстваў. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 польска-сав. граніца праходзіла значна далей на У ад «К.л.» і ўключала Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну ў склад Польшчы. У адпаведнасці з сав.-герм. дагаворам ад 28.9.1939 зах. мяжа СССР на бел. участку праходзіла крыху на З ад «Кл.», а на ўкр. участку прыбл. адпавядала ёй (Перамышль адышоў да СССР). Крымская канферэнцыя 1945 вызначыла, што ўсх. мяжа Польшчы павінна праходзіць уздоўж «Кл.». У адпаведнасці з сав.-польск. дагаворам ад 16.8.1945 паміж СССР і Польшчай устаноўлена дзярж. граніца, больш набліжаная да «Кл.», але з некаторымі адступленнямі на карысць Польшчы; на У ад яе да Польшчы перайшлі землі басейнаў рэк Зах. Бугу і Салокія, а таксама ч. Белавежскай пушчы. Польска-бел. дагавор ад 25.6.1991 пацвердзіў існуючыя межы паміж абедзвюма дзяржавамі.
Літ.:
Волаціч М. Лінія Керзона на фоне падзеяў і тэрытарыяльных зьменаў у Усходняй Еўропе // Спадчына. 1993. № 5—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКІ ДАГАВО́Р 1945, Дагавор аб савецка-польскай дзяржаўнай граніцы паміж СССР і Польшчай,
падпісаны 16.8.1945 у Маскве нам. Старшыні СНКСССР В.М.Молатавым і Старшынёй СМ Польскай Рэспублікі Э.Асубка-Мараўскім замест пагаднення ад 26.7.1944 паміж урадам СССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення. Заключаны ў адпаведнасці з сав.-польск. дагаворам ад 21.4.1945 (гл.Савецка-польскія дагаворы і пагадненні). Вызначыў дзярж. граніцу паміж СССР і Польшчай згодна з рашэннямі Крымскай канферэнцыі 1945 уздоўж «Керзана лініі» з адхіленнямі ад яе на карысць Польшчы ў некат. раёнах на 5—8 км. Пры гэтым Польшчы дадаткова ўступаліся землі на У ад «Керзана лініі» да рэк Зах. Буг і Салокія, на Пд ад г. Крылаў з водступам на карысць Польшчы максімальна на 30 км (тэр. Украіны); частка Белавежскай пушчы на ўчастку Няміраў—Ялаўка на У ад «Керзана лініі», уключаючы Няміраў, Гайнаўку, Белавежу і Ялаўку, з водступам на карысць Польшчы максімальна на 17 км (тэр. Беларусі). Усяго ад БССР адыходзілі 17 раёнаў Беластоцкай вобласці з г. Беласток і 3 раёны Брэсцкай вобл. (частка Белавежскай пушчы) — тэр. плошчай 14,3 тыс.км² з прыбл. 638 тыс. жыхароў (паводле польск. перапісу 1946), сярод якіх было 61% католікаў, 23% праваслаўных. 15% іудзеяў (даныя 1921). Польшча перадавала БССР 15 вёсак, населеных пераважна беларусамі. 20.8.1945 Вярх. СаветБССР прыняў пастанову аб перадачы Польшчы б.ч. зямель Беластоцкай вобл. Дагавор ратыфікаваны Краёвай Радай Нарадовай 31.12.1945 і Прэзідыумам Вярх. Савета СССР 13.1.1946. Ён прадугледжваў таксама стварэнне змешанай камісіі па дэмаркацыі граніцы (знаходзілася ў Варшаве), якая працавала з мая 1946 і скончыла дэмаркацыю граніцы ў крас. 1947. У 1946—55 граніца паміж БССР і Польшчай па рашэнні сав. ўрада 4 разы адсоўвалася на У. Польшчы былі перададзены некалькі дзесяткаў вёсак Сапоцкінскага, Бераставіцкага і Свіслацкага р-наў, жыхары якіх былі пераважна католікамі. Падрыхтоўка, падпісанне і ратыфікацыя дагавора ажыццяўляліся без удзелу прадстаўнікоў БССР. Ён не абмяркоўваўся ў вышэйшых органах дзярж. улады Беларусі, чые нац.-дзярж. інтарэсы непасрэдна закранаў. Дагавор парушаў палажэнні Канстытуцыі СССР 1936 і Канстытуцыі БССР 1937, што патрабавалі згоды саюзнай рэспублікі на змену яе граніц. З пункту гледжання міжнар. права дагавор быў чарговым падзелам тэр. Беларусі, якая паводле рашэнняў Сан-Францыскай канферэнцыі 1945 уваходзіла ў склад дзяржаў — заснавальніц ААН. Разам з тым паводле дагавора аб добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча ад 23.6.1992 бакі пацвердзілі існуючую паміж імі граніцу, вызначаную дагаворам ад 16.8.1945.
Літ.:
Волаціч М. Насельніцтва Заходняй Беларусі і яго перасяленьне між сучаснай Польшчай і БССР // Беларускі зборнік. Мюнхен, 1956. Кн. 4;
Снапкоўскі У.Е. Міжнародныя аспекты вызначэння савецка-польскай мяжы ў 1943—1945 гг. // Бел.гіст.часоп. 1994. №3;Мірановіч Я Навейшая гісторыя Беларусі. Беласток, 1999.